Акцэнты ў рабоце вызначаны

Закон и порядок

Праведзены летась маніторынг грамадскіх меркаванняў аб рабоце Валожынскага РАУС паказаў, што большасць жыхароў раёна давяраюць міліцыі. Аднак каля 10 працэнтаў апытаных былі незадаволены праявамі фармалізму, раўнадушша і грубіянства сярод супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Негатыўныя факты будуць разгледжаны, каб у далейшым іх не дапускаць.

У мінулым годзе ўзровень злачыннасці ў раёне павялічыўся. Калі ў 2015-м было ўчынена 309 крымінальных дзеянняў, то ў 2016-м – 360. Больш узбуджана крымінальных спраў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Назіраецца рост крадзяжоў і нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. А вось згвалтаванняў і разбояў не зафіксавана, менш адбылося забойстваў, грабяжоў, выкраданняў транспартных сродкаў.

Аналіз паказвае, што часцей на парушэнне закону ідуць мужчыны. Летась у спіс злачынцаў трапілі 127 прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва і 12 жанчын. Павышаная антыграмадская актыўнасць назіраецца ва ўзроставай групе ад 18 да 25 гадоў. Больш за 25 працэнтаў ад усіх злачынстваў на сумленні менавіта такіх маладых людзей. Другое месца ў гэтым “рэйтынгу” займаюць грамадзяне ва ўзросце ад 41 да 50 гадоў (17,3 працэнта). Умоўны партрэт асобы з крымінальнай біяграфіяй можна дапоўніць яшчэ наступнымі характарыстыкамі: не вучыцца і не працуе.

Супрацоўнікамі ўнутраных спраў у 2016 годзе раскрыты 158 злачынстваў, зарэгістраваных па лініі крымінальнага вышуку, раскрыццё складае 59,8 працэнта, што крыху ніжэй, чым у 2015 годзе (60,3 працэнта).

Летась найбольшая колькасць крымінальных дзеянняў дапушчана ў Валожыне (43) і на тэрыторыі Ракаўскага сельсавета (87). Нізкія вынікі па папярэджанні і раскрыцці правапарушэнняў у Гародзькаўскай зоне. Рост злачыннасці зафіксаваны ў 7 адміністрацыйных участках з 9-і, зніжэнне назіраецца ў Валожыне і на тэрыторыі Валожынскага сельсавета.

Ажыццяўляючы мерапрыемствы па пошуку тых, хто хаваецца ад праваахоўных органаў, даўжнікоў і без звестак прапаўшых, устаноўлена месцазнаходжанне 12 асоб. Працягваюцца пошукі аднаго злачынцы, шасці без звестак прапаўшых, двух даўжнікоў па грамадзянскіх справах.

У 2016 годзе ў раёне выяўлены 12 фактаў незаконнага абароту наркотыкаў, іх збыту, а таксама схілення да ўжывання наркотыкаў. Зафіксаваны 3 злачынствы ў сферы нораваў.

Што датычыцца выяўлення і раскрыцця злачынстваў па эканамічнай лініі, то іх у мінулым годзе зарэгістравана 27, што на 8 больш, чым у папярэднім. Акрамя таго, выяўлены 8 злачынстваў карупцыйнай накіраванасці. Усяго з незаконнага абароту канфіскаваны 65000 рублёў.

Знізілася колькасць крадзяжоў шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі. У асноўным гэта крадзеж грошай з разліковых картак, але назіраецца і распаўсюджванне шкоднага праграмнага забеспячэння. Выкрыццё такіх злачынстваў склала 60 працэнтаў.

У справаздачным перыядзе зменшылася колькасць злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення, у сямейна-бытавой сферы, групавых.

Актыўна вялася ў мінулым годзе барацьба з самагонаварэннем і іншымі правапарушэннямі, звязанымі з незаконным абаротам алкагольнай прадукцыі. Канфіскавана 296,6 літра самагону, 7020 літраў брагі, 187 літраў іншых спіртных напояў, знішчана 16 самагонных апаратаў. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіраваны 53 чалавекі, у тым ліку 8 жанчын.

Па-ранейшаму складаным застаецца пытанне дарожнай бяспекі. Летась адбылося 29 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 7 чалавек, 27 – атрымалі раненні. Двойчы віноўнікамі аўтааварый станавіліся нецвярозыя вадзіцелі, праўда, яны не жыхары раёна. Вадзіцелямі з валожынскай прапіскай учынена 14 ДТЗ. Асноўнымі прычынамі трагедый на дарогах станавіліся: няправільны выбар хуткасці, знаходжанне пешаходаў на праезнай частцы дарогі ў цёмны час сутак без святлоадлюстроўваючых элементаў. З мэтай падтрымання бяспекі на дарогах выяўлеы 8444 парушэнні Правілаў дарожнага руху, за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення затрыманы 122 вадзіцелі.

Вынікі праведзенай за год работы былі агучаны на сходзе з удзелам адказных службовых асоб раёна і вобласці.

Ігар ШАКУН,

начальнік Валожынскага РАУС



Добавить комментарий