Наш герой Расii

Официально

10 лютага 1917 года ў сялянскай сям’і Аўдоцці і Мікалая Бацяноў з вёскі Чартавічы нарадзіўся хлопчык, якому быў наканаваны доўгі, поўны падзей і выпрабаванняў лёс. Сына бацькі назвалі Аляксеем. Сёння Герой Расіі Аляксей Мікалаевіч Бацян адзначае стагадовы юбілей…

Біяграфія яго гераічная. Першы раз сустрэцца ў баі з фашыстамі яму давялося ў верасні 1939 года ў складзе войска польскага, куды быў прызваны на тэрміновую службу. Пасля таго, як Польшча пацярпела паражэнне, а Заходняя Беларусь была далучана да СССР, Аляксей рашае вярнуцца на Валожыншчыну.

 

На гэтым шляху ён выпадкова сустракае свайго дзядзьку па мацярынскай лініі Змітрука Трапашку, які таксама прабіраўся да сваіх. Удваіх яны паспяхова прайшлі небяспечны шлях. Будучы разведчык уладкоўваецца працаваць настаўнікам. Захаваліся звесткі, што ў розныя часы выкладаў ён у школах Роўкавічаў, Няроў, Сакаўшчыны. Маладога, харызматычнага настаўніка заўважаюць супрацоўнікі савецкіх спецслужбаў і накіроўваюць на вучобу ў разведшколу НКУС.

Трэба адзначыць, што Аляксей Бацян з маленства вызначаўся дапытлівым розумам, здольнасцю да дакладных навук, пры гэтым яму лёгка даваліся і мовы, што значна пазней дапамагло  “легалізоўвацца” ў розных краінах свету. Магчыма, адбіліся гены бабкі Кацярыны, ураджэнкі Гардынава (дзявочае прозвішча Маляўская). Яна выкладала ўрокі рэлігіі ў нядзельнай школе пры новай, толькі пабудаванай царкве Св. Алены і Канстанціна. Дарэчы, муж Кацярыны, дзядуля Аляксея Раман Трапашка з Савяцевічаў устанавіў на купалах храма крыжы, а таксама выканаў шмат сталярных работ унутры памяшкання, бо быў майстрам на ўсе рукі. Дзяцінства Аляксея і прайшло ў доме дзеда і бабкі.

Малым ён быў спрытны. Сваякі і сёння ўзгадваюць, што з лёгкасцю даганяў зайцаў на полі і лавіў іх голымі рукамі.

У Маскве, ужо будучы слухачом разведшколы, ён перамагае ў спартыўным спаборніцтве па скачках у вышыню. Пры невысокім росце, без падрыхтоўкі. Проста арганізатары мерапрыемства прапанавалі ўсім жадаючым памерацца сіламі са спартсменамі. Тады Аляксей устанавіў рэкорд, нават не здымаючы цяжкіх салдацкіх ботаў. Праз дзесяцігоддзі разведчыкі СССР будуць жартаваць, што Бацян здольны “свечкай” выскачыць з ботаў і зноў вярнуцца ў іх. І ўжо сур’ёзна дабавяць, што калі на адну чашу вагаў пакласці заслугі Аляксея Мікалаевіча, а на другую – усе заслугі знешняй разведкі СССР, то перавага будзе на карысць яго аднаго…

Так гэта ці не, але ў тым, што немцам не ўдалося падарваць старажытны Кракаў, вынік работы дыверсійнай групы пад кіраўніцтвам Бацяна. У гэтым польскім горадзе нават стаіць помнік “Алёшу”. Тыя гераічныя падзеі леглі ў аснову мастацкай кінастужкі “Маёр Віхр”.

Пасля вайны А. М. Бацян працуе ў цэнтральным апараце знешняй разведкі, не раз прыцягваўся да выканання складаных і адказных заданняў за мяжой, адыграў не апошнюю ролю ў вырашэнні Карыбскага крызісу ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны I ступені, шматлікімі медалямі, а таксама нагрудным знакам “Ганаровы супрацоўнік дзяржбяспекі”. А ў маі 2007 года яму прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі.

Ужо будучы ў сталым узросце, Аляксей Мікалаевіч заставаўся маладым па духу, падтрымліваў выдатную фізічную форму. У 2007 годзе на многіх расійскіх тэлеканалах дэманстраваліся кадры, як дзевяностагадовы мужчына гуляе ў валейбол, займаецца спартыўным бегам. Але асабліва ўразіла, як ён страляе. “Я ніколі не цэліўся, – гаворыць Аляксей Мікалаевіч. – Проста адчуваў рэвальвер, як працяг рукі. І ніколі не мазаў…”

А. М. Бацян заўсёды з цеплынёй успамінае сваю радзіму, любіць бываць на Валожыншчыне, сустракаецца са сваякамі, наведвае могілкі. Ён жаданы госць і на афіцыйных прыёмах, некалькі гадоў меў працяглую гутарку з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Адзін з візітаў у Валожын Аляксей Мікалаевіч ехаў у якасці пасажыра з унукам свайго дзядзькі Змітрука, таксама Змітруком (Дзмітрыем) Трапашкам, які жыве ў Маскве. Ведаючы, што яго будуць чакаць і суправаджаць супрацоўнікі дзяржбяспекі, прапанаваў пасваволіць і “адарвацца” ад іх.

І гэта старому разведчыку з лёгкасцю ўдалося…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий