Агляд падзей у раённай газеце за люты 1972 года

09-12-2016-4

КАНВЕЕР УРАДЛIВАСЦI

Нават у лютаўскія дні шмат працоўных клопатаў у механізатараў саўгаса “Падбярэззе”.

…Першым рушыў з цэнтральнага вытворчага ўчастка на сваім трактары-пагрузчыку Станіслаў Іосіфавіч Саевіч. Ён трымаў курс да ўзбалацкіх тарфяных масіваў. Сюды ж накіроўваюцца 6 бартавых аўтамашын і адзін самазвал. План нарыхтоўкі арганікі для вытворчага ўчастка “Анцэлеўшчына” – 3170 тон. Ужо нарыхтавана 2100.

Яравы клін займае 140 гектараў. У разліку на кожны гектар нарыхтавана па 15 тон тарфагноевых кампостаў. Плануецца пад бульбу ўнесці на гектар па 60 тон арганікі, пад караняплоды – па 70, ячмень і кукурузу – каля 40.

Сярод шафёраў, якія заняты на дастаўцы тарфакрошкі і вывазцы кампостаў, разгорнута спаборніцтва. Першынство трымае шафёр самазвала Валянцін Антонавіч Сяргееў.

Старанна працуюць шафёры бартавых машын Пётр Іванавіч Кучынскі і Іван Сяргеевіч Станкевіч, кожны з якіх дастаўляе за дзень па 25 тон тарфакрошкі.

– З планавымі заданнямі 1971 года мы справіліся добра. Зерневых сабралі з гектара па 34 цэнтнеры, ільнасемя – па 7,3 цэнтнера, ільновалакна – 8,5, што адпаведна на 0,9 і 2,1 цэнтнера больш, чым прадугледжвалася сацыялістычнымі абавязацельствамі, – расказвае начальнік вытворчага ўчастка Зоя Макараўна Задора.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

У райцэнтры здадзены ў эксплуатацыю новы двухпавярховы будынак камбіната бытавога абслугоўвання. Першых кліентаў прынялі цырульнікі. Тут жа размесціцца цэх індывідуальнага пашыву, гадзіннікавая майстэрня, пункт прыёму адзення ў хімчыстку і афарбоўку і іншыя службы.

    Іосіфа Сільвестравіча Маляўскага ў калгасе “Рассвет” па праве называюць майстрам на ўсе рукі. Ён загадвае рамонтнай майстэрняй. А спатрэбіцца – сядзе на любую машыну.  У час жніва, напрыклад, працаваў на камбайне і ўбраў каля чатырохсот гектараў збажыны.

Курсы па падрыхтоўцы механізатарскіх кадраў, створаныя сёлета, паспяхова працуюць у саўгасе “Падбярэззе”. На іх займаюцца 13 лепшых рабочых гаспадаркі, такія, як Вацлаў Канашэвіч, Аляксандр Янкоўскі, Вацлаў Рудзіеўскі. Для іх – людзей, знаёмых з тэхнікай (яны былі памочнікамі камбайнераў, прычэпшчыкамі), – заняткі вядуцца па скарочанай праграме. Майстэрству валодаць трактарам вучыць механік Віктар Уладзіміравіч Бразоўскі, а іншымі сельскагаспадарчымі машынамі – загадчык майстэрні Генадзь Вітольдавіч Давыдзёнак.

    Адной з лепшых даглядчыц маладняку буйной рагатай жывёлы ў калгасе імя Чапаева лічыцца Марыя Іванаўна Дурко. За мінулы год кожнае цялё за дзень прыбаўляла ў вазе ў сярэднім па 600 грамаў. Марыя Іванаўна – руплівая працаўніца. Яна падтрымлівае ўсюды ўзорны парадак і асабістым прыкладам за сабой вядзе другіх жывёлаводаў.

 

ЗАПРАШАЕ “ЮНАЦТВА”

25 лютага гасцінна расчыніў дзверы новы тыпавы кінатэатр у райцэнтры.

    Сотні жыхароў прыйшлі сюды, каб паглядзець шырокаэкранную каляровую карціну студыі “Масфільм” “Маладыя”. Перад пачаткам фільма кожны з цікавасцю разглядаў, ацэньваў працу будаўнікоў з перасоўнай механізаванай калоны № 64. гэта іх рукамі ўзведзены абліцаваны чырвонай пліткай будынак. Прасторнае фае са шкла, мазаічная падлога. Дзве касы для продажу білетаў, шырокія шкляныя ўваходныя дзверы.

У глядзельнай зале кожнаму з чатырохсот гледачоў з любога месца бачны шырокі экран.

Бясшумна працуюць кандыцыянеры, падаючы зімой у памяшканне падагрэтае паветра, а ўлетку прыемна ахалоджанае вентылятарамі. Ёсць і сістэма ўнутранай цыркуляцыі паветра.

Можна меркаваць, што дырэкцыя здолее наладзіць тут адпаведнае абслугоўванне гледачоў. Не адмовяцца кінааматары ад магчымасці купіць асвяжальны напітак або цукеркі, марожанае.

 

УЗНАГАРОДЫ – АКТЫВIСТАМ

Таварышы па працы горача павіншавалі інжынера па кадрах раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” Аляксандра Рыгоравіча Трапашку з уручэннем яму нагруднага знака “За актыўную работу ў органах народнага кантролю”.

Актывіст з’яўляецца членам групы дазорных на прадпрыемстве. Разам з іншымі ён дапамагае выяўляць недахопы ў дзейнасці аб’яднання і ўхіляць іх.

Такой жа ўзнагароды ўдастоены ветэран калгаса “Краіна Саветаў” камуніст-пенсіянер Іван Іванавіч Загузаў. Члены групы, якую ён узначальвае, актыўна дапамагаюць дабівацца высокай якасці рамонту і выкарыстання тэхнікі, захавання тэрмінаў выканання палявых работ. Мабілізуюць хлебаробаў і работнікаў ферм на барацьбу са стратамі, за высокія працоўныя паказчыкі.

За плённую дзейнасць камітэт народнага кантролю СССР узнагародзіў Ганаровай граматай старшыню народнага камітэта народнага кантролю Леаніда Мікалаевіча Гірэйку, няштатнага інспектара Міхаіла Ціханавіча Брылеўскага, старшыню групы народнага кантролю калгаса “1 Мая” Міхаіла Міхайлавіча Палуянчыка, а таксама Аляксандра Маркелавіча Шэрышова з гарадскога пасёлка Івянец і Іосіфа Іванавіча Рая – галоўнага агранома калгаса “1 Мая”.

 

КАЛГАСНIКI АБЯЦАЮЦЬ

Сацыялістычныя абавязацельствы калгаснікаў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі калгаса імя Чапаева на 1972 год:

Атрымаць з кожнага гектара пасеваў па 34 цэнтнеры зерневых, па 230 – бульбы, па 255 – цукровых буракоў, па 6,1 – ільнасемя і па 8 цэнтнераў – ільновалакна.

Надаіць ад кожнай фуражнай каровы па 2650 кілаграмаў малака. Атрымаць ад ста галоў матачнага пагалоўя: 95 цялят, 1150 парасят. Нарыхтаваць для кожнай каровы сенажу па 5 тон, сіласу – 5 тон, караняплодаў – 2 тоны і бульбы – 2 тоны.

У вёсцы Лоск пракласці 500 метраў водаправоду, устанавіць некалькі калонак. Распачаць будаўніцтва двухкватэрнага дома.

 

ЯГО МАЙСТЭРСТВА

Больш як 18 гадоў працуе ў камбінаце бытавога абслугоўвання шавец Іван Уладзіміравіч Сівы.

На грудзях старога шаўца ззяе знак ударніка камуністычнай працы.

Работы майстар выконвае самыя разнастайныя: ад дробнага рамонту да індывідуальнага пашыву абутку. А гэта складаная, тонкая справа, якая патрабуе пастаяннага ўдасканальвання, прафесіянальнага майстэрства. З укараненнем новых матэрыялаў – пластмас і скуразамяняльнікаў – у апошнія гады многае змянілася ў тэхналогіі вырабу абутку. Прадукцыя І. У. Сівага заўсёды вызначаецца высокай якасцю.

Сваё майстэрства стары шавец перадае стараннаму, кемліваму вучню Валянціну Жукоўскаму і, галоўнае, Іван Уладзіміравіч здолеў не толькі навучыць юнака адрамантаваць боты або туфлі, але і шчыра палюбіць гэту патрэбную людзям справу.

 

ЛIШКI МАЛАКА – ДЗЯРЖАВЕ

Жыхары калгаса “Праўда” жыва адгукнуліся прыняць актыўны ўдзел у продажы малака дзяржаве.

Яго ўжо прададзена больш за 44 тоны. На рахунку Валянціна Іванавіча Гунько, Станіслава Кляменцьевіча Кебіча, Івана Якаўлевіча Урбановіча, алімпіяды Міхайлаўны Гунько – па 300-400 кілаграмаў малака.

Вынікі продажу сістэматычна падводзяцца на сходах, асвятляюцца ў насценным друку.

 

ШЭФСТВУЮЦЬ НАСТАЎНIКI

За шмат кіламетраў ад Валожына раскінуліся палеткі калгаса “Камсамолец” – самага аддаленага ад райцэнтра месца.

Вёска Суднікі не такая ўжо і вялікая, але жыхары яе не сумуюць. Днём – праца ў калгасе, а вечарамі можна схадзіць у клуб. Загадчыка ў клуба пакуль няма, але шэфства над ім узялі настаўнікі мясцовай школы. Стварылі свой калектыў мастацкай самадзейнасці, у які ўваходзяць у асноўным вучні завочнай школы – маладыя механізатары і паляводы калгаса. Ужо некалькі разоў выступілі з цікавай і разнастайнай канцэртнай праграмай. Стварылі свой хор у складзе 25 чалавек. Вясёлыя сцэнкі суправаджаюць народнымі і эстраднымі песнямі, вершамі, байкамі.

Асабліва актыўны ўдзел у падрыхтоўцы канцэртаў прымаюць лабарантка фермы В. М. Рамаховіч, шафёр М. А. Галабурда, палявод А. М. Кот. Вядуць праграму ветурач Р. М. Супрановіч і бібліятэкар Н. І. Бразоўская.

 

СТАРТ КАНЬКАБЕЖЦАЎ

Праведзена другое першынство раёна па канькабежным спорце.

У дзяўчынак дыстанцыю 500 метраў з вынікам 1 мінута 20,1 секунды выйграла Ала Ключынская, вучаніца валожынскай СШ № 2, адлегласць у 1000 метраў – Наташа Бялова, вучаніца першай валожынскай школы. Яна ж стала пераможцай у спаборніцтве.

У юнакоў ішла ўпартая барацьба за першынство паміж вучнямі СШ № 1 Генадзем Латышавым, Віцем Калабіным і вучнем другой школы Валодзем Каранеўскім. Пераможцам выйшаў Віця Калабін.

 

НА ШЧАСЦЕ ЖАНЧЫНАМ

    Шмат білетаў грашова-рэчавай латарэі было распаўсюджана сярод працаўнікоў нашага раёна ў мінулым годзе.

Напрыклад, К. Антонаў па навагодняй латарэі выйграў радыёпрыёмнік “ВФ-210”, А. Даўляшэвіч – матацыкл “ІЖ-Планета-2” коштам 624 рублі. Адзінаццаць тысяч пяцьсот рублёў – такая сума ўсіх гэтых выйгрышаў.

Напярэдадні ўсенароднага жаночага свята распаўсюджваецца новы выпуск грашова-рэчавай латарэі. Уладальнікі білетаў маюць магчымасць выйграць аўтамабілі “Жыгулі ВАЗ-2101”, “Масквіч-412”, халадзільнікі марак “ЗІЛ-Масква” і “Днепр-2”, пральныя машыны, радыёлы, акардэоны, магнітафоны, хусткі паўпуховыя, гадзіннікі ў залатым корпусе, паліто са штучнага футра, касцюмы, гарнітуры. Гэта – усё для жанчын.

 

ХТО Ж ВIНАВАТЫ?

Пенсіянер М. Сасноўскі з вёскі Слабада Дорскага сельсавета дзеліцца набалелым:

“Вось мы, працаўнікі сяла, вырошчваем хлеб. Сеем, аром, малоцім… А прыйдзецца купіць – праблема. Гэта проста крыўдна. Як убачым машыну з хлебам – бяжым як на пажар. А хто не здолее дабегчы – так і застаецца без яго. Больш за 160 гаспадарак абслугоўвае наш магазін, а хлеба завозяць толькі адну-дзве секцыі.

Здаецца, што мы жывём не на такім далёкім востраве, каб да нас было цяжка дабрацца. А вось у дастатковай колькасці хлеб не завозіцца, а то і зусім яго няма. Летам, напрыклад, праз 3-4 дні яго сюды дастаўлялі, а зараз і зусім забыліся. Шэсць дзён, ад 29 студзеня па 5 лютага, сядзелі без хлеба”.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars