На музычнай хвалі

Официально

Прайшоў раённы маладзёжны злёт. Яго арганізатары –  аддзел па справах моладзі райвыканкама і РК ГА “БРСМ”. Сям’я Жалток з Івянца з поспехам удзельнічала ў конкурсе.

У актавай зале таксама было святочна і ўрачыста, светла ад усмешак, весела ад жартаў, музыкі і танцаў, панавала самая сапраўдная казачная атмасфера. Адкрыў маладзёжны злёт старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Падзякі за актыўную работу, крэатыў і неардынарнасць ён уручыў маладым лідарам метадысту аддзела адукацыі райвыканкама Максіму Войтаву і псіхолагу ТЦСАН Алене Жданюк. Яшчэ сем падзяк маладым актывістам раёна былі ўручаны ад аддзела па справах моладзі і РК ГА “БРСМ”.

Мерапрыемства з першых музычных акордаў абяцала быць цікавым. Яно складалася з трох частак. І першай – музычнай – стаў фінальны этап раённага конкурсу “Хвіліна славы”. Паспрабаваць свае сілы і пазмагацца за права называцца самымі таленавітымі самадзейнымі артыстамі прыехалі з рэгіёнаў 9 удзельнікаў, сярод якіх былі не толькі выканаўцы-салісты, але і калектывы. Дарэчы, і ўзроставыя рамкі таксама не былі абмежаваныя. Нягледзячы на хваляванне, усе выглядалі дастойна, што вельмі ўскладніла працу журы, у якое ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В. І. Краўневіч, выкладчыца Валожынскай дзіцячай музычнай школы А. М. Лаўрыновіч і музычны кіраўнік гімназіі Н. М. Гаўрыс. Вылучыць лепшых сярод лепшых аказалася не так проста. А пакуль журы падлічвала балы і галасы гледачоў, усе змаглі ўбачыць прэм’еру выступлення музычнага творчага праекта “Першае каханне”. Пачынаючыя “КВНшчыкі” і публіку ўдала павесялілі, і прымусілі задумацца над многімі чалавечымі недахопамі і недарэчнасцямі ў паводзінах. Да таго ж у камандзе з’явіліся тры новыя таленты, знаёмства з якімі і адбылося ў час выступлення.

І вось – балы падлічаны, пераможцы конкурсу вызначаны, і слова прадастаўляецца журы. У выніку першае месца і галоўны прыз – кухонны камбайн – па праву дасталіся жывёлаводу СВК “Суднікаўскі” Тамары Багдановіч, якая выконвала песню з рэпертуару Алены Ваенгі. Менавіта гэта самадзейная артыстка, якая заўсёды, па яе словах, з’яўляецца душой кампаніі, пакарыла ўсіх сваёй весялосцю і звонкім голасам. Дыплом другой ступені атрымаў самы малодшы ўдзельнік конкурсу – чатырохгадовы Нікадзім Жалток з Івянца за песню пра сваю вялікую дружную сям’ю. Дапамагалі яму брацік Назар і сястрычкі Катажына і двухгадовая Аэліта, якая выйшла на сцэну з прыгожым цацачным мікрафонам. А ў зале падбадзёрвалі і шчыра ім апладзіравалі бацькі Таццяна Леанідаўна і Генадзій Альфонсавіч.

Напрыканцы мерапрыемства на сцэну завіталі Дзед Мароз, Снягурачка і Снегавік. Іх віншаванні і пажаданні аказаліся вельмі да месца ў перадсвяточны вечар. Менавіта гэтыя персанажы ў выкананні Максіма Войтава, Марыі Станкевіч і Ганны Канановіч прадставілі на суд гледачоў праграму, з якой сталі прызёрамі рэспубліканскага агляду-конкурсу “Ёлка-фэст-2010”.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *