Чужыя родныя

Культура

Марыя ў бацькоў была познім дзіцем. Адзіным і… нежаданым. Што ж, бывае і так… Бацька моцна піў, маці, ці то з гэтай бяды, ці то з прычыны прыроджанага эмацыянальнага дэфіцыту, на дачку з самага нараджэння не звяртала ўвагі. Дзяўчынку даглядала бабуля. Менавіта яна ахінула дзіця любоўю, клопатам і ласкай.

Напэўна, і сотай часткі тых непрыемнасцей, што выпалі на яе долю, не зведала б юная Марыйка, каб у дзесяцігадовым узросце не страціла адзінага роднага чалавека – не старая яшчэ бабуля раптоўна захварэла і памерла. Родныя катэгарычна адмовіліся забраць адзіную дачку да сябе. Бацька зразумела па якой прычыне – яго ні на дзень не выпускаў са сваіх абдымкаў зялёны змей. Здзіўляюць паводзіны маці – жанчыны без гэтай шкоднай звычкі. Яна нават чуць не хацела пра тое, каб клапаціцца аб кімсьці іншым, акрамя сябе любімай…

Марыя апынулася ў інтэрнаце. Так званыя бацькі ўласнымі рукамі падпісалі адмову ад яе. А, між іншым, дзяўчынка доўга чакала, што яны перадумаюць. У яе асабістай справе нават зафіксаваны некалькі эпізодаў, калі ўцякала з установы. Куды? Дадому.

Яна старанна вучылася. Хоць не ўсе прадметы даваліся, усё ж імкненне даказаць, што не слабачка, перамагло. Скончыла школу з вялікім жаданнем атрымаць прафесію. Але як, за што? У чарговы раз наведала бацькоў, а мо дапамогуць? Вынік, як і раней, – ты нам не патрэбна. Але ёй пашанцавала на добрых людзей. Прапанавалі працу на льнозаводзе. Два гады старанна шчыравала ў адной змене з дарослымі, вопытнымі жанчынамі, а зарплату пераводзіла на ашчадную кніжку. Мара спраўдзілася – дзяўчына паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум, вывучылася на бухгалтара, працаўладкавалася ў калгас.

За ўвесь час, што тулялася па інтэрнатах і кватэрах, бацькі на сувязь з ёй не выходзілі, нават капейкай не дапамаглі. А дарослая дзяўчына неяк у адзін момант адчула – яны ўжо і не патрэбны. У гэты час у яе жыцці з’явіўся Мікалай. Спачатку было сяброўства, пазней прыйшло каханне… Вяселле маладым дапамаглі зладзіць бацькі жаніха. Менавіта яны пэўны час падтрымлівалі сям’ю матэрыяльна. Гаспадарка, у якой працавалі муж і жонка, выдзеліла ім дом, не новы, але жыць можна. Як маглі і наколькі дазвалялі сродкі, адрамантавалі жыллё. Нарадзіліся дзеці, спачатку хлопчык, пасля дзве дзяўчынкі. Людзі аб зменах у асабістым жыцці Марыі дакладалі пастарэлым бацькам, можа зацікавяцца? Ды дзе там!

Марыя, якая з дзяцінства не прывыкла спадзявацца на сваякоў, больш ніколі не прэтэндавала на іх падтрымку, яны даўно сталі для яе былымі. Але аднойчы з тэлефоннай трубкі пачула амаль забыты голас: “Ты слухай, тут такая справа, маці памерла. Ты ж давай там старайся, пахаваць жа трэба…” Першым памкненнем жанчыны было – кінуць трубку, сказаўшы іх улюбёнае: “А мне што за справа?” Але ж, параіўшыся з мужам і свекрывёй, вырашыла арганізаваць пахаванне. Самымі балючымі для жанчыны сталі абгаворы, што недастаткова шыкоўныя памінкі наладзіла па “матулі”. Але ж цярплівая жанчына перажыла і гэту несправядлівасць.

Выпрабаванні працягвалі праследаваць сям’ю. У дзевяностых і муж, і жонка сутыкнуліся з тым, што па паўгода не атрымлівалі зарплату, былі скарачэнні і пошукі работы. Пазней яшчэ адна бяда – у аўтамабільнай аварыі моцна паламаў ногі гаспадар. Калі ж больш-менш усё ўправілася, пачалі хварэць дзеці… Але Марыя зноў і зноў збірала ў кулак рэшткі волі…

Жанчына, што з дзяцінства прывыкла  адстойваць права на жыццё, усё прымала з небывалай пакорлівасцю, яе дэвізам стала: “Мае праблемы, мне іх і вырашаць”. Але каб толькі так… Праблема ў выглядзе бацькі ўсё часцей стала аб’яўляцца ў яе доме.  Той ніколі нідзе не працаваў. Аддаваць загады “прывязіце дроў”, “дастаўце хлеба”, “дайце горошай” стала для яго звычкай. І Марыя з мужам дастаўлялі, куплялі, прывозілі… Урэшце, так званы тата ўзяў за правіла штотыднёва з’яўляцца ў сям’ю дачкі, “якой даў жыццё”, за тым, каб «набыць» самае неабходнае. Аднойчы Марыя не вытрымала і сказала: “Дык ты б на мяне хоць хату апісаў, бо памрэш, а я ж па дакументах – не дачка”. На што пачула адказ: “Хваробу табе, а не хату, я яшчэ ажанюся”. А суседкі, ва ўласных сем’ях якіх не разабраўся б нават самы найлепшы псіхолаг, проста не маглі прайсці міма жанчыны, каб не ўкалоць яе “родным чалавекам”. Пасля таго, як прадстаўнік МНС стаў пагражаць ёй штрафам за тое, што ў доме яе састарэлага бацькі не ўстаноўлены пажарны апавяшчальнік, душачыся слязамі, жанчына крычала: “Як вы можаце так гаварыць? Ідзіце і запытайце, ці гадаваў ён мяне? За што мне такі крыж?” Разабраліся… Ад жанчыны, як кажуць, адсталі. Аднак апошнім часам, калі надвор’е моцна замінусавала, зноў аб’явіліся супрацоўнікі сацыяльнай службы: “Мы ведаем Вашу  сітуацыю, але ўсё ж прыглядвайце за ім, бо тут суседзі скардзяцца, што ён можа хату ўпаліць, а побач іх пабудовы…” На гэту заяву Марыя стомлена адказала: “Што вы ад мяне хочаце? Дровы яму завезлі, газ – таксама. Чаму я павінна адымаць кусок ад сваіх дзяцей, каб глядзець гэтага чалавека? Я нізашто да сябе яго не забяру, па-першае, у мяне маленькая хатка, па-другое, мне трэба дапамагаць сваім дзецям, а яшчэ ў мяне ёсць свякроў і свёкар – людзі, што дзецьмі не раскідваліся”. А пасля зноў – слёзы…

Муж не вытрымаў, паехаў глядзець. Што убачыў? У хаце цёпла, на стале бутэлька гарэлкі і… шампанскае. У адрас зяця цесць толькі буркнуў: “Есці прывязі!..”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *