Седлiшча — месца, дзе сядзiць фазан

Культура

    …Неяк у Чартавічах на адзін з падворкаў прыбіліся даўгахвостыя, з яркім апярэннем птушкі. Гаспадар паспрабаваў іх злавіць, ды дзе там: дзівосныя птахі падняліся ўгору імгненна. І так актыўна замахалі крыламі, што разнёсся гук, бы запрацаваў верталётны вінт.

З упэўненасцю, што супрацоўнікі раённай газеты ў курсе ўсіх мясцовых спраў і дакладна растлумачаць, хто прылятаў адбіраць корм у яго курэй, чалавек звярнуўся да нас. Складана было па такіх характарыстыках вызначыць від птушак, але дапамаглі паляўнічыя: “Хутчэй за ўсё гэта фазаны. У нашых лясах яны не гняздуюцца, але іх разводзяць у фермерскіх гаспадарках, выпускаюць у лесе і потым ладзяць паляванне. Відаць, некалькі асобін здабычай не сталі, вось і лятаюць, шукаючы, дзе пажывіцца…”

Трохі пазней даведаліся, што гадуюцца фазаны на хутары Седлішча, што непадалёку Пяршаяў. Пры нагодзе выбраліся туды, доўга блукалі палявымі дарогамі, пакуль трапілі. Не без цяжкасцей адшукалі будынак былой малочнатаварнай фермы, каля якой і раскінулася пляцоўка з сажалкай і кустамі. За высокай сеткай можна было разгледзець і курэй, і гусей, і качак. Паназіралі здаля, бо пабаяліся раззлаваць грознага віду сабаку-вартаўніка. Адзначылі, што аб’ект займае вялікую плошчу, а яго дагледжанасць красамоўна гаворыць аб дбайным гаспадаранні. Неўзабаве да нас падышла жанчына, пацікавілася мэтай нашага візіту. Яна і падказала, што аматара птушкагадоўлі завуць Віталем Вікенцьевічам Есьманам, дала нумар яго мабільнага тэлефона.

Аказалася, што злавіць фазана лягчэй, чым застаць Віталія Вікенцьевіча дома. Працоўны дзень у яго пачынаецца яшчэ да таго, як праспяваюць пеўні. Дарэчы, ролю “будзільніка” ім адвялі толькі за гучны голас. Раней за пеўня прачынаюцца індакачкі – птушкі наравістыя і агрэсіўныя. Спяваць яны не мастакі, але гвалт, асабліва калі кармушка пустая, падымаюць вялікі. Таму дзеля супакою прыручанай папуляцыі птушак фермеру Есьману даводзіцца ўставаць загадзя. За суткі вялікая кампанія яго падапечных склёўвае мех зерня. Кармавую базу мужчына забяспечвае ўласнымі сіламі – узяў у арэнду зямлю, вырошчвае некалькі відаў збожжавых. Набывае толькі невялікую колькасць фабрычных канцэнтратаў, вітамінаў і камбікармоў.

Пры такіх клопатах і вялікай фізічнай нагрузцы вырошчванне птушак не стала камерцыйным праектам. Як гаворыць сам Віталь Вікенцьевіч, “гэта ўсё па закліку душы, а не дзеля прыбытку”. Пачынаў са звыклых курэй і гусей, потым знаёмыя падкінулі індакачак, затым з’явілася і экзотыка – фазаны. Догляд прыкладна за ўсімі аднолькавы, маразы і спёку птушкі пераносяць лёгка. А калі і ўзнікаюць праблемы, то любую кансультацыю можна атрымаць у спецыялістаў праз Інтэрнэт. Толькі, мяркую, не вельмі гэты чалавек мае пільную патрэбу ў парадах, бо вырас ён у вёсцы і практыку гаспадарання пазнаў з маленства.

Сям’я Есьманаў у Пяршаях з’явілася ў 1984 годзе. Пераехалі сюды з Рубяжэвічаў, што на Стаўбцоўшчыне. Віталь Вікенцьевіч уладкаваўся працаваць ляснічым, жонка, Лілія Іванаўна, – у мясцовую бальніцу. Работы ніколі не цураліся. Нават калі вясковая моладзь пачала адмаўляцца ад прыватнай гаспадаркі, Есьманы не спакусіліся новаўвядзеннем. Заўсёды трымалі карову, свіней, засявалі агарод. А вось імкненне пяршайцаў упрыгожваць прысядзібныя ўчасткі ахвотна перанялі. Хараство і дабрабыт Есьманы старанна стваралі з году ў год. Цяпер у іх прасторны, хораша абстаўлены дом, утульны падворак, ёсць чым гасцей парадаваць на святы.

Самыя жаданыя госці – дзеці і ўнукі. Сын і дачка стварылі свае сем’і, у бацькоў бываюць наездамі. Захапленне свайго дзядулі і бацькі адабраюць. У малечы, праўда, на ферме іншыя любімцы – белыя і шэрыя трусы. Некалькі звяркоў Віталь Вікенцьевіч прытуліў па просьбе знаёмага. Даўгавухія самі вырылі норы, распладзіліся. Цяпер іх пагалоўе не можа палічыць і гаспадар. Птушкі не супраць такога суседства. Трусы – не драпежнікі, як куніцы ці тхары, маладняку і яек не чапаюць. Ад нападкаў паветраных ворагаў, каршуноў, надзейна ахоўвае сетка, заадно яна і палёты фазанаў кантралюе. Інакш гэтых непасед не ўпасеш…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий