Помніць, каб жыць

Общество

    Павел Падрэз, Валянцін Сліж, Іван Мазура… Гэтыя імёны навечна ўпісаны ў гісторыю Валожыншчыны. Бяграфіі маладых людзей з Зарэчнай, Гародзькаў і Ракава, простыя і трагічныя адначасова, добра вядомы жыхарам раёна. Нарадзіўся, жыў, любіў, быў прызваны… Амаль тры дзесяцігоддзі не змаглі залячыць незагойныя раны на сэрцах іх родных.

Таму інтэрнацыяналісты кожны год, накіроўваючыся ў вёскі Зарэчную і Ракаў, каб наведаць сем’і Паўла і Івана, робяць гэта не з мэтай здзейсніць немагчымае – суцешыць маці, якія страцілі сыноў. Такая акцыя – даніна павагі загінуўшым воінам і жанчынам, што зведалі самае жорсткае выпрабаванне лёсу – перажылі пахаванне сваіх дзяцей і не развучыліся любіць жыццё і людзей. Як паведаміў старшыня Савета ветэранаў вайны ў Афганістане Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, заўтра Яніне Юльянаўне Падрэз і Алімпіядзе Уладзіміраўне Мазура будуць уручаны Падзякі раённага Савета дэпутатаў і матэрыяльная дапамога. З сям’ёй – жонкай і дачкой – Валянціна Сліжа ветэранскі актыў таксама падтрымлівае сувязь. Хоць жанчыны не пражываюць на тэрыторыі раёна, але часта разам з баявымі таварышамі мужа і бацькі наведваюць яго магілу, бываюць і ў Гародзькаўскай школе, дзе ў яго гонар устаноўлена мемарыяльная дошка. Такія ж дошкі ёсць у Багданаўскай і Ракаўскай школах. Заўтра ў гэтых і іншых установах адукацыі пройдуць мітынгі, урокі мужнасці, у якіх прымуць удзел прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі, родныя афганцаў.

У апошнія дні перад памятнай датай сабраліся разам актывісты раённай арганізацыі, каб яшчэ раз абмеркаваць план правядзення традыцыйнай сустрэчы. Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, Юрый Андрэевіч Кліцоў, Рэніслаў Часлававіч Савіцкі завіталі і ў рэдакцыю раённай газеты. Гэтыя воіны-інтэрнацыяналісты (кожны ўзнагароджаны мадалём “За баявыя заслугі”, а Р. Ч. Савіцкі таксама і кавалер ордэна “За службу Радзіме” 3-й ступені) праходзілі службу ў Афганістане ў розныя гады. Тэрміны іх знаходжання на тэрыторыі, ахопленай вайной, таксама розныя. А вось успаміны – амаль аднолькавыя.

Спёка, пясок, пастаянная смага, страшэнная беднасць мясцовага насельніцтва… Самае дзіўнае, што менавіта да ўсяго гэтага прывыкнуць было цяжка, а вось страх смерці адпускаў маладых людзей хутка. “Разумееце, на вайне ўсё, звязанае з ёй, – стрэлы, выбухі, параненыя, рызыка, магчымасць у любую хвіліну быць забітым – успрымаецца жахліва будзённа, – расказвае супрацоўнік 8-га аддзялення сакрэтнай часці Ю. А. Кліцоў. –  Да таго ж кожны з нас разумеў, што ў крытычным выпадку лепш загінуць, чым трапіць у палон да душманаў. Таму падчас паездак камандзір абавязкова трымаў у руках выбуховае ўстройства – на ўсякі выпадак… А салдаты стараліся гэту “жалязяку” не заўважаць. Толькі новенькія не маглі адарваць ад яе вачэй і відаць было, што маліліся… Калі калона машын праходзіла па ўчастку, замініраваным узрыўчаткай націскнога дзеяння (правесці размініраванне нельга), прадказаць, у які момант “пякельная машына” спрацуе, ніхто не браўся. Бронетранспарцёр, у якім знаходзіўся  наш зямляк Валянцін Сліж, “наляцеў” на такую штуку…”

Калі аб тых страшных гадах расказваюць выжыўшыя, узнікае ўражанне, быццам перад тымі, хто загінуў, яны адчуваюць сапраўдную віну. І віна гэта не адпускае іх ужо дзесяцігоддзі. Што і казаць, успаміны іх цяжкія… Як прызнаюцца самі інтэрнацыяналісты, думкі аб афганскіх падзеях абвастраюцца менавіта напярэдадні Дня памяці і пасля яго. А далей – быццам затухаюць… На шчасце, інакш жыць было б немагчыма…

Сёння на тэрыторыі Валожыншчыны пражываюць 56 воінаў-інтэрнацыяналістаў. Напярэдадні 15 лютага арганізацыямі раёна, у якіх працуюць удзельнікі баявых дзеянняў, выдзелены сродкі на падтрымку іх і іх сямей. Саветам ветэранаў вайны ў Афганістане сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на прадпрыемствы раёна накіраваны тэлефанаграмы з хадайніцтвам аб прадастаўленні афганцам 15 лютага выхаднога дня. Гэта зроблена з мэтай, каб кожны жадаючы змог стаць удзельнікам заўтрашняй сустрэчы. Магчыма тым, хто быў там – у Кабуле, Баграме, Кандагары, Джэлалабадзе, гэта мерапрыемства дае сілы жыць далей, не зважаючы на прывід вайны, што з тых далёкіх часоў трывожыць іх сны.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий