Пакінуў у спадчыну касцёл

Пакінуў-у-спадчыну-касцёл-2

Генерал Эдвард Кавэрскі ў свой час нямала паспрыяў таму, каб у Івянцы з’явіўся касцёл св. Аляксея. У 2016 годзе польскі часопіс “Dziedzictwo Kresowie” надрукаваў успаміны пляменніка жонкі генерала.

Сем’і двух родных сясцёр Плеваковен – малодшай Софіі Канажэўскай (маёй маці) і Альжбеты Кавэрскай (1838-1916), якую мы называлі “цёцяй Лізай”, – добра сябравалі.  Помню сябе малым у Кранштаце (1870), калі дзядзька з цёткай да нас заязджалі, найчасцей на імяніны бацькі, што адзначаліся заўсёды 27 верасня. Тут збіралася цэлая кампанія маракоў, мясцовых і з Пецярбурга. З паўночнай сталіцы госці дабіраліся параходзікам, які адпраўляўся на Кранштат ад Мікалаеўскага моста, што на Васільеўскім востраве, чатыры разы на дзень. Плылі паўтары гадзіны.

Пакінуў-у-спадчыну-касцёл-1

Дзядзя Эдвард быў афіцэрам Генеральнага штаба, поўным сіл і энергіі. Яго мундзір упрыгожвалі знакі двух акадэмій – геадэзічнай і генеральнага штаба, якія ён скончыў з адзнакай. Быў у дзядзькі і выдатны гадзіннік, падараваны яму як узнагарода за заканчэнне Акадэміі. Католікам, тым больш палякам, трапіць туды было складана, бо там вучылася эліта расійскіх афіцэраў. Пэўныя прэрагатывы дзядзьку дало заканчэнне Брэсцкага кадэцкага корпуса. Дзядзя вызначаўся вынослівасцю і працавітасцю. Апрача звычайных курсаў, ён паспеў прайсці яшчэ і астранамічны, з практыкай у Пулкаўскай абсерваторыі. Ведаў некалькі моў. У тым ліку і французскую, якую вывучыў значна пазней, пастаянна маючы ў доме “кампаньёнак” цёці, пераважна ўсялякіх парыжанак, трох з якіх і я памятаю.

Самі Кавэрскія былі бяздзетныя. Адгэтуль і з’явілася апека (аж залішняя) над шматлікімі дзецьмі блізкіх сваякоў. Добра памятаю Яся Пляваку, сына Вацлава і Седаліі (сястры Альжбеты), яго брата Эдвардка. Была там і Бажэна Збароўская. Для Яся Кавэрскія нанялі рэпетытара, нейкага пана Ціханава, пазнейшага белетрыста і пісьменніка, які выдаваў свае творы пад псеўданімам “Лугавы”.

Яся ведаю як любімца Кавэрскіх. Хлопца аддалі вучыцца ў другі Кадэцкі корпус – яны насілі сінія эпалеты, а кадэты першага – чырвоныя. Дзядзька перажываў, што Яська дрэнна вучыцца, не бачыць сябе ў будучым ваенным. Пры першай жа магчымасці Ясь, нічога не кажучы дзядзьку, кінуў корпус і паступіў у Пятроўскую акадэмію. Распачаўся вялікі скандал. Няўдзячнаму Ясю дзядзька адмовіў у пенсіёне, хлопцу дапамагалі яго небагатыя бацькі, уладальнікі Татаршчыны і Андрыяшак.

У тую ж Акадэмію, маю любімую “Alma Mater”, паступіў і я. Калі пляменнік Яська заканчваў вучобу, дзядзька з ім памірыўся, але да канца так і не дараваў хлопцу самавольства. Нешта падобнае адбылося і ў адносінах да Кавэрскіх з іншымі юнымі сваякамі. Бажэнка дык і наогул проста ўцякла ад іх. Думаю, што, будучы бяздзетнымі, яны так і не зведалі той няўлоўнай сувязі, якая існуе паміж бацькамі і дзецьмі.

Прыпамінаю дзядзечку ў ролі надзвычай вясёлага, поўнага гумару і жартаў, гаспадара на балях, якія ён ладзіў восенню. Запрошаных асоб там бывала да сотні чалавек. Танцамі кіраваў сам дзядзечка, як і вячэрай, знаёмствам гасцей. Як яму на ўсё хапала часу? Цяжка растлумачыць.

Дзядзька меў безліч знаёмых, таму што, акрамя выдатнай ваеннай кар’еры, займаў высокае становішча і ў грамадзянскім жыцці: быў у Горным і Тэхналагічным інстытутах прафесарам геадэзіі, у якіх выкладаў 40 і 28 гадоў адпаведна. Знаўся і з купцамі, якія вельмі любілі “вясёлага” генерала і запрашалі яго на ўсялякія забавы і банкеты. Яшчэ адной асаблівасцю Кавэрскага была любоў да картаў, асабліва да азартных гульняў. За жыццё меў ён і выйгрышы, і шматтысячныя пройгрышы. Аднак за 20 гадоў да смерці дзядзечка кінуў карты. Рабіў ён стаўкі і на біржы.

Пакінуў-у-спадчыну-касцёл-2

Умеў генерал ладзіць з “сильными мира сего”. Апранаў парадны генеральскі мундзір з усялякімі ордэнамі, зоркамі “з брыльянтамі”, садзіўся ў карэту і ехаў з важнымі візітамі. А паколькі язык у дзядзькі быў лёгкі і востры, у размове яскравы і мілы, то і жаданы інтарэс здабываўся хутка. Незвычайнай папулярнасцю карыстаўся Кавэрскі ў моладзі, якую ён вельмі любіў і не забываў праведваць. Дзякуючы дзядзечку, процьма палякаў паступіла ў тыя вучэльні, дзе ён выкладаў.

Між тым, у прыватным жыцці Кавэрскія вызначаліся вялікай ашчаднасцю. Цётка запісвала і старанна кантралявала дамашнія выдаткі. Тут улічвалася кожная капейка. Але затое цётачка сама дапамагала грашамі Таварыству дабрачыннасці. Дзіцячым прытулкам дзядзечка змог паспрыяць вельмі многа, дзякуючы сваім знаёмствам сярод прамыслоўцаў і купецтва. Самі Кавэрскія мелі многа хроснікаў, хрысцілі іх серыямі. Так, напрыклад, у паноў Сегеняў усе дзеці былі хроснікамі Кавэрскіх.

Летам Кавэрскія жылі на дачы, найчасцей у ваколіцах Пецярбурга. Энергія дзядзечкі не выносіла доўгага адпачынку, ён пастаянна павінен быў працаваць і жыць блізка ад Генеральнага штаба, Зімовага палаца. За мяжой Кавэрскія бывалі рэдка, але заўсёды разам.

Ідэю пабудаваць касцёл св. Аляксея ў Івянцы я прыпісваю цётачцы Лізе, бо тут быў яе маёнтак. Дзядзечка, які раней свайго ценю польскага баяўся, раптам зрабіўся смелым, рашучым. З лёгкасцю ўгаварыў мінскага губернатара графа Мусіна-Пушкіна дазволіць і зацвердзіць план “капліцы-маўзалея” (у прашэнні ўказваўся не касцёл). Кавэрскі не шкадаваў ні ўласнага часу, ні сваіх грошай на будоўлю. Вось што пісаў сам Эдвард Кавэрскі: “У 1904-м атрымаў дазвол на будоўлю “капліцы” – Касцёла. 23 мая 1905-га арцыбіскуп Ежы граф Шэмбек асвяціў краевугольны камень для гэтага касцёла на івянецкіх могілках і 23 снежня 1907 года касцёл быў асвечаны пробашчам Янам Казілевічам – першым ксяндзом гэтага касцёла і новаўтворанай парафіі ў межах раней існуючых тут, у Івянцы, але скасаваных раней ладных вялікіх касцёлаў: св. Тройцы – цяпер зруйнаванага і другога – францішканскага кляштара і касцёла ім св. Міхала”.

Апрача пабудовы касцёла, сям’я Кавэрскіх зрабіла грашовыя ахвяраванні на розныя грамадскія ўстановы: Мінскаму аграрнаму таварыству, на арганізацыю Івянецкай сельскагаспадарчай школы, стыпендыі ў Пецярбургскім Горным інстытуце. На жаль, пасля бальшавіцкага перавароту ўсе дакументы і запісы прапалі.

Кавэрскія пражылі ў шчаслівым шлюбе 42 гады. Першай памерла цётка Ліза. Яна апошняя з пахаваных на івянецкіх могілках, пад касцёлам, у крыпце. Праз год дзядзька ажаніўся, відавочна, для таго, каб толькі працягваць звыклы ўклад жыцця. Ды і абранніцай яго стала былая кампаньёнка цёці Лізы, якая выдатна ведала, чым дагадзіць Кавэрскаму. Думаю, дзядзька саромеўся новага шлюбу, бо нават не ўсіх знаёмых паставіў у вядомасць. Ён дапісаў новую жонку ў завяшчанні і гарантаваў ёй, апрача пенсіі, суму ў 10 тыс. рублёў і тую маёмасць, якая ёй належала як галоўнай спадчынніцы.

Жонка (звалі яе Жэня) годна выканала сваю ролю. Пасля смерці дзядзечкі ў студзені 1916 года завезла яго астанкі пры маёй дапамозе на івянецкія могілкі. Гэта была няпростая задача: шалела Сусветная вайна, накірунак з Пецярбурга на Мінск быў проста шляхам на фронт. Нямецкае войска акапалася над Нёманам, вораг стаяў за якія-небудзь 3 мілі ад Івянца, а таксама ў Вішневе і Налібоцкай пушчы. Але воля дзядзечкіна была выканана. Пахавальную прамову сказаў віцэ-старшыня Мінскага аграрнага таварыства князь Геранім Друцкі-Любецкі. Ён падкрэсліў значнасць дзядзечкі, які дабіўся такога надзвычайнага выніку – дазволу пабудаваць касцёл у жудасныя часы прыгнёту каталікоў.

Можна толькі дадаць, што Бог даў дзядзечку лёгкую смерць на руках Жэні: да бальшавіцкага тэрору, без тых пакут, якія выпалі на лёс большасці польскіх і рускіх афіцэраў, калі кранштацкія матросы пачалі чыніць усялякія здзекі над імі.

З успамінаў Станіслава Люцыяна

Яна КАНАЖЭЎСКАГА (1867-1935)

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars