Вучыцца дзейнічаць

Общество

    Нядаўна ў Міжнародным адукацыйным цэнтры ў Мінску адбылася ўрачыстасць з нагоды выпуску “Школы адукатараў”.

Навучанне праходзіла ў рамках нямецка-беларускага праекта “Вучыцца, каб дзейнічаць”, што грунтуецца на прынцыпах сумеснай праграмы, распрацаванай у партнёрстве з Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы.

Сярод тых, хто паспяхова скончыў школу, – Аляксей Шчарбачэвіч з Валожына. Яго выпускная работа “Даступная прафесія для людзей з інваліднасцю” атрымала высокую адзнаку падчас абароны. Як патлумачыў сам задаволены выпускнік, адукатар, ці трэнер – гэта спецыяліст, што спрыяе стварэнню пляцовак для нефармальных зносін і аказанню бясплатных адукацыйных паслуг людзям, у тым ліку і з абмежаванымі магчымасцямі. Стаўшы ўладальнікам міжнароднага сертыфіката, Аляксей не плануе спыняцца на дасягнутым – упэўнены, што кожны, хто мае нейкія веды, абавязаны знайсці ім практычнае прымяненне. Ужо сёння ён спадзяецца атрымаць гранд на рэалізацыю праекта “Майстэрня па стварэнні сувенірнай прадукцыі”, які распрацаваў сумесна з загадчыцай дзённага знаходжання маладых інвалідаў ТЦСАН, старшынёй раённай пярвічнай арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя бацькоў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў” Ларысай Уладзіміраўнай Шчарбачэвіч. Дарэчы, адзін з чатырох модуляў, што склалі курс навучання ў школе, называўся “Падыходы да адукацыі дарослых як інструмент вырашэння грамадскіх праблем”. Аляксей упэўнены, што веды ў гэтым кірунку дапамогуць не толькі яму пры арганізацыі работы майстэрні, але і маладым інвалідам, што імкнуцца яе наведваць.

Пакуль жа юнак развівае свае здольнасці і ўдасканальвае ўменні, займаючыся валанцёрскай работай. Ён праводзіць для выхаванцаў аддзялення трэнінгі, што спрыяюць іх камунікацыі, а таксама развіццю творчых здольнасцей.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий