Яе прафесія – яе прызванне

Культура

    Прафесія фельчар (ад нямецкага Feld – поле) узнікла яшчэ ў часы сярэдневякоўя. Так называлі ваеннага медыка, што ў палявых умовах лячыў параненых. Пры савецкім часе гэта спецыяльнасць шырока распаўсюдзілася, калі ў населеных пунктах сталі адкрывацца фельчарска-акушэрскія пункты, дзе хворыя маглі атрымаць даўрачэбную дапамогу.

Сёння для вясковага насельніцтва, як і дзесяцігоддзі назад, гаспадыня ФАПа – сельскі доктар. Вось так, не зважаючы на нюансы тэрміналогіі, называюць і Леаніду Васільеўну Дзянісік жыхары навакольных вёсак, што атрымліваюць медыцынскія паслугі ў Дорскім ФАПе. На ўчастку, які ёй даводзіцца абслугоўваць, – 11 населеных пунктаў, дзе пражываюць 773 чалавекі.

Колькі сябе помніць, яна марыла аб медыцыне, хаця яскравага ўяўлення аб ёй не мела. Проста імкнулася дапамагаць хворым людзям. У 7 класе трапіла ў бальніцу. Лячыцца давялося працяглы час, таму ў цікаўнай дзяўчынкі з’явілася цудоўная магчымасць паназіраць за дзейнасцю  ўрачоў і іх памочніц – медыцынскіх сясцёр. Ах, як ёй хацелася ўжо тады памераць бялюткі халат, а за магчымасць хаця б патрымаць у руках шпрыц ці танометр гатова была аддаць многае. Скончыўшы школу на выдатна, паступіла ў Маладзечанскае медыцынскае вучылішча. Чым больш адкрываўся для яе свет медыцыны, напоўнены складанымі тэрмінамі і дыягназамі, тым з большым задавальненнем пагружалася яна ў яго. У той час існавала агульнасаюзнае размеркаванне. Такім чынам юная беларуска трапіла ў Таджыкістан. Менавіта там акунулася ў загадкавы і складаны свет радзільнага дома, дзе давялося дапамагаць маладым парадзіхам і немаўлятам. Пазней вярнулася на Радзіму, працаўладкавалася на ФАП у Бабровічы, дзе прыйшлося ўзяць на сябе абавязкі і ўрача, і медсястры.

“Сельскі фельчар – не прафесія, гэта лад жыцця, – расказвае жанчына. – Пастукаць у вокны тваёй хаты могуць у любы час сутак.  На прыняцце рашэння, ад якога часта залежыць жыццё чалавека, бывае, адводзіцца толькі некалькі імгненняў. Здараюцца і цяжкія (ва ўсіх сэнсах) пацыенты”. Тым не менш, Леаніда Васільеўна ні разу не расчаравалася ў сваім выбары.

Пасля замужжа пераехала ў Доры. З 1973 года адзіным месцам працы стаў мясцовы ФАП. Для трох пакаленняў вяскоўцаў яе прафесіяналізм і чалавечая спагада сталі мерай, па якой ацэньваюць медыцынскіх работнікаў.

Леаніда Васільеўна самым неабходным і адначасова самым складаным у сваёй рабоце лічыць цярпенне. Толькі яно дапамагае правільна сабраць анамнез, выслухаўшы ўсе скаргі хворага, паставіць дакладны дыягназ і назначыць аптымальнае лячэнне.

На працягу ўсяго жыцця заставацца здаровым шанцуе нямногім. Ад першага крыку да апошняга ўздыху амаль кожнага з нас суправаджаюць людзі ў белых халатах. Жыхарам Дорскага сельсавета пашанцавала – больш за 40 гадоў побач з імі жанчына з добрымі вачамі і велізарным вопытам работы – фельчар Л. В. Дзянісік.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий