Праз год пасля інстытута

Общество

Прафесія пажарнага-выратавальніка – гэта прызванне, яе выбіраеш аднойчы і яна застаецца з табой назаўсёды. Менавіта пра пажарнага па поклічу душы і пойдзе зараз гаворка. Ігар Алешка – наш зямляк, родам з Пяршаяў, пасля заканчэння Мінскага камандна-інжынернага інстытута вярнуўся ў родную вёску, уладкаваўся на працу ў пажарную аварыйна-выратавальную часць № 1, што ў Валожыне, і годна выконвае свой абавязак. І няхай працоўны стаж пакуль не вельмі вялікі, ён паспеў зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку. А прызнанне і ўзнагароды яшчэ наперадзе, бо наперадзе ўсё жыццё.
– Ігар, скажы, калі ласка, з чаго складаюцца твае абавязкі?
– Я працую начальнікам змены ПАВЧ № 1 г. Валожына, у якую, акрамя мяне, уваходзяць яшчэ шэсць чалавек. Аб гэтым марыў і ў час вучобы ў інстытуце. Лічу, што толькі тут, на так званай “перадавой”, можна набыць сапраўдны вопыт, прымяняць атрыманыя веды. Ды і прыносіць максімальную карысць людзям. Работа з дакументамі не для мяне. Стаць выратавальнікам вырашыў яшчэ ў школе і ніколі не пашкадаваў аб гэтым, хоць спачатку рыхтаваўся на эканамічны факультэт.
– Колькі пажараў на тваім рахунку? Ці памятаеш свой першы выезд?
– За паўтара года працы выязджаў больш чым на 20 сур’ёзных пажараў. Акрамя гэтага, нас выклікаюць на дарожна-транспартныя здарэнні, іншыя надзвычайныя сітуацыі. Памятаю, як праз месяц пасля заканчэння інстытута прыйшоў у аддзел і тут жа даведаўся, што назаўтра прыступаю да сваіх абавязкаў. Першае дзяжурства прайшло спакойна, а вось у час другога давялося тушыць складаны пажар у вёсцы Саланая. Прыехалі хутка і дом патушылі аператыўна. Напэўна, таму абышлося без ахвяр. Аднак, калі ехаў у машыне, вельмі хваляваўся. Нас у інстытуце вучылі аднаму, а на практыцы ўсё зусім інакш. Распытваў у калег па змене, якія асаблівасці тушэння пажараў у іх часці.
– А як на працы ўладкаваўся? Як цябе, маладога спецыяліста, успрымаюць твае падначаленыя?
– У калектыве прыжыўся хутка. Мае падначаленыя – вельмі прыстойныя і надзейныя людзі. Паміж намі адразу ўсталявалася ўзаемапавага і ўзаемаразуменне. У цяжкую хвіліну, ведаю, ёсць да каго звярнуцца за дапамогай.
– Тое, аб чым марыў, ці адрозніваецца ад рэчаіснасці?
– У прынцыпе, настройваўся на тое, што зараз ёсць. У інстытуце мне далі самае неабходнае, але ўсё ж некаторыя тонкасці прафесіі набываеш толькі ў час працы. Жыццёвыя сітуацыі ў большасці выпадкаў адыходзяць ад стандартных схем, таму пошукамі шляхоў іх вырашэння прыходзіцца займацца самастойна, нават імправізаваць.
– Сярод звычайных людзей усталявалася меркаванне, што выратавальнікі, калі не тушаць пажары, то абавязкова адпачываюць. Ці так гэта на самай справе?
– Адразу ж у тэму прыгадаў вядомы анекдот. У інстытутах МНС увялі новы экзамен – праспаць 24 гадзіны. Хто прачнецца, той не паступіць. На самай жа справе ўсё наадварот. У час дзяжурства змены, акрамя ліквідацыі надзвычайных сітуацый, праводзяцца тэарэтычныя і практычныя заняткі па аварыйна-выратавальнай, фізічнай падрыхтоўцы, тактыка-спецыяльныя вучэнні і інш. Вялікая ўвага надаецца і самападрыхтоўцы.
– А ў вольны час чым любіш займацца?
– У нас такая праца, што звычайна не тое што выхадных, а і таго ж вольнага часу амаль не бывае. Але калі выпадае спакойная гадзіна, стараюся дапамагчы маці, бабулі з дзядулем. Займаюся спортам, люблю ў хакей пагуляць на гарадскім катку, летам – з сябрамі ў футбол або баскетбол.
– Планы на бліжэйшую будучыню ўжо ёсць?
– Пакуль мару дасягнуць добрых вынікаў у рабоце. Не супраць быў бы і яшчэ павучыцца. У наступным годзе планую паступіць у той жа інстытут, які скончыў, толькі на камандны факультэт. Гэта адкрые добрыя перспектывы ўзняцца па службовай лесвіцы. Ужо сёння рыхтуюся да абласнога конкурсу “Лепшы начальнік змены”, які адбудзецца ў маі гэтага года. Удасканальваю тэарэтычную і фізічную падрыхтоўку. У мінулым годзе ўдзельнічаў у ім упершыню і заняў пятае месца. Лічу, што выступіў нядрэнна, аднак сёлета планую палепшыць свой вынік. Пераможца абласнога конкурсу будзе ўдзельнічаць у апошнім, рэспубліканскім этапе.
– Што б ты хацеў пажадаць сваім калегам-выратавальнікам у гэты святочны дзень?
– У першую чаргу спакойных дзяжурстваў і сухіх рукавоў, ну і, канечне ж, здароўя, удачы, аптымізму. Наша праца хоць і складаная, але такая патрэбная, бо мы нават у мірны час змагаемся не толькі з сіламі прыроды, але і з людской неахайнасцю і абыякавасцю.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий