Малады, мужны і ініцыятыўны…

Официально

19 студзеня работнікі МНС адзначаць сваё прафесіянальнае свята – Дзень выратавальніка.

Інжынер інспекцыі Дзяржпажнагляду РАНС Віталій МАРШАОК – вельмі камунікабельны, вясёлы і творчы малады чалавек, лідар БРСМ. Напярэдадні Новага года на раённым маладзёжным злёце юнаку была ўручана Падзяка аддзела па справах моладзі райвыканкама за мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць, добрасумленнасць і актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

– Як удаецца сумяшчаць работу з такім насычаным грамадскім жыццём?

– Удаецца, і даволі нядрэнна, хоць работа, безумоўна, займае шмат часу. Ахвотна ўдзельнічаю ў многіх мерапрыемствах, акцыях, злётах па лініі аддзела па справах моладзі і РК ГА “БРСМ”. Магу ўзяць на сябе і частку арганізацыйных пытанняў. Калі на тэрыторыю якога-небудзь сельсавета выязджае працаваць маладзёжны шматпрофільны цэнтр, традыцыйна праводжу там і пажарную эстафету. У час летняга аздараўлення прымаю ўдзел у рабоце лагера “Патрыёт”. Разам са старшым інспектарам А. Сухадольцам праводзім мерапрыемствы па правілах бяспекі жыццядзейнасці. У мінулым годзе нават задзейнічалі мабільны пункт кіравання МАУ МНС, дэманстравалі падлеткам пажарную тэхніку.

– За той час, што працуеш у РАНС, ці адаптаваўся да калектыву, да патрабаванняў?

– У райаддзеле па надзвычайных сітуацыях працую пяты год. Пачынаў з байца падраздзялення. У нас цудоўны калектыў, кожны супрацоўнік на сваім месцы, да любога можна звярнуцца за парадай і падтрымкай. А галоўнае, шмат маладых, энергічных, неабыякавых да чужога гора і праблем. Адчуваю, што за час працы стаў больш упэўнены ў сабе, вытрыманы, разважлівы. Бо наша прафесія не даруе промахаў і памылак.

– Сваё першае надзвычайнае здарэнне памятаеш?

– Для кожнага выратавальніка першы выезд – гэта своеасаблівае баявое хрышчэнне. Такое памятаеш доўга. 15 кастрычніка 2006 года ў час першага дзяжурства пасля дзесяцідзённай стажыроўкі на трасе Мінск-Гродна адбылося ДТЗ. Непадалёк вёскі Рум сутыкнуліся дзве машыны, і абедзве загарэліся. Не абышлося без ахвяр. Калі спяшаліся на месца здарэння, адчуваў сапраўдны страх, напэўна, ад нявопытнасці. Нават палічыў гэта дрэнным знакам на пачатку службы. Пазней зразумеў, што з такіх выпадкаў складаецца амаль усё працоўнае жыццё “эмчээсніка”.

– Ці здараліся за час працы нейкія нестандартныя сітуацыі? Як знаходзіў з іх выйсце?

– Мабыць, і былі, але чамусьці на памяць зараз не прыходзяць. А наогул, мы – выратавальнікі, і таму любыя нестандартныя сітуацыі павінны вырашаць хутка. Нам жа давяраюць людзі, на нас спадзяюцца.

– Ці хочаш што-небудзь змяніць у жыцці?

– Нават і не ведаю. У мяне ёсць цікавая работа, сябры-аднадумцы, хобі, я – малады. Хіба што час падумаць пра сям’ю?

– Што можаш пажадаць напярэдадні свята калегам?

– Канечне, спакойных дзяжурстваў, сухіх рукавоў, каб як мага радзей здараліся ў раёне пажары, аварыі і розныя іншыя катаклізмы. Усім здароўя, шчасця, поспехаў у нашай нялёгкай службе!

Гутарыла Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА.



Добавить комментарий