Зімовае меню лясных жыхароў

Общество

    Зіма з яе маразамі, завірухамі і гурбамі снегу – заўсёды нялёгкае выпрабаванне для дзікай жывёлы. Асабліва для тых, чыё меню складаецца з расліннай ежы.

Па падліках, на тэрыторыі лесапаляўнічай гаспадаркі Валожынскага лясгаса сёлета зімуюць 80 асобін ласёў, столькі ж аленяў, 170 казуль, ёсць вялікія папуляцыі зайцоў і курапатак. Перажыць галодны перыяд года ім дапамагаюць спецыяльныя “сталоўкі”. Для падкормкі лясных жыхароў арганізаваны 8 пляцовак, якія папаўняюцца 3-4 разы на тыдзень. Збалансаванасць калорый і вітамінаў забяспечваецца шырокім рацыёнам. Яшчэ ў асенне-летні перыяд лясгасаўцамі было закуплена 10 тон сена, 14 тон морквы, а таксама дастатковая колькасць сіласу, збожжа, саланцоў.

Як расказаў вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы лясгаса Павел Уладзіміравіч Садоўскі, самым напружаным для прадстаўнікоў дзікай прыроды выдаўся 2013 год, калі стаялі моцныя маразы, лясы пакрыліся вялікімі сумётамі. Для аленяў і ласёў гурбы не перашкода, а вось далікатныя казулі да кармушак не маглі дабрацца. Ды і наледзь па снезе ім пераадолець цяжка. Сёлета, мяркуючы па слядах, месцы сталавання наведваюць усе, каму гэта неабходна.

Цікава, што ў паводзінах лясных жыхароў можна назіраць праявы своеасаблівага “кодэкса гонару”: як толькі выпадае нагода дабрацца да кары, маладых пабегаў, яны зноў дабываюць харчы самастойна, да кармушак наведваюцца значна радзей.

А вось зубрам нахабства не займаць. Падкормка для іх арганізавана ў Налібоцкай пушчы, але на некаторыя вёскі – Дарагунь, Рум – гэтыя рагатыя волаты часам учыняюць пірацкія набегі і сілкуюцца ля стагоў з сенам для хатняй жывёлы.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий