Хараство, што ідзе ад дабрыні

Общество

 На пасяджэнні Калегіі Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Рэспублікі Беларусь, што прайшло ў мінулую пятніцу, адбылася выстаўка вырабаў прыкладнога мастацтва, якія ствараюцца наведвальнікамі дзённага аддзялення для маладых інвалідаў у Валожыне.

Гэта рэдкі шанс прадэманстраваць сваё майстэрства на такім высокім узроўні. З дзённых аддзяленняў рэспублікі давер аказаны толькі нашаму.

Пры дзённым аддзяленні для маладых інвалідаў, якім з першага дня заснавання кіруе загадчыца Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч, працуюць 12 гурткоў і  2 майстэрні. Кожны выхаванец тут можа падабраць справу па душы. Калі напачатку дзейнасці перад гурткамі стаяла задача заняць вольны час, зацікавіць сваіх наведвальнікаў, то зараз з’явіліся і камерцыйныя планы: найбольш запатрабаваныя рэчы, эстэтычна выкананыя сувеніры становяцца таварам. Дарэчы, удзельнікі Калегіі таксама змогуць “прагаласаваць” рублём за выстаўку. Ролю дэманстратара і рэалізатара самабытных вырабаў узяла на сябе дырэктар раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Фадзееўна Рай.

Больш за сотню падзелак было завезена ў сталіцу напярэдадні Калегіі. Шмат натхнення, працы, фантазіі праявілі падапечныя і кіраўнікі гурткоў. Поспехамі па праве могуць ганарыцца Наталля Аляксандраўна Буклыс, якая ўзначальвае рэабілітацыйна-працоўную майстэрню “Сувенірны вернісаж”, Алег Іванавіч Мытнік, які займаецца дрэваапрацоўкай і перадае свае ўменні гурткоўцам, кіраўнік гурткоў “Палітра” і “Чароўныя ніткі” Юлія Іванаўна Гісік.

З кожным годам назапашваецца ўменне, пазнаюцца таямніцы вядзення бізнесу. Першапачаткова матэрыяльнай базай гурткоў былі рэчы з гуманітарнай дапамогі. Цяпер жа ў аддзяленні ёсць магчымасць выбіраць “сыравіну” для будучых сувеніраў па ўласным гусце. Як расказала загадчыца Л. У. Шчарбачэвіч, летась яны атрымалі 800 рублёў выручкі ад рэалізацыі сваіх вырабаў і могуць патраціць іх на свае патрэбы. Наперадзе шмат задумак і праектаў. Іх ажыццяўленне – справа часу, а прафесіяналізму, умення і жадання не толькі кіраўнікам гурткоў, але і іншым супрацоўнікам аддзялення не займаць.

Алена ЗБІРЭНКА

фота спецыяліста па сацыяльнай рабоце аддзялення Таццяны РУБАЦКАЙ



Добавить комментарий