Хай будуць нашы дзеці самымі шчаслівымі на свеце

Общество

“Кожнае дзіця мае права жыць у сям’і”.

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”, артыкул 15

Прафесія прыёмных бацькоў з’явілася ў нашай краіне ў 1999 годзе. З таго часу многія хлопчыкі і дзяўчынкі набылі новых бацькоў. Зараз у раёне налічваюцца 11 прыёмных сямей, у якіх выхоўваюцца 28 дзяцей.

Прыёмная сям’я ствараецца рашэннем райвыканкама на падставе працоўнага дагавора і дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей. Пры гэтым прыёмнаму бацьку ці маці не абавязкова быць у шлюбе. Час работы ў якасці прыёмных бацькоў залічваецца ў агульны працоўны стаж, яны атрымліваюць зарплату, ім гарантуецца права на сацыяльнае страхаванне і пенсіённае забеспячэнне. Штогод прыёмным бацькам даецца водпуск працягласцю 56 дзён. На перыяд водпуску прыёмных бацькоў дзіця накіроўваецца ў аздараўленчы лагер. У прыёмнай сям’і дзіця не траціць статус непаўналетняга, які застаўся без апекі бацькоў, таму за ім захоўваюцца прадугледжаныя заканадаўствам ільготы.

Дзеці ў прыёмнай сям’і могуць знаходзіцца да дасягнення імі паўналецця ці паступлення ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча, сярэдне-спецыяльную ці вышэйшую навучальныя ўстановы. Пры жаданні бацькоў прыёмнае дзіця можа заставацца ў іх сям’і і пасля 18-і гадоў. Аднак у такім выпадку адносіны паміж імі не будуць рэгулявацца заканадаўствам. Прыёмныя бацькі могуць усынавіць ці ўдачарыць прыёмнае дзіця.

У дзіцячым аддзяленні прытулку ДУА “Валожынскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” выхоўваюцца дзеці рознага ўзросту. Яны – не сіроты, у іх бацькоў ёсць шанс вярнуцца да нармальнага жыцця і забраць дзяцей. Але так атрымаецца не ва ўсіх. Некаторым хлопчыкам і дзяўчынкам давядзецца стаць выхаванцамі інтэрнатаў. Але так не здарыцца, калі адшукаюцца новыя любячыя бацькі.

Людзі, якія рашыліся гадаваць не толькі родных, але і прыёмных дзяцей, гавораць, што “чужое” дзіця адкрыла для іх новае шчасце, і яны ўжо не ўяўляюць свайго жыцця без прыёмнага сына ці дачкі.

Побач з намі жывуць хлопчыкі і дзяўчынкі, у якіх няма сям’і. Такім дзецям неабходна дапамагчы перажыць гора ад разлукі з блізкімі людзьмі, зноў наладзіць адносіны з бацькамі, абараніць іх правы і законныя інтарэсы, навучыць самастойнасці і даць магчымасць знайсці сябе ў дарослым жыцці.

    Калі вы гатовы ўзяць на сябе такія абавязкі і выбраць прафесію прыёмных бацькоў, то звяртайцеся на адрас: г. Валожын, вул. Партызанская, д. 15, орган апекі і апякунства, тэлефон для даведак: 58-8-25 ці ў сацыяльна-педагагічны цэнтр (тэл. 58-3-23).

Ірына ШАКУН,

педагог-псіхолаг



Добавить комментарий