Зазірнулі на Парнас

Официально

    Трэцякласнікі з СШ № 1 горада Валожына высвятлялі, дзе жывуць Музы паэзіі, а падчас пошуку адважыліся на эксперымент – паспрабавалі свае сілы ў рыфмаванні.

Праект “Верш… Ці прыходзіць ён адразу?” вучні 3 “А” класа прадставілі на раённым этапе конкурсу даследчых прац малодшых школьнікаў “Я – даследчык”.

Маленькія інтэлектуалы правялі досыць карпатлівую работу, каб зразумець, як нараджаецца паэтычны твор. Матэрыялам для даследавання сталі вершы са зборнікаў “А ці ведаеце вы?” і “Каляровыя вятры” мясцовай паэтэсы В. Ф. Гіруць-Русакевіч.

Валянціну Францаўну як майстра лірычнага слова дзеці абралі экспертам. Спецыяльна сустрэліся з ёй, каб даведацца з першых вуснаў: для стварэння верша дастаткова таленту і натхнення альбо на першым месцы – даведзеныя да дасканаласці веды?

Школьнікі грунтоўна падрыхтаваліся да абароны сваёй конкурснай працы. Канстанцін Родзевіч і Аліна Севярын працавалі над практычнай часткай – вывучылі будову верша: высветлілі, што такое рытм, рыфма, страфа, стапа, сэнсавая і рытмічная паўзы.

Трэцякласнікі пазнаёміліся з мастацкімі сродкамі: сінонімамі, антонімамі, фразеалагізмамі, эпітэтамі, а таксама зразумелі, якія эмоцыі дапамагаюць выразіць знакі прыпынку. На фінішнай прамой даследавання дзеці рызыкнулі самі напісаць па вершыку. У паэтычную творчасць адважна пагрузіліся Настасся Саевіч, Арына Пачыкоўская, Дзіяна Язерская, Настасся Мянцюк і іншыя. Працу дзяцей курыравала класны кіраўнік Святлана Эдвардаўна Родзевіч.

Абаранялі калектыўнае даследаванне перад журы і гледачамі Настасся Русакевіч і Мікіта Юша. Па выніках інтэлектуальнага спаборніцтва юныя эрудыты апынуліся на другім месцы ў раёне, уступіўшы школьніку з Івянца.

Алена ПАШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий