Маляваныя фантазіі

Молодежный курьер

    Калі большасць дзяцей, дачакаўшыся выхадных, жадаюць даўжэй паваляцца ў ложку, пагарэзнічаць і пазабаўляцца, 8-гадовы Арсеній ЖУК з Валожына кожную суботу збірае папку з лістамі ватману, пэндзлі, фарбы і крочыць на заняткі жывапісам.

У гуртку “Вясёлкавы калейдаскоп” на базе СШ № 1 хлопчык вучыцца выяўленчаму мастацтву. З асновамі нацюрморта, пейзажа і партрэта юных мастакоў знаёміць педагог Юлія Іванаўна Гісіч.

Старанне і творчыя задаткі Арсенія прыносяць першыя поспехі. Хлопчык –лаўрэат мастацкага конкурсу “Маляваныя вершы”, які арганізавалі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і грамадская арганізацыя “Польска мацеж школьна”.

Разам з бацькамі здольнага школьніка ў ліку іншых канкурсантаў запрасілі ў Мінск на спецыяльна арганізаванае для іх свята. На ўрачыстасці віцэ-консул польскага пасольства ўручыла таленавітым дзецям узнагароды і падарункі.

Натхнёны такой падзеяй, Арсеній марыць яшчэ раз паспрабаваць свае сілы ў конкурсе мастацкіх работ. Раптам на гэты раз шчасце ўсміхнецца хлопчыку? І яго малюнак па матывах польскіх вершаў у ліку трынаццаці найлепшых абяруць для стварэння календара на 2018 год.

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий