Хочам на дошку гонару!

Молодежный курьер

    Выдатнікі. У іх спісваюць, ім зайздросцяць, з імі хочуць сябраваць. У сярэдняй школе № 1 райцэнтра чатыры вучні скончылі другую чвэрць з сярэднім балам 9,5 і вышэй.

Уладзіслаў Лігорскі з 3 “Б” класа, Марта Чурай і Кацярына Ігнатовіч з 3 “А”, Іван Скадорва з 9 “А” – у дзённіках гэтых дзяцей пераважаюць дзясяткі.

Якія намаганні трэба прыкладаць, каб быць прыкладам для іншых? Ці лёгка ўтрымліваць лідарскія пазіцыі, заўсёды заставацца актыўным і ініцыятыўным, быць гатовым у любы момант правільна адказаць на пытанне настаўніка – пра школьныя будні расказалі выдатніцы-трэцякласніцы.

 

Каця ІГНАТОВІЧ:

– У гэтай школе працуюць настаўніцамі дзве мае сваячкі. Адна нядаўна перамагла ў раённым конкурсе “Настаўнік года”. Як тут не быць выдатніцай? Я проста абавязана! Не магу ж я іх падвесці! Ім не павінна быць за мяне сорамна. За чвэрць маю 3 дзявяткі і 4 дзясяткі. Люблю фатаграфаваць. Пасля школы пайду вучыцца на фатографа. У аўтобусных паездках па краіне, куды мы часта адпраўляемся ўсім класам, сустракаеш столькі ўсяго цікавага! Хочацца гэта адлюстроўваць. Ужо асвоіла інтэрнэт. Часам настаўніца дае заданні, якія патрабуюць дадатковай інфармацыі. Іх выкананне гарантуе высокую адзнаку. Таму без сеткі ніяк. Наведваю шмат гурткоў. Займаюся танцамі. Ужо магу закружыцца ў вальсе. Займаюся маляваннем. Іграю на фартэпіяна.

 

Марта ЧУРАЙ:

– З сямі прадметаў 9 балаў у мяне толькі па рускай мове і па матэматыцы, усе астатнія – 10. Мару стаць настаўнікам англійскай мовы. Старанна вучуся, таму што вельмі хочацца трапіць на школьную Дошку гонару. У дзень звычайна па шэсць гадзін заняткаў – урокі і факультатывы.

Калі ў школу прыходжу да 8 гадзін раніцы, то дахаты вяртаюся ў 6 вечара. Хатнія заданні выконваю пасля ўрокаў у групе прадоўжанага дня. Так што дома трачу толькі некалькі хвілін на паўтарэнне. Два разы на тыдзень у мяне гурток англійскай мовы ў раённым Цэнтры дзіцячай творчасці. Тры разы на тыдзень займаюся ў школе мастацтваў, іграю на цымбалах. Гуляю ў тэніс. Маме дапамагаю ва ўсім: магу і падлогу памыць, і прапыласосіць, і аўчарку Вернага пакарміць.

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий