Стане зручней

Общество

    У раёне пражываюць каля 2100 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта 6 працэнтаў ад усяго насельніцтва Валожыншчыны. Пастаўлена задача стварыць для іх максімальную даступнасць да ўсіх сацыяльна значных аб’ектаў.

8 экспертаў: юрысты, сацыяльныя работнікі, спецыялісты ў галіне архітэктуры, аграэкатурызму, прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў правялі маніторынг даступнасці будынкаў. Усяго было праверана 150 аб’ектаў. У першую чаргу тыя, што могуць уяўляць цікавасць для турыстаў з інваліднасцю. У спіс увайшлі аб’екты транспартнай інфраструктуры, органаў мясцовай улады, культурна-гістарычныя аб’екты і аб’екты сацыяльных паслуг (пошты, бібліятэкі, школы, магазіны), а таксама 18 аграсядзіб Валожыншчыны. На кожны аб’ект была запоўнена анкета, дзе эксперты адзначылі наяўнасць пандусаў, спецыяльных парковачных месцаў, ліфтаў, дзвярных праёмаў дастатковай шырыні, для гасцініц – абсталяванне жылых пакояў.

Як паказаў маніторынг, большасць збудаванняў маюць добры патэнцыял для таго, каб адаптаваць іх для людзей з абмежаванымі магчымасцямі без значных фінансавых затрат. Напрыклад, у некаторых магазінах ці бібліятэках дастаткова ўстанавіць пандус, расшырыць дзвярны праём.

Праект “Валожын без бар’ераў: Пашырэнне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю” стартаваў летась. Ён распрацаваны ў тым ліку і па выніках праверкі маніторынгавай групы. Складзены план дзеянняў па паляпшэнні інфраструктуры і якасці жыцця для людзей з інваліднасцю.

Чакаецца, што да 2018 года каля 30 будынкаў у раёне будуць абсталяваны з улікам патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У райцэнтры запланавана адкрыць турыстычны цэнтр з хостэлам на 20 месцаў і канферэнц-залай. Там інваліды змогуць не толькі адпачыць, але і працаўладкавацца.

Ініцыятарамі праекта выступілі райвыканкам, ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, БГА “Адпачынак у вёсцы” і фонд “Інтэракцыя”. Бюджэт усяго праекта складзе 1111000 еўра. 90 працэнтаў затрат бярэ на сябе Еўрапейскі Саюз.

Наш кар.



Добавить комментарий