Падзяка за стараннасць

Молодежный курьер

    Нядаўна ў жыцці райкама ГА “БРСМ” адбылася чарговая прыемная падзея. Маладзёжная суполка Валожыншчыны была адзначана Падзякай раённага аб’яднання прафсаюзаў за прафесіяналізм у рабоце па патрыятычным выхаванні моладзі, за добрасумленную працу па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і памятных месцаў на тэрыторыі раёна.

Сёлета ўзяты вектар дзейнасці будзе працягнуты. У бліжэйшых сумесных перспектывах прафарганізацыі і райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – вясной правесці месячнік пад назвай “Захаваем памяць на стагоддзі” па ачыстцы і навядзенні парадку на мемарыялах, брацкіх магілах і іншых месцах, дзе пакінула цяжкі след Вялікая Айчынная вайна. Маюць на мэце тут і далей пашыраць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі ветэранскай арганізацыі, як мага часцей запрашаць іх на мерапрыемствы, каб яны маглі падзяліцца жыццёвым вопытам і мудрасцю з малодшым пакаленнем. У сакавіку плануецца таксама дапамагчы арганізаваць святочнае мерапрыемства з нагоды 30-годдзя ўтварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

 

ЛЕПШЫ ВАЛАНЦЁР СТУДЗЕНЯ

    Самае масавае маладзёжнае аб’яднанне краіны славіцца сваімі цікавымі грамадска-карыснымі праектамі. Адзін з такіх называецца “Добрае сэрца Міншчыны”. Пад гэтым брэндам дзейнічаюць валанцёры БРСМ. Кожны месяц моладзь онлайн вызначае лепшага валанцёра. Па выніках інтэрнэт-галасавання ў студзені гэта ганаровае званне прысуджана вядучаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганне Канановіч.

Вось што пра яе распавядаюць сябры і паплечнікі: “Аня – актывіст пярвічнай арганізацыі Валожынскага райвыканкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Яна выдатны чалавек з вялікім добрым сэрцам, творчая і адказная. Актыўны валанцёр атрада “Добрае сэрца” сярод працоўнай моладзі, удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні дабрачынных акцый для людзей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, акцый “Аднаўленне святынь Беларусі”, “У школу з “Добрым сэрцам”. Сама праводзіць трэнінгі па здаровым ладзе жыцця, піша вершы, вучыць маладых паэтаў правільна пісаць і рэдагаваць свае творы”.

 

ПОСПЕХІ ПРЫЗНАНЫ

    У бягучым месяцы адбыўся V Пленум Мінскага абкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. На мерапрыемства запрасілі і прадстаўнікоў Валожыншчыны: работа нашай моладзі там ацэньвалася са станоўчага боку.

Падчас абмеркавання вынікаў дзейнасці ў мінулым годзе і пастаноўкі задач на 2017-ы члены прэзідыума наш райкам адзначылі за выдатную арганізацыю працы ў час правядзення рэспубліканскага спартыўнага свята “Алімпія”, а таксама за актыўны ўдзел у патрыятычным сацыяльным праекце “Кветкі Вялікай Перамогі”: дзякуючы нашаму і некалькім іншым раёнам, мерапрыемствы акцыі атрымаліся яркімі і запамінальнымі.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий