Замест падручніка – жывая прырода

Официально

    Настаўніца Яніна Віктараўна МАКРЫЦКАЯ ператварае вывучэнне біялогіі і геаграфіі ў займальны працэс. Педагог з 30-гадовым вопытам працы ведае, як навучыць дзяцей вучыцца.

З вучнямі Сакаўшчынскай сярэдняй школа імя В. А. Каваленкі дасведчаны географ і біёлаг арганізавала шырокую пазакласную работу. Напрыклад, зараз дзеці падлічваюць зімуючых птушак на мясцовым вадасховішчы. Усю інфармацыю пра віды вадаплаўных і каляводных птахаў юныя арнітолагі спраўна перадаюць у грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Некаторыя школьнікі, па прыкладзе настаўніцы, афіцыйна далучыліся да гэтага аб’яднання энтузіястаў.

Дзеці шчыра зацікаўлены ў дапамозе Птушцы года-2017 – жаўруку-смецюху, які знікае не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Віной гэтаму – пакос травы ў гнездавы перыяд, пестыцыды і небяспека ад катоў. Аднак сакаўшчынцам пашчасціла: жаўрук-смяцюх, што селіцца ўздоўж дарог, быў заўважаны ў мясцовых ваколіцах. Таму дзеці заўзята ўзяліся дапамагаць у складанні спецыяльнай карты: даныя аб сустрэчы з Птушкай года заносяць у атлас назіранняў экалагічнага партала www.florafauna.by.

Удзел у акцыі “Птушкі на кармушцы” – яшчэ адзін кірунак у рабоце школьнага клуба “Крылаты дазор”, якім кіруе Яніна Віктараўна. Маладыя натуралісты, развешваючы на дрэвах птушыныя “сталоўкі”, падтрымліваюць крылатых у суровыя халады. Паралельна вядуць назіранні і ўлік птушак, што прыляцелі падсілкавацца. Каб дапамагчы сініцам, вераб’ям, зусім неабавязкова майстраваць складаныя драўляныя домікі. На ўзбраенні ў знаходлівых арнітолагаў – крэатыўныя ідэі, напрыклад, “упрыгожванне” дрэў высушанымі яловымі і сасновымі шышкамі, запоўненымі сумессю з маргарыну, мукі і рознага насення.

Зусім хутка сакаўшчынскія школьнікі далучацца да міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”. Разам з людзьмі з розных краін свету дзеці стануць фіксаваць на онлайн-карце вяртанне з выраю першых крылатых вандроўнікаў. У “Жывой вясны” іх 5: белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, звычайная зязюля і шчурка-пчалаедка. Змены на электроннай карце ў рэжыме рэальнага часу наглядна прадэманструюць, які нялёгкі шлях на радзіму пераадольваюць крылатыя.

Яніна Віктараўна не застаецца абыякавай да экалагічных праблем Валожыншчыны. Натхніўшыся праектам па “рэабілітацыі” выпрацаванага тарфянога радовішча Бартэніха, які вучоныя рэалізуюць у нашым раёне, сакаўшчынская настаўніца вывучыла працэс аднаўлення балот і асвятліла гэту праблему ў сваім даследаванні “Другое жыццё торфараспрацовак” на конкурсе эколага-біялагічных прац.

Пад кіраўніцтвам Я. В. Макрыцкай праца васьмікласніцы “Чужаземцы на нашай тэрыторыі” – на тэму небяспекі інвазійных відаў раслін – заняла 3-е месца на абласной канферэнцыі навукова-даследчых праектаў школьнікаў.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий