Дэкрэт № 3 – рэальная практыка прымянення

Общество

    грамадзяне павінны ўдзельнічаць у суфінансаванні дзяржаўных расходаў.

Напомнім нашым чытачам, што Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» быў падпісаны 2 красавіка 2015 года з мэтай стымулявання працаздольных грамадзян да працы і папярэджання сацыяльнага ўтрыманства.

У нашым раёне сфарміравана камісія па разглядзе      заяў грамадзян аб вызваленні іх ад выплаты збору на суфінансаванне дзяржаўных расходаў.

У склад раённай камісіі ўваходзяць работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама прадстаўнікі медыцыны, падатковай інспекцыі, супрацоўнікі праваахоўных органаў і аддзела па надзвычайных сітуацыях. Узначальвае камісію намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік.

Па спрэчных пытаннях жыхары раёна могуць звяртацца ў службу са зваротамі грамадзян “Адно акно”, якая размешчана ў Валожыне на плошчы Свабоды, 2 (першы паверх памяшкання райвыканкама).

Дэкрэт № 3 устанаўлівае абавязак грамадзян Беларусі, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў ім менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у памеры 20 базавых велічынь.

Па звестках падатковай інспекцыі паведамленні па выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў накіраваны 1197 грамадзянам нашага раёна.

Дэкрэт накіраваны на ліквідацыю сацыяльнага ўтрыманства. Вырашэнне гэтай праблемы бачылася ў стымуляванні працаздольных грамадзян, якія могуць і павінны працаваць, да легальнай працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў.

Чалавек, які можа працаваць, не інвалід, не абмежаваны ў нейкіх здольнасцях і магчымасцях, павінен працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям’ю і прыносіць карысць краіне, выплачваючы падаткі, і тым самым прымаць удзел у тых расходах, што нясе  дзяржава. Гэта і адукацыя, і ахова здароўя, і іншыя сферы…

Даволі працяглы перыяд, што прайшоў пасля прыняцця дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», дапамагае разабрацца, якія праблемы ўзніклі ў ходзе рэалізацыі дэкрэта, наколькі надзейна пастаўлена заслона сацыяльнаму ўтрыманству, ці ўздзейнічае распрацаваны механізм на тых людзей, якія не хочуць працаваць або працуюць нелегальна.

Устаноўлены пералік катэгорый грамадзян, якія  не ўключаюцца дзяржаўнымі органамі ў спісы плацельшчыкаў: студэнты, жанчыны, што знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках, салдаты тэрміновай службы  і многія іншыя.

Дэкрэт з’яўляецца актуальным, аб’ектыўным і неабходным, аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, уключэнне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва.

Варта зазначыць, што былі  прыняты папраўкі ў дэкрэт № 3. Перш за ўсё, гэта прадастаўленне права мясцовым органам улады прымаць рашэнне аб вызваленні ад збору грамадзян, у якіх склаліся непрадбачаныя жыццёвыя сітуацыі.

Пашырыўся спіс катэгорый грамадзян, якія могуць быць вызвалены ад выплаты збору. Гэта грамадзяне, што  праходзяць альтэрнатыўную службу, спартсмены, якія знаходзяцца ў спісачным складзе нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі па тым ці іншым відзе спорту і не атрымліваюць нейкага даходу.

Тыя грамадзяне, якія атрымалі паведамленне аб неабходнасці выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў, маюць права прадаставіць дакументы і (або) тлумачэнні, што сведчаць аб адсутнасці ў іх абавязку па выплаце збору. Гэтыя тлумачэнні можна прадставіць як асабіста ў падатковы орган, так і накіраваць па пошце або ў электронным выглядзе праз электронны сэрвіс «Электронны зварот».

Грамадзянін, які атрымаў паведамленне, не абавязкова павінен адразу ісці і выплачваць збор – у яго ёсць права даказаць, што ён не з’яўляецца плацельшчыкам збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў.

У сувязі з прыняццем дэкрэта № 3 прыкметна павялічылася колькасць грамадзян, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць і дзейнасць па заяўным прынцыпе, што не патрабуе рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Пасля прыняцця дэкрэта грамадзяне пачалі больш актыўна вырашаць пытанні са сваім працаўладкаваннем.

Зыходзячы з маёмаснага становішча грамадзян, ёсць магчымасць прадастаўляць ільготы грамадзянам у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. Напрыклад, чалавек у пачатку года працаваў і меў пастаянны стабільны даход, потым ён страціў работу з-за таго, што даглядаў хворую маці. У такім выпадку ён мае права звярнуцца ў мясцовы орган улады і атрымаць вызваленне ад выплаты збору.

За нявыплату або няпоўную выплату сумы збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе накладання штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь (базавая велічыня цяпер складае Br23) або адміністрацыйны арышт. Спагнанне збору ў гэтым выпадку будзе ажыццяўляцца ў прымусовым парадку.

Грамадзяне, якія працуюць, навучаюцца або пражываюць за межамі Беларусі, павінны былі самі паклапаціцца аб прадастаўленні звестак, якія пацвярджаюць, што яны фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі менш за 183 дні ў каляндарным годзе.

Пацвярджэнне часу фактычнага знаходжання фізічнай асобы на тэрыторыі Беларусі праводзіцца на аснове даных аб уездзе або выездзе ў або з рэспублікі. Улічваючы адсутнасць пагранічнага кантролю паміж Беларуссю і Расіяй, у падатковы орган можна прадставіць любыя іншыя дакументы, якія з’яўляюцца падставай для вызначэння месца фактычнага знаходжання грамадзяніна на працягу каляндарнага года. Гэта копіі дакументаў, што пацвярджаюць месца жыхарства (пры яго наяўнасці) на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы (копіі дагавора куплі-продажу, найму (паднайму) жылога памяшкання і іншыя); копіі дакументаў, што пацвярджаюць атрыманне на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы даходаў па працоўных, грамадзянска-прававых дагаворах; копіі іншых дакументаў, што пацвярджаюць месца фактычнага знаходжання на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы (жыхарства, знаходжання, работы, службы, вучобы) на працягу каляндарнага года; копіі іншых дакументаў, што пацвярджаюць выезд з Беларусі і час знаходжання на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы.

Калі такіх дакументаў няма, то грамадзянін можа прадаставіць падрабязнае тлумачэнне, якое сведчыць аб тым, што ён сапраўды знаходзіцца за мяжой.

Для рэалізацыі дэкрэта № 3 быў распрацаваны парадак узаемадзеяння дзяржаўных органаў і арганізацый, каб сфарміраваць базу даных плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў.

Пры наяўнасці права на вызваленне ад выплаты збору грамадзяне, у тым ліку і тыя, хто атрымаў паведамленне, могуць прадставіць у падатковыя органы пацвярджальныя дакументы. На практыцы ў многіх выпадках падатковым органам даводзіцца разбірацца індывідуальна.

Дэкрэт № 3 не прадугледжвае прымусовую працу грамадзян. Ён уводзіць абавязак па аплаце збору фінансавання дзяржаўных расходаў для грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў або ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, але менш чым 183 каляндарныя дні ў каляндарным годзе.

 



Добавить комментарий