Pэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Общество

Работнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” у лютым прыступілі да бягучага рамонту фасада дома № 31а па вуліцы Партызанскай у райцэнтры.

На дадзены момант вядзецца дэмантаж абліцовачнага пакрыцця тарцоў жылога будынка. Наступны этап – атынкоўка.

    Па распараджэнні райвыканкама прадстаўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, РАНС і энерганагляду абследавалі будынкі і збудаванні сацыяльнай сферы.

Пабывалі на 36 аб’ектах. Тэмпературны рэжым паўсюдна вытрымліваўся. Буйных парушэнняў камісія не выявіла, а дробныя ўхіляліся на месцы. На парадку дня абследванне аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння і прамысловасці.

 

    У раённым этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Дзень добры, свет!” прынялі ўдзел 12 устаноў адукацыі раёна. Такі конкурс мае мэтай выяўленне і падтрымку таленавітых вучняў.

Журы адзначыла высокі ўзровень майстэрства, творчай індывідуальнасці юных творцаў, выкарыстанне новых матэрыялаў і тэхналогій у работах, арыгінальны пошук, значную работу педагогаў дадатковай адукацыі і школьных настаўнікаў. У намінацыях “Выяўленчае мастацтва” і “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў прысуджаны амаль 60 вучням розных узростаў.

22-24 лютага праводзіўся абласны этап конкурсу, на які былі прадстаўлены лепшыя работы школьнікаў Валожыншчыны.

 

У першыя месяцы бягучага года ў бібліятэчную сістэму раёна паступілі 430 экзэмпляраў кніг.

У шырокім асартыменце прадстаўлены кнігі выдавецтваў “Беларуская энцыклапедыя”, “Мастацкая літаратура”, “Харвест”, а таксама новая літаратура паступіла з абменнага рэзервовага фонду Нацыянальнай бібліятэкі.

Сярод навінак, большасць з якіх ужо з’явіліся на паліцах бібліятэк раёна, – розныя энцыклапедычныя выданні рознай тэматыкі, “Асветнікі Беларусі” ў двух тамах, першы том выдання “Рэгіёны Беларусі”, які прысвечаны Мінскай вобласці. У серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” з’явіліся кнігі пра М. Багдановіча і вядомую актрысу М. Захарэвіч. З серыі “Сто галоўных кніг” паступілі кнігі Р. Брэдберы і Ф. Іскандэра, якія вывучаюцца па школьнай праграме. Кнігалюбы атрымалі новыя раманы Алега Роя, Дар’і Данцовай, Таццяны Усцінавай і іншых папулярных аўтараў.

 

    Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей” праводзіцца штогод.

Яго асноўная мэта – не толькі выяўленне здольных, таленавітых вучняў, але з іх дапамогай прапаганда бяспечнай жыццядзейнасці. У конкурсе ўдзельнічалі вучні ад 7 да 17 гадоў з усіх устаноў адукацыі раёна, якія прадставілі творчыя работы ў намінацыях “Казка”, “Апавяданне”, “Верш”, “Малюнак”, “Плакат”, “Падзелка”, “Скульптура малых форм”, “Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі”.

На абласны этап, які праходзіў у Вілейцы з 21 па 24 лютага, адпраўлены 15 лепшых работ.

 

    Пасля правядзення першага мерапрыемства – абмену кнігамі – у дзіцячай бібліятэцы райцэнтра ўдзельнікі праекта “МАМА-КІДС” аблюбавалі гэту творчую пляцоўку.

Яны збіраюцца ў сценах бібліятэкі па аўторках. Маладыя мамы самі запісаліся ў бібліятэку, заахвочваюць да чытання сваіх нашчадкаў. Работнікі падрыхтавалі для іх выставу “Чытача гадуем у сям’і”. А маладыя маці ў сваю чаргу вырашылі зрабіць фотавыставу “Чытаем з пялёнак”.

Да 8 Сакавіка ўдзельнікі лялечнага гуртка, што дзейнічае пры бібліятэцы, рыхтуюць лялечны спектакль-казку “Падарунак матулі”. Дарэчы, да перадачы кніг “у другія рукі” могуць далучыцца ўсе жыхары Валожына: букросінг не спыняецца.



Добавить комментарий