На чарговым пасяджэнні райвыканкама ў ліку іншых пытанняў абмеркавана эфектыўнасць работы аддзела і ўстаноў адукацыі па забеспячэнню адукацыйных запытаў вучняў і іх бацькоў.
Ва ўнісон з часам
З раённага бюджэту штогод на развіццё сферы адукацыі накіроўваюцца значныя фінансавыя патокі. Дзякуючы такому дзяржаўнаму клопату, забяспечваецца высокі матэрыяльна-тэхнічны ўзровень устаноў адукацыі, стабільна выплачваецца заработная плата кадрам, якія працуюць у гэтай сферы. Але гарантаваная фінансавая падтрымка – гэта толькі адна са складаемых у паспяховай рабоце. Сёння, у эпоху інавацыйнага развіцця, укаранення інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, як ніколі высока цэніцца прафесіяналізм педагогаў. І Валожынскі раён у гэтым плане займае дастойнае месца не толькі ў Мінскай вобласці.
Лакмусавай паперкай узроўню адукацыйнага працэсу можна лічыць перамогі школьнікаў на алімпіядах розных узроўняў, высокі працэнт паступлення выпускнікоў школ у ВНУ і інш. На даны момант 79,1 працэнта настаўнікаў і 46 працэнтаў выхавацеляў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Пра эфектыўную работу аддзела і ўстаноў адукацыі сведчыць тое, што наш раён па выніках цэнтралізаванага тэсціравання з 14 агульнаадукацыйных прадметаў па 7 уваходзіць у дзесятку лепшых раёнаў вобласці. І яшчэ такі красамоўны аргумент: 44,5 працэнта выпускнікоў 2010 года сталі студэнтамі ВНУ. Летась школьнікі раёна атрымалі на прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах даследчых работ 10 дыпломаў і 4 пахвальныя граматы, падзякі (гімназія № 1, Івянецкая, СШ № 1 і № 2 горада Валожына). Тры дыпломы рэспубліканскага ўзроўню ўручаны вучням гімназіі і Івянецкай школы, апошняя, дарэчы, можа пахваліцца і двума міжнароднымі дыпломамі. Праславіліся нашы дзеці на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ і фестывалі дзіцячых СМІ, на абласным конкурсе “Мая сям’я – мой гонар”. Гэтыя і іншыя факты прыводзіліся ў справаздачы Г. В. Сматровай на чарговым пасяджэнні райвыканкама.
НА ВЫСОКІ ЎЗРОВЕНЬ
Адзначалася, што і сістэма дашкольнай адукацыі ў раёне забяспечвае высокі ўзровень развіцця дзяцей, спрыяе таму, каб яны і ў пачатковай школе, і на наступных ступенях адукацыі былі паспяховыя ў навучанні. Створаны звычайныя і санаторныя групы, пры неабходнасці аказваецца карэкцыйна-педагагічная дапамога, на базе ясляў-сада № 3 райцэнтра працуе “Мацярынская школа”, адкрыты дадатковыя рознаўзроставыя групы, ажыццяўляецца дыферэнцыраваны падыход прадастаўлення дадатковых адукацыйных паслуг.
На пасяджэнні райвыканкама Г. В. Сматрова падрабязна расказала і пра матэрыяльна-тэхнічную базу школ, работу савета аддзела адукацыі, дзейнасць пазашкольных устаноў, мадэрнізацыю сістэмы факультатыўных заняткаў. Было зазначана, што вялікай папулярнасцю ў дзяцей карыстаюцца гурткі па інтарэсах. У прыватнасці, у агульнаадукацыйных установах раёна іх налічваецца амаль 200. Гурткі і спартыўныя секцыі наведвае больш за 3 тысячы дзяцей.
У нашых школах, як падкрэслівалася на пасяджэнні райвыканкама, шырока выкарыстоўваюцца інфармацыйна-адукацыйныя рэсурсы, сучасныя тэхналогіі. Рэгулярна сфера адукацыі падтрымліваецца мнагаканальным фінансаваннем, згодна з рознымі комплекснымі праграмамі. Летась на 140 мільёнаў рублёў закуплена аўдыторных дошак, мэблі, тэлевізараў, спартыўнага інвентару, абсталявання для лабараторных работ. На 95,3 мільёна рублёў набыта камп’ютараў, гульнёвага абсталявання. Добрая падмога – і ўласныя, спонсарскія сродкі, яны накіраваны на набыццё камп’ютарных класаў, стэндаў, карт і г. д.
НЕ ТОЛЬКІ ЖАМЧУЖЫНА ВЕДАЎ
Установы адукацыі – гэта не толькі жамчужыны ведаў, гэта і асяроддзе, дзе сталее асоба і вызначаецца са сваім далейшым прафесіянальным выбарам. І таму важна ўжо за школьнай партай займацца ўдумлівай прафарыентацыяй старшакласнікаў. Добра робяць тыя кіраўнікі СВК, прадпрыемстваў і арганізацый, падкрэсліў старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, якія асабіста не мінаюць падшэфную школу, прыходзяць на ўсе важныя святы, унікаюць у праблемы навучальнай установы і актыўна дапамагаюць у іх вырашэнні, а таксама разглядаюць школу як перспектыўнае кадравае звяно. Асабліва гэта актуальна для вясковых школ. Важна шырэй практыкаваць заключэнне дагавораў на падрыхтоўку спецыялістаў, выплату спецыяльных стыпендый і дапамог з фондаў мясцовых прадпрыемстваў. Гэта паспрыяе вырашэнню многіх кадравых праблем, гэта павысіць прэстыж масавых прафесій на вёсцы.
Ірына ПАШКЕВІЧ.