Агляд падзей у раённай газеце за студзень 1966 года

Культура

ДОБРЫ ДЗЕНЬ, 1966 ГОД!

1965 год для працоўных Валожыншчыны, як і для ўсяго савецкага народа, быў годам новых поспехаў у далейшым развіцці сельскай гаспадаркі, прамысловасці і культурнага будаўніцтва.

Лепшых паказчыкаў па ўраджайнасці дасягнулі хлебаробы сельгасарцелей імя Чапаева, “Верны шлях”, імя Карла Маркса, “17 верасня”, якімі кіруюць вопытныя і дбайныя гаспадары таварышы Паташоў, Супрон, Захарэвіч, Сіпач.

Даярка саўгаса “Ракаўскі”, ударніца камуністычнай працы Надзея Галабурда надаіла ад кожнай з 13 замацаваных за ёй кароў больш як па 2500 кілаграмаў малака. Свінар калгаса “17 верасня”, дэпутат райсавета Васіль Бобрык атрымаў па 18 дзелавых парасят ад свінаматкі. А трактарыст калгаса “1 Мая” Іван Бацян пры абавязацельстве 1200 выпрацаваў на трактары 1350 гектараў умоўнага ворыва.

АБ ЧУЛАСЦІ

“Віктар Мікалаевіч Грахольскі працуе ў Забрэжскай бальніцы толькі першы год, пасля заканчэння медыцынскага інстытута. Аднак ён ужо набыў аўтарытэт сярод мясцовага насельніцтва і сваіх пацыентаў.

Глядзіш на гэтага простага чалавека і захапляешся яго працаздольнасцю, добрасумленнымі адносінамі да сваіх абавязкаў. Віктар Мікалаевіч ніколі не лічыцца з часам, нават у выхадны дзень заходзіць у палаты да хворых, падбадзёрвае іх. І на душы становіцца лягчэй ад гэтай чулай увагі.

Бывае так, што хворы хутчэй акрыяе ад ласкавага слова, чым ад розных лякарстваў. В. М. Грахольскі дапамагае ўсім. Толькі за месяц з бальніцы выйшлі 50 чалавек, якім Віктар Мікалаевіч паправіў здароўе.

У калектыве Забрэжскай бальніцы ёсць многа клапатлівых і чулых урачоў і медсясцёр. Хочацца назваць тут Тамару Уладзіміраўну Сабо, Марыю Уладзіміраўну Гоман, Лідзію Антонаўну Грышко”, –  выказвае словы падзякі ўрачам Яўгенія Блізняк з вёскі Жомайдзь.

ЗІМА – ЭКЗАМЕНАТАР СТРОГІ

Нядаўна была праведзена рэйд-праверка ўтрымання дойнага статку ў саўгасе “Падбярэззе” і калгасе імя Куйбышава.

На ферме ў цэнтры саўгаса “Падбярэззе” стаіць 178 кароў. Быў час раздачы кармоў. Да скрыні, напоўненай сіласам, з вёдрамі і кошыкамі спяшаліся даяркі, чэрпалі сілас і разносілі па кармушках. Ніякай нормы, без вагі, на вока. Акрамя сіласу, даюць 4 кілаграмы сечкі, 2 кілаграмы сена і 0,3 кілаграма канцэнтратаў. Такі беднаваты рацыён на ўсіх фермах.

Не запарваюць сечку на фермах у вёсках Анцэлеўшчына і Алянава. Тры дні каровы мычаць над сечкай, не хочуць яе есці. Да таго ж, як растлумачыла даярка Вера Пяшкур, на сечку зрэзалі прыгніўшую салому.

На ферме калгаса імя Куйбышава не толькі кармоў, але і вады жывёле не даюць уволю. Іх пояць адзін раз у дзень, ганяючы на вадапой за паўтара кіламетра ад фермы.

Цяпер у суткі надойваюць не больш за 1,5 кілаграма малака ад каровы. З-за адсутнасці кармакухні ваду грэюць на двары.

ЗАЛАТЫМ ПАТОКАМ

У калгасе імя Суворава хлебаробы рыхтуюць да вясны залаты фонд ураджаю.

Калгасныя кладаўшчыкі Аляксей Жук і Станіслаў Казыра кіруюць ачысткай зерня на дзвюх спецыяльных машынах ОСМЗУ. Кожную раніцу крочаць да свірну Аляксандра Іода, Ніна Унучак, Вера Іода і іншыя калгаснікі. За дзень яны ачышчаюць 4-6 тон пшаніцы і аўса. Да сяўбы зараз падрыхтавана 20 тон ячменю.

Тут жа працуюць ільнаводы. Некалькі разоў прапускаюць яны праз трашчоткі льнасемя, старанна даводзяць яго да пасяўных кандыцый.

УКЛАД ШАФЁРАЎ

Кожны дзень з раённага аб’яднання “Белсельгастэхніка” ў гаспадаркі раёна адпраўляюцца каля трыццаці аўтамашын. За тыдзень яны дастаўляюць па 500-600 тон торфу на палі калгасаў.

Асабліва вызначаюцца на гэтай рабоце шафёры Франц Ігнатавіч Азарэвіч, Леанід Уладзіміравіч Бацян, Міхаіл Ільіч Круглік і інш.

ФОРУМ БРЫГАДЗІРАЎ

Дзелавая размова аб нарыхтоўцы і вывазцы мясцовых угнаенняў вялася на чарговай нарадзе брыгадзіраў паляводчых брыгад раёна. Такія нарады адбываюцца раз у месяц.

Кіраўніку сельгасарцелі “Чырвоны сцяг” прыйшлося трымаць адказ за нізкую якасць прыгатавання кампостаў, а брыгадзіру з калгаса імя Суворава – за марудлівасць на вывазцы тарфакрошкі.

За паспяховае правядзенне работ па падрыхтоўцы да вясны брыгадзір саўгаса імя Маякоўскага І. А. Вярбіцкі, брыгадзіры А. В. Бартош з сельгасарцелі “Краіна Саветаў”, А. М. Бруй з калгаса “Запаветы Ільіча” ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.

Уручаны таксама прэміі механізатарам В. К. Ермалковічу з саўгаса “Залескі”, І. І. Вашкевіч і Б. І. Бычкоўскаму з калгаса “17 верасня”, К. Е. Кучынскаму з саўгаса “Радзіма”.

ЗА ГОНАР РАЁНА

Праходзяць спаборніцтвы сярод юнакоў на першынство вобласці па каньках.

Наш раён прадстаўляюць тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Вялікая надзея ўскладаецца на Леаніда Млота, Уладзіміра Смірнова і Анатолія Мамоньку, якія знаходзяцца ў добрай спартыўнай форме. Гонар раёна таксама будуць абараняць валожынскія школьніцы Бараноўская і Макарава.

СУСТРЭЛІСЯ МАЛАДЫЯ ПЕДАГОГІ

У сёлетнім навучальным годзе ў школы раёна прыбыло вялікае папаўненне маладых спецыялістаў. Каб сустрэцца са сваімі калегамі, шчыра пагутарыць,  для маладых настаўнікаў раённы аддзел народнай асветы сумесна з камсамолам арганізавалі “Агеньчык”.

У прыбранай па-святочнаму зале Валожынскай школы-інтэрната сабралася звыш сотні настаўнікаў. У госці да моладзі прыйшлі заслужаныя настаўніцы рэспублікі Таццяна Сямёнаўна Віткіна, Марыя Мікалаеўна Салаўёва і Галіна Мікалаеўна Курдо, настаўнік-пенсіянер Пётр Канстанцінавіч Скарынка. За кубкам кавы яны расказалі пра свой жыццёвы шлях, раскрылі сакрэты сваіх поспехаў на ніве народнай асветы.

Маладыя педагогі выканалі песні савецкіх кампазітараў, чыталі вершы. А вось настаўніца з райцэнтра Тамара Хахлова прыйшла на “Агеньчык” са сваімі выхаванцамі, якія віталі прысутных. Сакратар райкама камсамола Іван Берцук уручыў актывістам Пахвальныя граматы.

ПРЫБЫТКОВАЯ ГАЛІНА

У калгасе імя К. Маркса значная ўвага ўдзяляецца дапаможным промыслам, якія прыносяць гаспадарцы немалы прыбытак.

Некалькі гадоў тут працуе майстэрня па апрацоўцы воўны. Загадвае ёй майстар сваёй справы Рыгор Крыштаповіч. Майстэрня абслугоўвае вёскі многіх суседніх гаспадарак, што прыносіць прыбытак. За пяць апошніх месяцаў у калгасную касу паступіў 1421 рубель.

ПАДЛІЧЫЛІ ЗДАБЫТКІ

На Івянецкай фабрыцы мастацкай керамікі і вышыўкі першынство ў сацыялістычным спаборніцтве заваяваў калектыў строчна-вышывальнага цэха, які ўзначальваюць Тарэса Юхневіч і Марыя Койра. Лепшыя вышывальшчыцы Рамуальда Раманчук, Марыя Яновіч, Яніна Савіцкая, швачка Марыя Мірон штодзённа перавыконвалі нормы.

Павялічваецца колькасць птушкі ў саўгасе “Ракаўскі”. На ферму “Барок” з Івянецкай інкубатарнай станцыі завезена 6400 куранят. Яніна Вальчэўская і Яніна Сімановіч клапатліва даглядаюць за куранятамі і не дапускаюць паморка маладняку.

ЛЮДЗІ СКАРДЗЯЦЦА

У вёсцы Забрэжжа працуе “Камбінат бытавога абслугоўвання”. Заходзіць, напрыклад, сюды чалавек, спадзеючыся заказаць прыгожы касцюм, моднае паліто і г. д. Але заказчыку прапаноўваюць дарагі і нехадавы матэрыял.

Нярэдка работнікі камбіната не ў тэрмін выконваюць заказы. Адной жанчыне касцюм шылі паўгода. У камбінаце няма таксама Кнігі попыту і прапаноў.

У Багданаве пад адным дахам з сельскім Саветам ёсць невялікае памяшканне, дзе дэманструюцца фільмы. Але бяда ў тым, што тут вельмі холадна і няўтульна. Гледачам прыходзіцца сядзець у шапках і рукавіцах. Апрача таго, у падлозе шмат дзірак, ад чаго памяшканне настывае яшчэ больш. Пара сельсавету адгукнуцца на скаргі людзей і адрамантаваць гэта памяшканне.

НА СТАРЦЕ ЛЫЖНІКІ

“Два дні ў Івянцы праходзілі спартыўныя спаборніцтвы лыжнікаў сярод сельскіх калектываў Валожыншчыны.

На старт выйшла больш за 20 чалавек. Мужчыны хадзілі на 10 кіламетраў, жанчыны – на 5. У напружанай спартыўнай барацьбе перамога дасталася Івану Бандарчыку з сельгасарцелі “Беларусь”. 10 кіламетраў ён пераадолеў за 40 хвілін 49 секунд. Другім і трэцім былі адпаведна рабочыя раённага аб’яднання “Белсельгастэхніка” Анатоль Леўчык і прадстаўнік калгаса “Запаветы Ільіча” Канстанцін Грыбаў.

Сярод жанчын першай была Ніна Баканоўская з калгаса “Беларусь”. Яна паказала час – 24 хвіліны 48 секунд. За ёй ішлі Людміла Белановіч з калгаса імя Леніна і эканаміст сельгасарцелі “Запаветы Ільіча” Ніна Рыбінская”, – паведамляе інструктар райсавета ДССТ “Ураджай” У. Журкевіч.

ВЫВУЧАЮЧЫ ПОПЫТ ПАКУПНІКОЎ

Работнікі гандлёвых кропак Валожынскага гарпо старанна вывучаюць попыт насельніцтва, каб ведаць, якія тавары неабходна завозіць у магазіны ў першую чаргу. Яны паўсядзённа правяраюць Кнігі попыту і прапаноў.

Па заяўках у Валожын завозіліся матацыклы, тэлевізары, мэбля, піяніна. За таварамі часта даводзіцца ездзіць у гарады Мінск, Барысаў, Вільнюс.

Значных поспехаў дабіліся гандлёвыя работнікі ў распаўсюджванні мастацкай, палітычнай, навуковай і іншай літаратуры. Кнігі пасылаюць пакупнікам па пошце на Украіну, у Смаленск і іншыя гарады рэспублікі і краіны.

Да ліку лепшых работнікаў прылаўка ў першую чаргу трэба аднесці загадчыкаў магазінаў Аляксандру Філіповіч, Валянціну Малахаву, Валянціну Карабан, Марыю Жамойдзіну і інш.

ВАЎКІ ЗНІШЧАНЫ

Гэта было вялікай нечаканасцю для работнікаў Белакорацкага лясніцтва. У тутэйшых месцах паявіліся ваўкі. Іх было двое, старых, мацёрых – пераходзячы дарогу, драпежнікі ішлі ў адзін след.

Знішчыць! – такой была мэта мясцовых паляўнічых. Да іх далучыліся выкліканыя па тэлефоне некалькі чалавек з райцэнтра. Дзякуючы паляўнічым У. Паташову, І. Кебічу, С. Грабянчуку, С. Кіпелю, А. Анісімаву, І. Галваноўскаму, Ц. Ключынскаму, М. Башаркевічу і інш., удалося знішчыць двух драпежных звяроў.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий