Да дэпутата за дапамогай

kak-stat-pisatelem1

    На чарговую сустрэчу з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 шостага склікання І. С. Маркевічам запісаліся 13 жыхароў раёна.

Праблемы, агучаныя перад Іванам Станіслававічам, умоўна падзяляюцца на дзве няроўныя групы: тыя, што ўтварыліся пры “дапамозе” іншых людзей, і тыя, што сталі магчымымі пры пэўных абставінах. Падымаюць груз жыццёвых цяжкасцей, дабіваюцца іх вырашэння асобы сацыяльна актыўныя, нераўнадушныя. А той, хто стаў “прычынай галаўнога болю” для суседзяў, родных, грамадства, не толькі не спяшаецца запісацца на прыём да ўлад, але часта яшчэ і перашкоды чыніць. Так, на адным з падворкаў у Дубіне “растуць” сухія дрэвы. Пры парывах ветру з іх ападае кара, голле і засмечвае суседнія ўчасткі. Суседзі дарма просяць гаспадыню спілаваць сухастой. Старшыня сельсавета Д. М. Карачун у курсе канфлікту, цана пытання – да 100 рублёў. Але распараджацца на прыватнай сядзібе без дазволу гаспадара закон не дазваляе. Дэпутат прапанаваў пашукаць рычагі ўздзеяння на незгаворлівую жанчыну.

Дэлегацыя ад жыхароў дома № 11 па вуліцы Савецкай з райцэнтра прыйшла да І. С. Маркевіча з праблемай газіфікацыі кватэр. Трэба ствараць кааператыў, аплачваць праектна-каштарысны план, набываць абсталяванне. На ўсё патрабуюцца немалыя сродкі. Дзяржава гатова ўзяць на сябе значную частку расходаў, рэшта ляжа на жыльцоў. Іван Станіслававіч паабяцаў пасадзейнічаць у дамоўленасці з кіраўнікамі банкаўскіх устаноў аб неабходных крэдытах. Аднак у васьмікватэрным доме да гэтага часу няма цвёрдага пагаднення: ці то дабівацца падводу цэнтральнага ацяплення, ці то газіфікацыі. Па законе ж, калі хоць адзін кватэраўласнік не пажадае ўступаць у кааператыў, адмоўлена будзе ўсім. Так што трэба шукаць кансэнсусу…

А вось жыльцы мікрараёна Паўночны ў райцэнтры згоды дасягнулі: вялікая іх колькасць падпісалася пад заявай добраўпарадкаваць вуліцы і падключыць іх дамы да гарадской каналізацыйнай сістэмы. Начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А. Я. Аліеву, дырэктару РУП “Валожынскі жылкамунгас” А. Ф. Каваленку, аддзелу архітэктуры і ўпраўленню капітальнага будаўніцтва райвыканкама даручана паспрыяць у вырашэнні гэтай праблемы.

Індывідуальныя прадпрымальнікі з Івянца, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі, паскардзіліся на тое, што ім і аўтапарку ствараюцца не аднолькавыя ўмовы для дзейнасці. І. С. Маркевіч быў катэгарычным: “Канкурэнцыя і роўныя ўмовы – для юрыдычных асоб адной сферы!” Старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі паабяцаў пракантраляваць сітуацыю, а таксама прапанаваў пашырыць сетку маршрутаў. Сачыць за вырашэннем справы даручана аддзелу эканомікі райвыканкама.

Не абышлося на сустрэчы і без абмеркавання Дэкрэта № 3, у народзе названым “Аб дармаедах”. Жанчыны-пенсіянеркі, адна з Ганчароў, другая з Гардынава, прыйшлі прасіць за непрацуючых сыноў. Падчас размовы высветлілася, што мужчыны працаздольнага ўзросту жывуць за кошт маці, уласных сем’яў не стварылі, не склаўся ў іх “раман” і з работай, а вось ад клопатаў па вядзенні прыватнай гаспадаркі не ўхіляюцца. Бяда толькі ў тым, што іх прысядзібныя ўчасткі не аформлены для такога роду дзейнасці. Вось і трапілі мужчыны ў кагорту дармаедаў. Для іх і для многіх іншых выйсце або ў пошуку афіцыйнай працы, або ў пераафармленні дакументаў на зямлю з удакладненнем, што на ёй можна займацца вядзеннем гаспадаркі.

Найскладаней аказалася дапамагчы маладой жанчыне з Валожына, якая хоча мець уласную трохпакаёвую кватэру і перасяліцца туды з сацыяльнага жылля. І грошы ў яе ёсць, і жаданне, а вось магчымасці ажыццявіць задумку няма па той прычыне, што ў горадзе на бліжэйшы год стварэнне жыллёва-будаўнічых кааператываў па ўзвядзенні шматпавярховак не плануецца. А індывідуальная забудова жанчыну не цікавіць.

Калі адведзены для прыёму час скончыўся, Іван Станіслававіч і яго памочнікі прааналізавалі, як ідзе вырашэнне праблем, раней узнятых жыхарамі раёна і якія знаходзяцца на дэпутацкім кантролі. Крытыкі ў адрас раённых улад не прагучала, што гаворыць аб узважаным падыходзе да зваротаў грамадзян і адказнасці ў рабоце.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars