Яе прозвішча – сімвал руплівасці…

Яе прозвішча - сімвал руплівасці

    Прозвішча Сапач у ААТ “Агра-Дубінское” даўно стала сімвалам працавітасці і паспяховасці. Напярэдадні раённага мерапрыемства па падвядзенні вынікаў работы арганізацый і працаўнікоў раёна за 2016 год мы сустрэліся з той, хто паказвае прыклад руплівасці і працягвае ў гэтым напрамку развівацца.

Дзіна Канстанцінаўна цяпер працуе аператарам машыннага даення на комплексе “Дубіна-Вяршыцкая”, а да нядаўняга часу яе слава шырока разыходзілася сярод работнікаў, задзейнічаных у раёне на дарошчванні цялят.

Менавіта любоў да працы на зямлі ў сярэдзіне 90-х гадоў прывяла карэнную гараджанку ў сельскую мясцовасць. Яна нарадзілася і вырасла ў Маладзечне, у школе хадзіла ў педагагічны клас, а пасля – працавала выхавальніцай у адным з дзіцячых садкоў… Аднак жыццё расставіла свае прыярытэты, і разам з мужам яна накіравалася асвойваць вясковы быт у Дубіну, дзе купілі дом. Прызвычайванне да сельскіх рэалій прайшло дастаткова лёгка, хаця па першым часе прымусіла патурбавацца распальванне печак…

Дзіна Канстанцінаўна ніколі не цуралася работы, якой бы складанай ці “бруднай”, калі можна так казаць, тая ні была. І толькі парадавалася, калі старшыня гаспадаркі адгукнуўся на просьбу працаўладкаваць. Так яна і ўлілася ў сельскагаспадарчы калектыў. Прыемным бонусам стала перасяленне ў катэдж, пабудаваны па праграме адраджэння вёскі.

Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці – а гэта радасная падзея адбылася ў сям’і Сапачоў у 2005 годзе – гераіня сённяшняга матэрыялу перавялася на комплекс у Дубіне-Вяршыцкай. Яе прызначылі адказнай за дагляд і вырошчванне маленькіх цялят. Не прагадалі: у натуры Дзіны Канстанцінаўны ёсць такія каштоўныя рысы, як надзвычайная працавітасць і адказнасць за даручаны ўчастак работы. За любую справу яна хварэе душой. Таму не дзіва, што ў самым хуткім часе гадаванцы аператара сталі імкліва набіраць у вазе, вызначацца актыўнасцю і ласкавасцю. А ўся справа – у праяўленых да іх адносінах. Бывала, даводзілася і начамі не спаць, каб выпеставаць, выкарміць, падняць на ногі будучае папаўненне малочнага статка. Вынікі такога клопату радавалі і саму работніцу, і кіраўніцтва гаспадаркі на працягу 13-і гадоў.

Цяпер Д. К. Сапач перайшла на працу аператара машыннага даення. Рабатызаваны працэс уносіць свае карэктывы ў звыклую дзейнасць, палёгка пры атрыманні надояў адчувальная. Думаецца, што і тут жанчына ў хуткім часе даб’ецца значных рэзультатаў, якімі можна будзе ганарыцца.

Калі добра працуеш, то хочацца гэтак жа і адпачыць. Асаблівае месца рэлаксацыі ў Дзіны Канстанцінаўны – кухня. Гаспадыня не проста гатуе, яна там “разварочваецца” на поўную, стварае сапраўдныя кулінарныя шэдэўры з выпечкі. Піражкі і вялікія пірагі, тарты – усе гэтыя ласункі не проста здзіўляюць смакавымі якасцямі, але і выгляд маюць адпаведны: пульхныя, румяныя, яны быццам просяць іх узяць і пачаставацца. Такі адпачынак, запоўнены букетам водараў, прыносіць душы Д. К. Сапач сапраўднае задавальненне!

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars