Сэрвіс па-валожынску: на закуску – “хвост паўліна”

Сэрвіс-па-валожынску,-В.-В.-Секачувене-і-А

    Паспытаць фаршыраванага шчупака, прадэгуставаць легендарнае шампанскае “Удава Кліко” французскага вінаробнага дому, заснаванага ў 1772 годзе, ацаніць рыбу ў кунжуце і стэйкі з сёмгі, атрымаць асалоду ад марожанага ў лікёры з апельсінам і шакаладам – такое меню прапануе гурманам рэстаран “Карона” горада Валожына.

    Наведаўшы кухонны цэх гэтага пункта грамадскага харчавання, мы даведаліся: на чый кашалёк тут разлічаны вячэры, якая страва фаварыт у наведвальнікаў і якія крокі даводзіцца прадпрымаць, каб заставацца на плаве ў мэйнстрыме гастранамічнага бізнесу.

Наш выбар на рэстаран “Карона” паў нездарма. Ён – галоўны іміджмейкер раённай кухні. Размешчаны на першым паверсе аднайменнага гасцінічнага комплексу, рэстаран паддаецца строгай ацэнцы турыстаў і камандзіраваных, якія тут спыняюцца. Майстэрства мясцовых повараў, узровень сэрвісу фарміруюць меркаванне гасцей наконт усяго раённага стала.

Нашы пункты грамадскага харчавання не маюць гастранамічных і кулінарных традыцый, як, напрыклад, у Еўропе. Такім чынам і высокай кухні ад мясцовых рэстаранаў чакаць не варта. Труфеляў па французскіх рэцэптах, вустрыц, венскіх пірагоў, дупельшнэпаў тут не падаюць. Аднак беларускі стол можа “ўзяць” сваёй гасціннасцю, а, значыць, наведвальнік заўсёды будзе сыты і задаволены.

 

Чым накормяць у адным З найбуйнейшых

рэстаранаў раёна?

    Прадстаўляем невялікі агляд за месяц люты.

Для выгоды замежнікаў меню “Кароны” на дзвюх мовах – рускай і англійскай.

Сярод страў беларускай кухні – кручэнікі “Панскія” (адна з папулярных страў у наведвальнікаў), свініна, запечаная з грыбамі, салата “Белая бяроза”, бульбяныя аладкі, фаршыраваныя мясам. Ноу-хау ад повараў – ножкі свіныя “Вясковыя”, фаршыраваныя чарнаслівам. На дзіва, самымі дарагімі стравамі нацыянальнай кухні аказаліся мачанка з блінамі: яна абыдзецца ў 5 руб. 98 кап., і дранікі з каўбаскай па-дамашняму: кошт – 5 руб. 49 кап.

У раздзеле “Стравы ад шэф-повара” прадстаўлены салаты і мясныя стравы. Цэнавы максімум салатаў – 5 рублёў. Мясныя стравы – ад 2 руб. 71 кап. (рулецікі з курыных грудак) да 6 руб. 44 кап. (свініна “Дамскі капрыз”).

Што з халодных закусак падаюць у рэстаране? Апроч салатаў, можна паспытаць беларускіх марынадаў або падражніць апетыт рыбнымі закускамі з сёмгі, селядца, хека, мінтая ці карпа, рулетамі з гарбушы і свініны. Самая дарагая страва гэтага шэрага – закуска “Марская фантазія” з сёмгі, скумбрыі, маслін і лімона за 9 руб. 58 кап.

А што ў нас на першае? Сярод прапаноў – зацірка з малаком за 84 капейкі, булён з фрыкадэлькамі – 1 руб. 76 кап., зборная мясная салянка за 4 руб. 1 кап.

Другія стравы прадстаўлены рыбай, філе птушкі, катлетамі, шніцэлем, смажанінай і каўбасой па-дамашняму. Кошт іх – ад 2 руб. да 5 руб. 76 кап.

На гарніры повары прапануюць агародніну (свежая капуста, агурок, перац), цвятную капусту ў кляры, рызота, масліны і алівы. Можна заказаць бульбу: фры, пюрэ або смажаную лустачкамі, пададуць з квашанай капустай, марынаванымі агуркамі, вострай морквай.

Пяройдзем да дэсертаў. Наведвальніку прапануюць выбар з фруктовых асарці і некалькіх відаў марожанага. Коштавы дыяпазон салодкіх страў – ад 1 руб. 45 кап. да 3 руб. 84 кап.

З гарачых напіткаў – розныя сарты чаю (сярэдні кошт – 1 руб. 25 кап.), свежамолатая кава (1 руб. 94 кап.).

Стравы па папярэднім заказе стартуюць ад 68 капеек (жэле слоенае) да 17 руб. 6 кап. (стэйк з філе сёмгі). Повары прыгатуюць іх на працягу 30-40 хвілін з моманту заказу.

Распаліць апетыт прапануюць вытанчанымі вінамі. У меню іх каля 30 відаў. Лёгкія падаюць у якасці аперытыву. Марыя Аляксандраўна Муравінская, загадчыца вытворчасці рэстарана, з упэўненасцю сцвярджае: такога шырокага асартыменту віннай карты няма ні ў адным рэстаране нашага раёна. Прадстаўлены напіткі з Малдовы, Германіі, Францыі, Італіі, Літвы, ЗША, Лівана, Іспаніі, Вялікабрытаніі. Бутэлька самага дорага з іх – грузінскага “Кіндзмараулі” – абыдзецца ў 36 рублёў 60 капеек.

 

ПРАДАСТАВІЛІ ПОЎНЫ КАРТ-БЛАНШ

Гастранамічны “стаж” у “Кароны” невялікі. Рэстаран адкрыўся ў снежні 2011 года. Кожныя выхадныя тут прымаюць банкеты, у гэтых сценах спраўляюць юбілеі і вяселлі да 85 чалавек. У VIP-зале ад старонніх вачэй адасабляюцца невялікія кампаніі. Час ад часу закаханыя заказваюць рамантычныя вечары на дваіх. Новы рэстаран знайшоў шлях да сэрца спажыўца, пачаў прыносіць “чырвоную капейку”.

І толькі Марыя Аляксандраўна Муравінская і тыя людзі, якія з самага пачатку былі з ёй у камандзе, ведаюць, як гэта – пераадольваць мноства падводных камянёў, амаль з нуля ствараючы рэстаранны бізнес.

РУП “Валожынскі жылкамунгас”, якому належыць гасцінічны комплекс “Карона”, прадаставіў у той час Марыі Аляксандраўне поўны карт-бланш. У сваё распараджэнне яна прыняла голыя сцены. Прыйшлося, як кажуць, зажмурыцца і “скокнуць” у невядомае. Самастойна займаліся не толькі ўладкоўваннем вытворчых памяшканняў і закупкамі кухоннага абсталявання, але і ўнутраным дызайнам абедзенных залаў, распрацоўкай меню.

З апошняй задачай загадчыцы дапамагала спраўляцца Вера Віктараўна Секачувене – адзіны шэф-повар, які працуе ў рэстаране з моманту яго стварэння. З кагорты нязменных работнікаў і тэхнолаг-калькулятар Ірына Уладзіміраўна Шыбут.

Студзеньскі тавараабарот рэстарана – 20-25 тыс. рублёў. Зараз на кухні ўпраўляюцца 4 повары. Працуюць у парах пазменна. В. В. Секачувене гатуе з Антанінай Іванаўнай Жвірко. Валерыя Аляксееўна Патапчанка кухарыць з Наталляй Анатольеўнай Мурэнка.

Майстры кулінарыі вараць 12 відаў супоў, асвоілі гатаванне 28 гарачых страў, у іх гастранамічнай скарбонцы – 32 рэцэптуры салатаў.

Працягваецца мадэрнізацыя кухні. Нядаўна запусцілі грузавы міні-ліфт замежнай вытворчасці. Пад’ёмнік дазволіць за лічаныя секунды дастаўляць стравы ў бар, размешчаны ў падвальным памяшканні. У “Кароне” з’яўвіўся і новы від паслуг – арганізацыя памінальных вячэр па зніжаных цэнах і асобным меню.

…Рэстаран адкрыты кожны дзень. Наведвальнікаў пачынаюць прымаць апоўдні да 11 гадзін вечара, а ў пятніцу і суботу – да гадзіны ночы. Усяго ў сістэме грамадскага харчавання “Кароны” заняты 12 чалавек: афіцыянты, бармен і іншыя.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 Сэрвіс-па-валожынску,-В.-В.-Секачувене-і-А

    Майстры-кулінары Вера Віктараўна СЕКАЧУВЕНЕ і Антаніна Іванаўна ЖВІРКО.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars