У пошуках “залатога ключыка” педагогікі

У-пошуках-залатога-ключыка-педагогікі

Надзея Анатольеўна БАРКОЎСКАЯ – пераможца раённага конкурсу “Настаўнік года-2016”.

Што трэба, каб называцца лепшым настаўнікам раёна – прымяняць наватарства ў працы ці падрыхтаваць энную колькасць пераможцаў алімпіяд? А можа, сакрэт педагагічнага поспеху зусім не ў гэтым?

У пошуках “залатога ключыка” мы прыйшлі ў валожынскую гімназію. Тут даведаліся, як філасофія Дэкарта дапамагае Н. А. Баркоўскай не расчароўвацца ў жыцці, чаму для матэматыкаў закон не пісаны, і якія скарбы “Настаўнік года” адкопвае ў градках.

Яе можна лічыць шчаслівай. І падстаў на тое мноства. Яна адгадала сваё прызванне і зацвердзілася ў ім. Калясіць вакол ды навокала ў пошуках прафесіі не прыйшлося. Свая каляіна адкрылася яшчэ за школьнай партай. На выбар педагагічнай нівы натхніла настаўніца матэматыкі Лідзія Пятроўна Уланчык. Мудры педагог умела паказаць дзецям прыгажосць гэтай дакладнай навукі і ўсю высакароднасць прафесіі педагога. Скончыўшы СШ № 1 райцэнтра з сярэбраным медалём, юная Надзея не сумнявалася: матэматыка – яе лёс. Так яно і атрымалася…

У гімназіі Н. А. Баркоўская працуе 12 гадоў. Ёсць у настаўніцы і некаторы стаж у сярэдніх школах № 1 і № 2 райцэнтра.

Набыты педагагічны вопыт зацвердзіў у меркаванні: лепшы спосаб навучыць – спалучаць традыцыі савецкай школы адукацыі з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. У працы Наталля Анатольеўна актыўна выкарыстоўвае гаджаты: школьнікі сістэматычна займаюцца за наўтбукамі, “ажывіць” матэматычныя формулы і тэарэмы дапамагае інтэрактыўная дошка. Урокі Надзеі Анатольеўны наведваюць дзеці з 5 па 11 класы. Яе вучаніцы перамагаюць на раённых і ўдзельнічаюць у абласных этапах рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.

Надзея Анатольеўна не толькі дасягнула прызнання ў прафесіі. Шчасце знайшла і ў мацярынстве. Гадуе траіх дзяцей. Пяцігадовая Марыя ходзіць у дзіцячы сад. Двое старэйшых сыноў бачаць маму не толькі дома, але і на ўроках – яна іх настаўніца. У хлопцаў няма праблем  з матэматыкай. 13-гадовы Максім вучыцца на 8-9, аднак захоплены спортам. А вось адзінаццацікласнік Мікалай будзе паступаць на праграміста: ён выдатнік, не першы год прывозіць дыпломы 1-2-й ступеняў з абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.

У сям’і фарміруецца дынастыя людзей, захопленых лічбамі. Настаўнікам матэматыкі працуе і родная малодшая сястра Надзеі Анатольеўны, старэйшая – бухгалтар.

Чым прываблівае гэта навука? Як ні дзіўна, але элементам творчасці і магчымасцю думаць нестэрэатыпна. Усе ўпэўнены: паралельныя прамыя не перасякаюцца. А матэматыкі, абышоўшы ўсе законы логікі, даказалі адваротнае. Так з’явілася гіпербалічная геаметрыя.

Так перасекліся лёсы Надзеі Анатольеўны і яе мужа, матэматыка-праграміста. Іх аб’ядналі не толькі аднолькавыя маральныя каштоўнасці, але і агульныя інтарэсы. Абодва любяць экатурызм. Летам у кампаніі сваякоў выязджаюць адпачываць на азёры. Пабывалі ў шматлікіх маляўнічых кутках Беларусі. Бяруць з сабой і дзяцей. Палаткі і вячэра на кастры, рыбалка і спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы – усё гэта нараджае ў сям’і энергетыку са знакам плюс.

Да прыроды ў Надзеі Анатольеўны асаблівае стаўленне. Надзвычай трапяткое. Сям’я Баркоўскіх жыве ў прыватным доме, мае агарод у 7-8 сотак, фруктовы сад. Даглядаць іх – задавальненне для гаспадыні. Капаючы зямлю, добра “пакапацца” і ў сваёй душы. Зямля сілкуе сваёй энергіяй, дорыць заспакаенне і прыліў бадзёрасці. Калегі Н. А. Баркоўскай прызналіся па сакрэце: лішкамі вырашчанага ўраджаю – агуркамі, кабачкамі, яблыкамі – гэта шчодрая настаўніца нярэдка частуе і іх.

Матэматыкі – тыя яшчэ філосафы. Невыпадкова сваім крэда Надзея Анатольеўна абрала вечнае – “Сумняваюся – значыць, існую”. Знакаміты афарызм матэматыка Дэкарта вучыць глядзець на жыццё з розных ракурсаў. Навакольны свет – суцэльная галаваломка, і ўсё не так, як здаецца. Магчыма, ён і натхняе нястомных шукальнікаў не толькі на новыя адкрыцці ў навуцы, але і ў сваёй свядомасці і характары.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars