Асалода для душы

Асалода для душы

    Па выніках мінулага года Бабровіцкі культурна-спартыўны цэнтр паказаў лепшы вынік платных паслуг у грашовым вымярэнні. Невялікі, з трох чалавек, калектыў зарабіў 36900 рублёў. Асноўнай крыніцай паступленняў стала арэнда памяшканняў, але творчасць тут таксама аказалася канкурэнтаздольнай.

Сумесна з калектывам “Дубінскія фанабэры” бабровіцкія артысты правялі не адзін платны канцэрт як у раёне, так і за яго межамі. Для сваіх аднавяскоўцаў ладзілі вечарынкі і тэматычныя сустрэчы, стараліся дагадзіць інтарэсам дзяцей, моладзі, пажылых. Летась паспрабавалі адкрыць рэзідэнцыю Дзеда Мароза. І гэты першы блін комам не выйшаў! Госці з райцэнтра не пераставалі дзякаваць, хвалілі і за афармленне, і за забаўляльную праграму, за сюрпрызы і пачастункі.

Дырэктар установы Ларыса Вітальеўна ТУР працуе ў сферы культуры з 2007 года, яна належыць да людзей, якіх вабяць новыя веды і ўменні, пошукі творчага самавыражэння і жаданне несці людзям радасць. Не сакрэт, што ў эпоху татальнага тэлебачання колькасць наведвальнікаў “жывых” канцэртаў скарачаецца. У змаганні за ўвагу свайго гледача Ларыса Вітальеўна мае “козыр”: паколькі яна сама ўраджэнка Бабровічаў, то густы мясцовай публікі ведае дасканала, заўсёды ў курсе, што хвалюе ці прываблівае яе.

Прыхільнікі дырэктара Бабровіцкага КСЦ ёсць і па ўсім раёне. Ларыса Вітальеўна любіць спяваць, асабліва хораша ў яе атрымліваюцца народныя песні. Ужо цяжка ўявіць, што без яе ўдзелу можа адбыцца кірмаш ці Свята горада.

Сама ж жанчына ўпэўнена, што ёй проста пашанцавала знайсці справу па душы. Справу, без якой палітра жыцця ніколі не будзе поўнай…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars