За іх руплівасць і старанне гучала шчырае прызнанне…

За-іх-руплівасць-і-старанне...-Фота-4

    Падвядзенне вынікаў працы арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў за мінулы год, а таксама вызначэнне і ўзнагароджанне лепшых па прафесіі  – падзея для раёна заўсёды ўзнёслая і пачэсная. У гэты дзень агучваюць самыя значныя дасягненні ў розных сферах, віншуюць кіраўнікоў, чые стратэгічная прадбачлівасць і штодзённыя клопаты дапамаглі калектывам-лідарам умацоўваць свае эканамічныя пазіцыі, і, вядома ж, вітаюць тых работнікаў, хто вызначыўся найбольшым укладам у павышэнне дабрабыту роднай Валожыншчыны. У мінулую суботу ў зале кінатэатра “Юнацтва” райцэнтра сабралася мноства людзей, у гонар якіх і ладзілася гэта мерапрыемства.

Мінулы год быў багаты на дасягненні ў самых розных сферах жыцця раёна. Гэта азначыў, выступаючы, старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка. Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады назваў прозвішчы, што сталі своеасаблівым сімвалам паспяховасці і адданасці абранай справе, а таксама шчыра прывітаў шаноўных ветэранаў працы.

Асобныя словы ўдзячнасці М. А. Астрэйка адрасаваў Герою Сацыялістычнай Працы Зоі Макараўне Задоры – жывой легендзе нашага раёна. Жанчыне, якая ўсё жыццё без астатку прысвяціла працы на зямлі, было заўважна прыемна, што яе подзвіг да гэтай пары натхняе на стваральную дзейнасць многіх рупліўцаў… Кіраўнік раёна яшчэ раз падзякаваў усім, хто не шкадаваў сіл дзеля нашага агульнага дабрабыту: вясковым рупліўцам, будаўнікам, кіраўнікам прадпрыемстваў, настаўнікам і ўрачам, работнікам сферы гандлю і паслуг, работнікам культуры, прадпрымальнікам і прадстаўнікам грамадскасці, за плённую працу на карысць працвітання Валожыншчыны.

На запрашэнне далучыцца да ўрачыстасці адгукнуліся і многія ганаровыя госці: генеральны дырэктар ДУ “Аб’яднанне Мінскмеліявадгас” Мікалай Мікалаевіч Карповіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Іван Станіслававіч Маркевіч, колішні старшыня райвыканкама Валянцін Іванавіч Малішэўскі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Вячаслававіч Радаман, дырэктар Маладзечанскага Палаца культуры Святлана Рыгораўна Сарока, прадстаўнікі Дзяржынскага, Стаўбцоўскага і Уздзенскага раёнаў. Разам з астатнімі парадаваўся поспехам рупліўцаў Валожыншчыны і добра знаёмы ўсім нам па былой пасадзе галоўнага ўрача раёна Яраслаў Аляксандравіч Мянцюк, які сёння займае высокі пост памочніка міністра аховы здароўя краіны.

Вядома ж, кожнаму знайшлося што сказаць у такі ўрачысты дзень, а таксама зрабіць яго яшчэ больш запамінальным. Да прыкладу, акрамя віншаванняў, старшыня “Мінскмеліявадгаса”  ўручыў Ганаровыя граматы абласнога выканаўчага камітэта. За добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці гэтай узнагароды ўдастоены загадчык Багданаўскай урачэбнай амбулаторыі Аліна Уладзіміраўна Круцько, дырэктар сярэдняй школы № 2 Валожына Ларыса Вікенцьеўна Петрашкевіч.

Падзяка старшыні Мінаблвыканкама аб’яўлена галоўнаму інжынеру ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Сяргею Іванавічу Борысу, майстру вытворчасці філіяла ДП “Мінаблпаліва” Дзмітрыю Аляксеевічу Загорскаму, а таксама дырэктару Дубінскога сельскага Цэнтра культуры Марыне Уладзіміраўне Чабай.

Прыемны сюрпрыз зрабіла і С. Р. Сарока, якая, акрамя асноўнай дзейнасці, узначальвае абласную арганізацыю Беларускага саюза жанчын. Па лініі гэтага грамадскага аб’яднання яна ўручыла Дыплом за перамогу ў конкурсе “Жанчына года Міншчыны-2016” у намінацыі “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва” яшчэ адной нашай зямлячцы – дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіне Фадзееўне Рай.

Кульмінацыяй урачыстасці, вядома ж, стала ўшанаванне лепшых калектываў і работнікаў Валожыншчыны. Гэту ганаровую місію асабіста выканаў старшыня райвыканкама. Пераможцам раённага спаборніцтва па сяўбе яравых зерневых і зернебабовых культур прызнана ААТ “Агра-Дубінское”, а лідарам па закладцы кармавой базы стала ААТ “Багданаўскае”: у гаспадарцы нарыхтавана 34,4 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву.

За дасягнутыя высокія паказчыкі прызнаны пераможцамі калектывы Гародзькаўскага сельвыканкама і мясцовай урачэбнай амбулаторыі, СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў, Івянецкай сярэдняй школы, ясляў-сада № 3 г.  Валожына “Пралеска”. Былі названы і імёны лепшых па прафесіі. Партрэты 17-і перадавікоў у бліжэйшы час заменяць выявы папярэднікаў на раённай Дошцы гонару.

За добрымі паказчыкамі  – адданасць справе, веды, настойлівасць і цярпенне. За лічбамі – канкрэтныя людзі і іх напоўненыя стваральнай працай будні. Пераможцамі раённага спаборніцтва сярод механізатараў сталі Аляксандр Шарко з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, прадстаўнікі працоўнага калектыву ТАА “Адамова-агра” Анатоль Барышчук і Мікалай Тышкевіч, бабровіцкі перадавік Мікалай Кабушка, Эдуард Кушаль і Іван Чарнухін з КСУП “Пяршаі-2014”, трактарыст ТАА “Тарасава” Андрэй Сцяпанаў, а таксама Віктар Навасельскі з Вішнева, сівіцкія рупліўцы Леанід Мойса і Анатоль Бадак, Іван Пашкоўскі з КСУП “Сугвазды-агра”, Уладзімір Шкель і Дзмітрый Грышалевіч, якія заўзята шчыруюць на суднікаўскіх палетках, і многія іншыя. Няма сумнення, што прафесіяналізм гэтых спрытных і гаспадарлівых працаўнікоў яшчэ не адзін год паслужыць трывалым падмуркам для ўмацавання эканамічнай бяспекі родных гаспадарак.

Сяргей САДОЎСКІ

Фота аўтара і Валянціны КРАЎНЕВІЧ

За-іх-руплівасць-і-старанне...-Фота-1

    Шаноўныя госці ўрачыстасці, выступаючы перад залай, пажадалі Валожыншчыне і яе жыхарам дабрабыту і плёну.

За-іх-руплівасць-і-старанне...-Фота-2

    Сярод узнагароджаных – дырэктар Ракаўскай ДШМ Юлія МЯКІНКА і загадчык Гародзькаўскай урачэбнай амбулаторыі Віктар МІХАЛЕВІЧ.

За-іх-руплівасць-і-старанне...-Фота-3

    «Жанчынай года Міншчыны-2016» прызнана дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна РАЙ. Дыплом, які засведчвае гэту радасную падзею, уручыла ёй старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Рыгораўна САРОКА.

За-іх-руплівасць-і-старанне...-Фота-4

    Калектыў ААТ «Агра-Дубінское» на чале з дырэктарам Генадзем Вацлававічам КАСПЯРОВІЧАМ забяспечыў сяўбу яравых зерневых і зернебабовых культур у аптымальныя тэрміны пры высокай якасці выканання ўсіх агратэхнічных патрабаванняў. Гаспадарцы былі ўручаны Дыплом і грашовая прэмія. Але не толькі гэтым праславіліся дубінцы. Наталля Васільеўна ЖУКОЎСКАЯ, Сяргей Віктаравіч САЛОМКА, Марта Аляксандраўна МАЗОЛЬ, Дзіна Канстанцінаўна САПАЧ, Аляксандр Мікалаевіч САДОЎСКІ і Вольга Міхайлаўна ЧАРАПОВІЧ сталі лідарамі ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва – кожны ў сваёй дзейнасці. А большасць з названых атрымалі заслужанае прызнанне і на раённай сцэне.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars