Разам з камандай – да поспеху

Разам з камандай - да поспеху

Наталля Васільеўна ЖУКОЎСКАЯ – галоўны заатэхнік ААТ “Агра-Дубінское”. Гарадская жыхарка, яна некалькі гадоў назад кардынальна памяняла жыццёвы курс – разам з мужам пераехалі на пастаяннае месца жыхарства з Мінска ў Дубіну. Зараз нясе адказнасць за жывёлагадоўлю гаспадаркі. Спецыяліст згадзілася адказаць на некалькі нашых пытанняў.

    – Наталля Васільеўна, Вы ў гаспадарцы даўно не навічок. 7 гадоў – тэрмін, пасля якога можна зрабіць пэўныя высновы. Якія ўмовы спрыялі таму, што Вы ў ёй замацаваліся? Што змянілася за гэты час?

– У ААТ “Агра-Дубінское” мне дапамаглі паверыць у сябе і свае сілы. Пасуюць і адносіны кіраўніка, і падтрымка калег. Пазітыўныя змены, безумоўна, ёсць. Адразу хачу сказаць, што гэта заслуга не мая, а ўсёй каманды жывёлаводаў. Па-першае, мы павялічылі пагалоўе. На ўтрыманні маем 2580 галоў БРЖ. Дойны статак – 785 кароў. Валавы надой на карову – 5850 л. Па-другое, ёсць прагрэс і па прывагах. Сярэдні паказчык складае 545 г у суткі. У гаспадарцы 7 ферм: 3 МТФ, 3 – па дарошчванні маладняку і малочнатаварны комплекс “Дубіна-Вяршыцкая”.

– У рабоце кіраўніка галоўнае – каб было на каго абаперціся. Хто ўваходзіць у вашу каманду?

– У першую чаргу – загадчыкі ферм. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, людзі, апантаныя работай, адказныя, вопытныя. Раіса Чаславаўна Чыркевіч узначальвае МТК, загадчыкі МТФ – Алег Анатольевіч Ліштван, Сяргей Сцяпанавіч Зянько (выконваюць і абавязкі технікаў-асемянатараў) і Казімір Вітольдавіч Абрамовіч. Выдатна працуюць загадчыкі ферм па адкорме БРЖ Святлана Мікалаеўна Сакалоўская, Леаніда Сямёнаўна Далінкевіч, Галіна Мартынаўна Дурко. Што тычыцца росту пагалоўя, тут паказчыкі ў значнай ступені залежаць ад адказнасці і ўмення тэхнікаў-асемянатараў. Апроч дэталёвага выканання тэхналогіі штучнага асемянення, гэтыя спецыялісты валодаюць яшчэ і выдатнымі чалавечымі якасцямі – цярпеннем, дакладнасцю, акуратнасцю. Нашы Аляксандр Мікалаевіч Садоўскі і Франц Эдвардавіч Бітэль – працаўнікі са стажам, карыстаюцца павагай як адміністрацыі гаспадаркі, так і калег. Упэўнена: калі ёсць паразуменне паміж заатэхнікам, загадчыкам фермы і асемянатарам – з іх агульнай работы абавязкова будзе плён. Паказчыкі па ўзнаўленні статка маем добрыя – 84 цяляці ад 100 кароў.

 –  Як карову накорміш – такі і надой атрымаеш… Наколькі правільны гэты выраз?

– Безумоўна, правільны. З кармамі ў нас праблем няма. Сілас, сянаж, канцэнтраты, абавязкова – патака, дабаўкі з мікра- і макраэлементамі. Жывёлу кормім добра і, галоўнае, правільна. Аднак жа пры ўсёй важнасці рацыёну на першы план выходзіць стаўленне да працы галоўных людзей вытворчага працэсу – аператараў машыннага даення. Прафесіі даярка даўно няма ні ў адным афіцыйным дакуменце, але тэрмін гэты трывала замацаваўся за тымі, ад каго залежаць кілаграмы малака, за якія змагаемся. Нашы дзяўчаты з усёй адказнасцю ставяцца да сваіх абавязкаў. Дарэчы, вопытны прафесіянал-аператар яшчэ да лабараторных даследаванняў і прыкметных сімптомаў беспамылкова выявіць карову, што захварэла, і не дапусціць яе кантакту са здаровай жывёлай. Таму мастыты ў нас здараюцца нячаста. Лячэнне праводзіцца з улікам рэкамендацый спецыялістаў райплемстанцыі. У дойны статак карова вяртаецца толькі пасля належнага лабараторнага кантролю за якасцю малака.

– З чым звязваеце планы і спадзяванні па развіцці жывёлагадоўгі ў вашай гаспадарцы?

– З нецярпеннем чакаем заканчэння будаўніцтва новага даільна-малочнага блока на комплексе “Дубіна-Юрздыцкая”. А спадзяёмся толькі на сябе. Асноўнае наша багацце – людзі, што шчыра і аддана працуюць на карысць сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, на зарплату жывёлаводы не скардзяцца. Яны ведаюць: як спрацуем, тое і атрымаем.

    – Наталля Васільеўна, ці цяжка было рашыцца на пераезд у сельскую мясцовасць? Якія абставіны спрыялі таму, каб стаць сельскай жыхаркай?

– На самай справе пра жыццё на вёсцы я ведаю не па чутках. Бацька – з Дубіны, тут жа жылі дзядуля і бабуля. Яны трымалі гаспадарку. Мы з мужам працавалі на заводзе, жылі разам з яго маці. Таму адным з важнейшых пабуджальных момантаў стала магчымасць займець уласнае жыллё. У Дубіне нам прадаставілі ўтульны дом. Да сённяшняй пасады прайшла пэўны шлях – працавала цялятніцай, аператарам машыннага даення. Шчыра кажучы, вельмі старалася. Маё стаўленне да работы было заўважана – накіравалі на вучобу. Скончыла Смілавіцкі каледж, зараз вучуся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars