Сырнымі сакрэтамі дзяліліся ўмельцы

Сырнымі-сакрэтамі-дзяліліся-ўмельцы

На аграэкасядзібе “Коні-поні” непадалёк Ракава па ініцыятыве старшыні праўлення спажывецкага кааператыва “Валожынскія гасцінцы” Алеся Белага прайшоў майстар-клас “Вытворчасць і рэалізацыя дамашняга сыру”.

    Мерапрыемства ініцыіравалася ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і Фонда “Еўразія”.

Мне здаецца, што нават самі арганізатары майстар-класа не чакалі такога наплыву ўдзельнікаў. Разлічвалі ў першую чаргу на прадстаўнікоў нашага раёна, а, дзякуючы магчымасцям інтэрнэт-прасторы, жадаючыя авалодаць сакрэтамі і нюансамі сыраварэння прыехалі з Вілейскага, Смаргонскага раёнаў, з Віцебска і Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці і нават з Расіі. Проста назіральнікаў амаль не было, большасць удзельнікаў майстар-класа аказаліся не навічкамі ў сыраварэнні, аднак знайшліся і такія, хто толькі збіраецца заняцца гэтай справай, набываць у гаспадарку карову ці казу. Увогуле, сабралася каля 40 чалавек.

Праграма дня была надзвычай насычаная: прыгатаванне трох відаў тварожных сыроў па традыцыйных беларускіх рэцэптах, прыгатаванне двух відаў сычужных мяккіх сыроў, салодкага і салёнага “яблычнага сыру”, інгрэдыенты: ферменты, закваскі, адрозненне мяккіх сыроў ад цвёрдых. Акрамя гэтага праводзіўся агляд існуючага на рынку абсталявання для сыраварэння ў дамашніх умовах, закраналіся прававыя аспекты законнага гандлю прадукцыяй з асабістай падсобнай гаспадаркі, расказвалася пра збыт прадукцыі, дзе і як яе можна прадстаўляць і прадаваць. Майстар-клас давалі гаспадары пермакультурнай аграсядзібы “Памяна”, што пад Крэвам на Смаргоншчыне, удзельнікі мінулагодняга праекта АНТ “Мой бізнес” Юлія Вінакурава разам з мужам Канстанцінам. З уласнай прадукцыі яны стварылі нават невялікую выставу, дзе былі прадстаўлены сыры іх вытворчасці ў самых розных абалонках, выкарыстоўваемыя спецыі, посуд.

З нашага раёна на майстар-клас прыехалі Алесь Белы, гаспадар аграсядзібы “Ганка” Анатоль Ганец, гаспадар фермерскай гаспадаркі “Мядовая каралева” Аляксандр Хаўрук, уладальнікі ўласных падсобных гаспадарак сям’я Кербедзяў, Яніна Эдуардаўна Журавец з Сакаўшчыны, Тамара Уладзіміраўна Хімарода з Ракава, Галіна Іванаўна Рымша з Сугваздаў, гаспадар аграсядзібы “За масточкам” Дзмітрый Наканечны, Анатоль Канстанцінавіч Ляўковіч з вёскі Новы Двор, прадстаўнік экапасялення “Росы” і некаторыя іншыя.

Акрамя таго, што ўсе зацікаўлена ўспрымалі інфармацыю Юліі Вінакуравай, дык яшчэ і актыўна ўключаліся ў абмеркаванне, дзялілія ўласнымі рэцэптамі прыгатавання сыроў, напрацоўкамі па рэалізацыі прадукцыі. Асабліва шмат карыснай інфармацыі атрымалі ад прадстаўніка экафермы “Дамадзедаўская”, якая знаходзіцца непадалёк Масквы.

Нягледзячы на тое, што ўсё менш вяскоўцаў трымаюць кароў, многія замянілі іх козамі, зусім малалікімі сталі грамадскія гурты, попыт на малочную прадукцыю з уласных гаспадарак павялічваецца. А вось разнастайныя сыры з рознымі прыправамі з каровінага і казінага малака вельмі цэняцца гурманамі. Без праблем збываецца прадукцыя ў тых населеных пунктах, дзе шмат дачнікаў, аб’ядноўваюцца між сабой, ствараюць своеасаблівыя тандэмы гаспадары аграсядзіб і прыватнікі. Пра ўсё гэта ў той дзень гаварылася на семінары. Так мяркую, што неўзабаве на розных раённых кірмашах і святах мы ўбачым у продажы не толькі сувенірную прадукцыю мясцовых умельцаў, але і самаробныя сыры. Не дасць заседзецца сыраробам кааператыў “Валожынскія гасцінцы”.

Асобную падзяку хочацца выказаць гасцінным гаспадарам аграсядзібы “Коні-поні” за экскурсію па сваіх уладаннях, смачны абед і магчымасць пазнаёміцца з чатырохногімі гадаванцамі, што ўтрымліваюцца на падворку. Большасць з нас там былі ўпершыню.

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars