Скарбы душы

Культура

Заходзіць у госці без запрашэння не вельмі ветліва, але ў журналісцкай практыцы такія выпадкі здараюцца. І заўсёды прыемна ўражваюць людзі з густам прыбраныя, у доме якіх пануюць чысціня і парадак, а з кухні даносяцца пахі свежапрыгатаванай ежы. Застаецца толькі давацца дзіву, як некаторыя ўмеюць хораша наладзіць уклад жыцця…

Элеанору Уладзіславаўну Янушкевіч у Пугачах ведае кожны. Яна даўно стала тут сваёй, хоць нарадзілася і вырасла ў Агародніках, школу заканчвала ў Захажэве. А вось усё, што звязана з прафесійным ростам, сямейным жыццём, сталеннем прайшло ў Пугачах. Маладзенькай фельчаркай прыехала яна сюды пасля заканчэння Маладзечанскага медвучылішча. Прыветлівая, старанная і акуратная дзяўчына прыглянулася мясцоваму настаўніку, а пазней дырэктару Пугачоўскай школы Антону Мікалаевічу Янушкевічу. Людзі з усяго наваколля адразу разгадалі, што Элеанора Уладзіславаўна – спецыяліст талковы і шчыра палюбілі яе. Яна і цяпер, праз чатыры дзесяцігоддзі, карыстаецца нязменным аўтарытэтам у вяскоўцаў па пытаннях здароўя. “Як толькі брамка ў двор Янушкевічаў вытрымлівае!” – жартуе дырэктар Пугачоўскага дома культуры Наталля Жызнеўская.

Пры гэтым у вёсцы ёсць ФАП, які запатрабаваны. Там працуе маладая фельчар, старанная, адказная Марыя Халапук, але пракансультавацца ў Элеаноры Уладзіславаўны для многіх ужо ўвайшло ў звычку. Ды і як не прыслухацца да яе меркаванняў, калі гэта жанчына ўмее словам і позіркам палёгку прыносіць! Адкуль толькі чэрпае душэўныя сілы, каб так шчодра дзяліцца імі?..

У кожнага чалавека хапае непапраўных страт, балючых падзей, а нярэдка – і бязмежнага гора. Не абмінулі беды і сям’ю Янушкевічаў. Пасля смерці сына Элеанора Уладзіславаўна забараніла сабе ўпадаць у адчай: трэба жыць далей. Пяцьдзясят сотак прысядзібнага ўчастку, гаспадарка, дом, клопаты пра састарэлую свякроў і мачаху – хіба можна ад гэтага ўсяго адмахнуцца? Яна заўсёды была добрай жонкай, гаспадыняй і такой павінна застацца. З раніцы, каб падтрымліваць сябе ў тонусе – абавязковая зарадка, потым – водныя працэдуры, лёгкае сняданне і – да люстэрка навесці марафет, каб цэлы дзень хораша выглядаць.

Элеанора Уладзіславаўна, як і патрэбна медыку, з’яўляецца прыхільніцай здаровага ладу жыцця, быт арганізоўвае ў згодзе з патрабаваннямі гігіены. І ведае, колькі на гэта ўсё траціцца сіл і намаганняў. Некаторыя людзі, асабліва з узростам, перастаюць звяртаць увагу на сваю знешнасць і парадак у хаце… Яна ж упэўнена, што акуратнасць – залог яшчэ і добрага настрою. Толькі не ленавацца. Хіба ёй лёгка было жыць у вёсцы, трымаць гаспадарку, маючы дваіх дзяцей і ходзячы за дзясяткі кіламетраў да хворых у непагадзь і любы час сутак? Яна нават на вяселлях у сваякоў ніколі не садзілася па цэнтры стала, а шукала месца з краю, каб быць гатовай да тэрміновага выкліку. “Трывожны” чамаданчык з лекамі і шпрыцамі заўсёды трымала навідавоку. Уставала зацемна, гатавала ежу для сям’і на дзень, бо не ведала, калі давядзецца вярнуцца дадому з работы.

Некалькі дзесяцігоддзяў назад хуткая медыцынская дапамога ў вёскі наведвалася рэдка, толькі па званку з ФАПа. Сельскаму фельчару ў якія толькі сітуацыі трапляць ні даводзілася! І роды ў кабіне грузавіка прымаць, і хворае дзіця на руках несці праз гурбы снегу, і нябожчыкаў бачыць маладых, а то і малых, жыццё якіх абарвалася трагічна, знаходзіць словы для падтрымкі няшчасных бацькоў…

Спагаднасць у Элеаноры Уладзіславаўны бязмежная. Нават стомленая ці з недамаганнем яна абавязкова прыйдзе ў мясцовы клуб, калі там культработнікі якое свята ладзяць: а раптам людзей мала збярэцца, а як жа выступаць артыстам перад пустой залай? Калісьці яна і сама любіла ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. Звычайна ёй давяралі ролю вядучай канцэртных праграм. Цяпер ніколі не адмаўляецца ад запрашэнняў сказаць прамову школьнікам перад пачаткам навучальнага года. Гаворыць заўсёды па-беларуску, хаця выдатна валодае і рускай мовай. Але Элеанора Уладзіславаўна верыць, што багацце, у тым ліку і духоўнае, даецца Богам.

Сустрэўшыся з вопытным медыкам, лагічна задаць яму пытанне аб тым, як захаваць здароўе. Э. У. Янушкевіч на хвіліну задумваецца, а потым і кажа: “Гадоў трыццаць-сорак назад людзі хварэлі менш. Ведаю гэта з уласнай практыкі. Хтосьці ўпэўнены, што зараз мы харчуемся няправільна, іншыя скардзяцца на экалогію. І рэдка хто ўзгадвае, што раней людзі былі лепшымі: не зайздросцілі, не прагнулі так грошай, умелі цярпець і саступаць. Дык можа таму і хваробы абміналі? Будзьце актыўнымі, не трацьце цікавасці да жыцця. Не пераядайце. Пры лёгкім недамаганні аддавайце перавагу травам, а не таблеткам. Часцей усміхайцеся і не дазваляйце нягодам браць над сабой верх”.

…Жанчына са зграбнай фігурай і прыемным тварам папраўляе прычоску: лёгкі ўзмах дагледжаных, са свежым манікюрам рук. Вясковая пенсіянерка… Выпадковая знаёмая, пасля гутаркі з якой разумееш, з каго трэба браць у жыцці прыклад.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий