Спартыўны азарт – станоўчы зарад

Спартыўны-азарт---станоўчы-зарад

    Не так даўно ў Івянец на першы адкрыты кубак па валейболе сабраліся госці з Нясвіжа, Стоўбцаў, Ракава, Валожына. Аматараў спорту запрасіў настаўнік фізкультуры мясцовай школы, старшыня клуба ветэранаў спорту Генадзь Альфонсавіч Жалток.

Турнір насіў назву “Мы служылі ў СССР” і прайшоў пры падтрымцы і актыўным удзеле івянчан розных узростаў і сфер дзейнасці. Самым узроставым іграком сустрэчы быў 68-гадовы Іосіф Філіцыянавіч Івашка, які да выхаду на пенсію працаваў настаўнікам фізкультуры.

У змаганні за 3-4 месца сышліся прадстаўнікі Стоўбцаў і Нясвіжа, мацнейшымі аказаліся стаўбчане. 1-2 месцы аспрэчвалі каманды з Валожына і Івянца. Спартыўнае шчасце на гэты раз усміхнулася валожынцам, яны і сталі абсалютнымі пераможцамі.

Акрамя спартыўных баталій, арганізатары мерапрыемства ўдзялілі ўвагу і выхаваўчай рабоце. Цяжкія падлеткі актыўна “хварэлі” на трыбунах, а напрыканцы былі запрошаны за агульны стол, дзе адбылася размова “па душах” з прадстаўнікамі старэйшага пакалення. Як расказаў арганізатар Генадзь Альфонсавіч, акцэнт на гэты раз было вырашана зрабіць на заахвочванні моладзі да фізічнай культуры. “Нам патрэбна, каб дзеці былі найперш здаровымі. Каб адчулі, што сяброўства са спортам падтрымлівае цікавасць да жыцця, дорыць масу станоўчых эмоцый і гарантуе выдатную фізічную форму ў любым узросце”. Але найбольш з’яднала і маладзейшых, і старэйшых нефармальная абстаноўка за чайнай цырымоніяй. Пра пачастункі паклапацілася сям’я Генадзя Альфонсавіча.

Дзякуючы клубу ветэранаў спорту ў Івянцы, многія, пасябраваўшы з фізічнай культурай  у дзяцінстве, не парываюць гэтай сувязі на працягу многіх гадоў. Ідэя стварыць такую арганізацыю ўзнікла яшчэ ў 1988 годзе. Дзесяцігоддзе спатрэбілася Г. А. Жалтку, каб ажыццявіць яе. І сёння клуб, адзіны ў сваім родзе на ўсю краіну, паспяхова функцыянуе, прырастае колькасцю членаў і спартыўнымі дасягненнямі. Зараз Генадзь Альфонсавіч ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі з рэспублікі, якія таксама хочуць стварыць нешта падобнае.

На першым адкрытым кубку па валейболе была прадугледжана праграма з лірычна-настальгічнай афарбоўкай. Вучні Івянецкай СШ, сямікласнік Нікадзім і першакласніца Аэліта Жалток прачыталі гасцям вершы, папулярныя ў савецкія часы, каб узгадаць тое добрае, што было раней і якое ўжо беззваротна страчана.

Пройдуць гады, і гэты валейбольны турнір таксама будзе ўспамінацца яго ўдзельнікамі з цеплынёй. Бо, як сказаў рускі паэт Фёдар Цютчаў, “что пройдет, то будет мило…”

Алена ЗБІРЭНКА

фота Назара ЖАЛТКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars