Дапамагаць ісці ўпэўнена

i

    На семінары-трэнінгу, які нядаўна прайшоў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, узнімалася тэма павышэння якасці абслугоўвання невідушчых людзей.

…Паспрабуйце моцна заплюшчыць вочы і прайсці ад дома да працы. Ці лёгка будзе ў поўнай цемры знайсці выхад з кватэры, спусціцца па прыступках, адолець дарогу з усімі яе паваротамі, перакрыжаваннямі і абысці пры гэтым мноства людзей, машын і розных іншых перашкод? А людзі з парушэннямі зроку сутыкаюцца з падобным штодня. Каб падкрэсліць важнасць такіх праблем і падзяліцца агульнапрызнаным вопытам іх вырашэння, у ТЦСАН наведаліся старшыня праўлення абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Святлана Сянько і інструктар па рэабілітацыі інвалідаў па зроку Наталля Варанько. Яны і правялі семінар-трэнінг для прысутных тут людзей, сярод якіх былі невідушчыя і члены іх сем’яў, прадстаўнікі службаў і ведамстваў, а таксама валанцёры з ліку навучэнцаў сельскагаспадарчага ліцэя і вучняў СШ № 1.

Напачатку грамадскасці былі прадэманстраваны тэхнічныя навінкі, прызваныя аблегчыць жыццё тым, хто вымушаны мірыцца з асаблівасцямі светаўспрымання. Інвалідам, якія не страцілі цалкам магчымасць адрозніваць святло ад цемры, насычаць духоўны свет добрай кнігай замест магутнай лінзы цяпер можа дапамагчы электронны павелічальнік тэксту. Такі гаджат асабліва карысным стане для студэнтаў з частковымі парушэннямі зроку. А вось прамую карысць кожнаму невідушчаму прынясе індыкатар, які гукавым сігналам падказвае, ці засталіся ў доме ці кватэры запаленымі электрычныя лямпачкі. Навукоўцы распрацавалі таксама электронны вызначальнік колеру, дыктафон, які ўмее ствараць і “чытаць” галасавыя меткі (незаменная рэч, калі трэба, напрыклад, прыняць пэўнае лякарства). Пазнаёміліся прысутныя і з танометрамі, тэрмометрамі, электроннымі шалямі, якія ўмеюць “размаўляць”. Вядома ж, не абышлі ўвагай лектары і смартфон як універсальны сродак дапамогі інваліду па зроку… Праўда, кожны з названых прыбораў – дарагое “задавальненне”. Аднак пры сённяшніх рэаліях сацыяльнай палітыкі члены ГА “БелТІЗ” карыстаюцца пры набыцці “разумнай” электронікі і іншых тэхнічных сродкаў рэабілітацыі 50-працэнтнай ільготай.

Другая частка семінара прадстаўляла сабой практыкум, на якім былі замацаваны пэўныя навыкі суправаджэння невідушчых. Каб уявіць сябе на месцы такіх людзей, запрасілі траіх добраахвотнікаў, якім, завязаўшы вочы, прапанавалі нарэзаць роўнымі лустамі хлеб, наліць у кубак вады і вызначыць дарогу з дапамогай палкі. Трэба сказаць, што справіліся з гэтым заданнем  практычна без заўваг. А пасля ўсім прапанавалі папрацаваць па групах, дзе мадэлявалася заданне і прапаноўваліся шляхі яго выканання. А пасля замацавалі асноўныя правілы, якімі неабходна карыстацца пры зносінах з інвалідамі па зроку.

Невідушчы павінен абавязкова трымаць суправаджальніка пад руку і ісці на паўкроку ззаду. Гэта дапамагае аператыўна рэагаваць на розныя перашкоды.

Пры падыходзе да лесвіцы трэба запаволіць крок і падводзіць да яе пад прамым вуглом. Пажадана папярэдзіць аб тым, што наперадзе прыступкі, праінфармаваць пра парэнчы, калі яны ёсць. У памяшканні неабходна знайсці сядзячае месца і пакласці руку невідушчага на спінку крэсла: як садзіцца, ён зарыентуецца сам.

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars