Не старэюць душой

Не-старэюць-душой-Фота-1

    У цёплай атмасферы прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю з дня ўтварэння абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. На свята былі запрошаны людзі паважанага ўзросту, якія прадстаўлялі розныя пярвічныя ветэранскія арганізацыі Валожыншчыны.

Тон для добрага настрою задаваўся ўжо ў фае РЦК. Тут запрошаных сустракаў музычны калектыў, уручаліся памятныя сувеніры.

Ветэранаў вайны і працы са святам павіншавалі ад кіраўніцтва раёна намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, ад грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый І. С. Каваленка, ад моладзі сакратар раённага камітэта БРСМ Н. П. Нямкевіч. Выступілі старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Р. М. Русакевіч і актыўны яе ўдзельнік С. І. Кавяза. Добрыя словы былі адрасаваны ўсім, хто ўнёс вялікі ўклад у адраджэнне і развіццё краіны. Падзякі ад старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у ветэранскім руху і ў сувязі з 30-годдзем ветэранскай арганізацыі былі ўручаны Софіі Ігнацьеўне Кавяза, Аляксандры Пятроўне Нядзвецкай і Браніславе Канстанцінаўне Хадзінскай.

Грамадскае аб’яднанне ветэранаў – адно з найбольш шматлікіх у раёне. Ветэраны застаюцца маладымі душой, у іх ёсць жаданне прыносіць карысць грамадству. Яны ўмеюць не паддавацца старасці, радавацца кожнаму пражытаму дню. Людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй заўсёды знойдуць сабе занятак па душы. Для гэтага ў раёне створаны ўсе ўмовы. Больш за шэсцьдзясят чалавек з’яўляюцца членамі клуба “Залатая восень” пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра. Яго ўдзельнікі вядуць актыўны лад жыцця, яны наведалі ўсе памятныя месцы Валожыншчыны, пабывалі ў суседніх раёнах, не забываюць і пра сталіцу Беларусі.

Члены раённай арганізацыі ветэранаў з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі культурных і грамадскіх мерапрыемстваў, што ладзяцца на Валожыншчыне. Многія сталі ўдзельнікамі клуба ветэранаў працы “Верас” пры РЦК, некаторыя знайшлі сябе ў народным хоры “Спяваючыя сэрцы”. На святочным мерапрыемстве прадстаўнікі гэтых калектываў парадавалі гледачоў музычнымі нумарамі. Душэўныя песні прымушалі прысутных вярнуцца ў маладосць. Са сваім вершам выступіла ветэран працы, член народнага літаратурнага аб’яднання «Рунь» Марыя Шакун.

Пасля ўрачыстасці ўдзельнікі з увагай вывучалі фотаздымкі “Гісторыя ў тварах”, якія размясціліся на стэндах у фае РЦК. Ветэраны яшчэ доўга абмяркоўвалі нумары святочнага канцэрта, дзяліліся ўспамінамі і падзеямі ў асабістым жыцці.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Не-старэюць-душой-Фота-1

    Старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Р. М. Русакевіч з былымі кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

 Не-старэюць-душой-Фота-2

    Падзякі ад старшыні райвыканкама атрымалі Б. К. Хадзінская і А. П. Нядзвецкая.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars