Аляксандра Стральцова з Валожына можна без перабольшання тытулаваць заўзятым аўтамабілеманам.
За сваё жыццё ён быў паўнапраўным уладальнікам каля 20 легкавушак розных марак і мадыфікацый. Займаўся і грузаперавозкамі, мае ў сваёй уласнасці і дзве “фуры”. Але машына, якую набыў сёлета, знаходзіцца на піку рэйтынгу яго багатай “калекцыі”.
Па-першае, яна прыбыла да заказчыка-пакупніка з-за акіяна – з далёкай амерыканскай Каларады. Заяўку на пакупку Аляксандр Аляксандравіч аформіў дзякуючы паслугам Інтэрнэту. Пераадолеўшы водныя прасторы Атлантыкі, машына праследавала да Клайпеды, што ў Літве. Апошнім жа пунктам працяглай камандзіроўкі новага аўто стаў транспартны чыгуначны вузел у Маладзечне.
Па-другое, набытая легкавушка не проста аўтамабіль прэстыжнай японскай маркі “Nissan”, а легкавушка, якіх у Валожынскім раёне пакуль не мае ніхто. Гэта электрамабіль!
Для многіх аўтаўладальнікаў электрамабілі пакуль што толькі ў светлых марах. Бо каштуе пакупка на колах мінімум 10 тысяч долараў у эквіваленце. Амаль 50% кошту ўсяго электрамабіля складаюць акумулятарныя батарэі.
Аляксандр Стральцоў жыве ў райцэнтры, ён прыватны прадпрымальнік. У Філіпінятах некалькі гадоў таму набыў зямельны ўчастак, пабудаваў дом, а таксама стварыў вытворчую базу для паспяхова бізнесу: займаецца выпускам вокнаў з ПВХ. Яго вясковая фазэнда каларытна вылучаецца сярод іншых. Тут устаноўлены сонечныя батарэі, працуе і ветраўстаноўка. Неўзабаве прапішацца і яшчэ адна. Цяпер Аляксандр Аляксандравіч займаецца арганізацыйнымі пытаннямі наконт транспарціроўкі з-за мяжы другога ветрагенератара для далейшага яго мантажу на сядзібе ў Філіпінятах. Так што таннага і экалагічнага паліва хопіць для запраўкі соцень такіх энергазберагальных аўто. Таму невыпадкова прадпрымальнік спадзяецца, што лішкі энергіі ён будзе рэалізоўваць электрасеткам раёна.
Прыгажун “Nissan” заслужана стаў прадметам павышанай цікавасці ў гараджан, шчыра радаваліся пакупцы і закадычныя сябры Аляксандра, у першую чаргу Уладзімір Васільевіч Борыс, які ў ліку першых пракаціўся на аўто.
У прыгожым салоне бацькавага электрамабіля элегантна глядзіцца і старэйшая дачка А. Стральцова – Елізавета. Яна працуе ўрачом у горадзе Гродна. Малодшая дачка Кацярына, будучы біёлаг, пакуль яшчэ не асіліла правілы ваджэння, але гэта ў яе бліжэйшых планах.
Фанатычную любоў да тэхнікі выдаюць вочы гаспадара. Яны свецяцца радасцю і паўнатой шчасця. Аляксандр Аляксандравіч з гонарам пералічвае выйгрышныя тэхнічныя характарыстыкі сваёй новай дарагой пакупкі. З цікавасцю слухаючы свайго субяседніка, міжволі адчуваеш: наўрад ці гэты электрамабіль будзе для яго апошняй пакупкай. Пройдзе час, і заўзяты вадзіцель спакусіцца і на іншыя навінкі сусветнага аўтапраму.
Ірына ПАШКЕВІЧ,
фота аўтара