Валанцёрства як асобны інстытут

Валанцёрства-як-асобны-інстытут

    У мінулую пятніцу наш раён стаў пляцоўкай для правядзення выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы і сацыяльных пытаннях. Прадметам шчыльнай увагі парламентарыяў стала абмеркаванне новага законапраекта, які прызваны ўнесці пэўныя змяненні і дапаўненні ў Закон “Аб сацыяльным абслугоўванні”.

Тэмай сустрэчы стала вывучэнне практыкі прымянення заканадаўства ў галіне сацыяльнага абслугоўвання. А выезд у наш раён быў абумоўлены неабходнасцю рашэння практычных пытанняў для больш эфектыўнай падрыхтоўкі законапраекта на прыкладзе вопыту работы ўстаноў, якія аказваюць адпаведныя паслугі. Узначаліла дэлегацыю старшыня Пастаяннай камісіі Тамара Пятроўна Красоўская. Разам з высокімі чыноўнікамі наведаў Валожыншчыну і намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Аляксеевіч Румак.

Удзельнікі пасяджэння напачатку наведалі Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Тут для іх правялі экскурсію, прапанавалі азнаёміцца з вопытам работы па ўкараненні некаторых інавацыйных відаў паслуг – як, напрыклад, сацыяльная перадышка для бацькоў, у сем’ях якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. Не падкрэсліць яе важнасць нельга: у той час, як дзіця атрымлівае магчымасць наладзіць трывалыя зносіны з аднагодкамі, бацькі могуць працаваць, не хвалюючыся за яго быт і самаадчуванне.

Цікава было наведаць парламентарыям і ПУП “Сямейны прычал”, што ў Вайганах. Адметнасць гэтай установы ў тым, што яна мае прыватную форму ўласнасці. Насамрэч, у краіне не так і шмат людзей, гатовых узяцца за справу па доглядзе за састарэлымі, нават на камерцыйнай аснове. Як паведаміла прысутным дырэктар прадпрыемства, ёсць некаторыя арганізацыйныя і бытавыя моманты, непрадугледжаныя ў сённяшніх рэдакцыях заканадаўства. Але ўсё ж развіваць такі кірунак варта – з гэтым пагадзіліся ўсе.

На апошняй кропцы запланаванага маршруту – у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – наведвальнікам прадэманстравалі работу рэабілітацыйных майстэрняў і гурткоў у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Яны засталіся задаволеныя і знаёмствам з новымі формамі работы аддзялення дзённага знаходжання для пажылых.

На пасяджэнні Валожыншчыну прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік, старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. В. Садоўскі і дырэктар ТЦСАН Г. Ф. Рай. Члены Пастаяннай камісіі заслухалі Галіну Фадзееўну і яе калег з Вілейкі, Капыля і Пухавічаў, падзяліўся напрацоўкамі ў галіне сацыяльнай дзейнасці настаяцель рымска-каталіцкага прыходу Святога Юзафа г. Крупкі ксёндз Віталь Маргуноў. І практычна адразу сфарміравалася кола пытанняў, якія неабходна ўлічыць пры падрыхтоўцы законапраекта да разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні. Напрыклад, старшыня Пастаяннай камісіі Т. Красоўская заўважыла, што надышоў час акрэсліць і замацаваць паняцце валанцёрства ў якасці самастойнага інстытута. Неабходна дакументальна выразна акрэсліць, хто канкрэтна можа звацца валанцёрам, якія функцыі і гарантыі яму належаць. Падчас абмеркавання дамовіліся, што гэта будзе не асобны законапраект, а дапаўненні ў праект Закона «Аб сацыяльным абслугоўванні».

Быў разгледжаны таксама шэраг іншых прапаноў. Сярод іх – аб прыёмнай сям’і для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Падставай паслужылі ў тым ліку і прыклады з жыцця асобных жыхароў нашага раёна. На Валожыншчыне функцыянуюць дзве такія сям’і – яны прытулілі дзвюх жанчын-пенсіянерак, якія па розных абставінах аказаліся непатрэбнымі родным і блізкім… Падобная форма работы эканамічна эфектыўная, бо значна падае нагрузка на дзяржбюджэт. Але разам з тым няма нарматыўна-прававой базы, каб масава ўкараніць яе праз цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Трэба, як мінімум, урэгуляваць пытанні аб аплаце працы прыёмнай сям’і, вызначыць расходы на ўтрыманне пажылых людзей, а таксама маёмасныя і жыллёвыя пытанні. Хутчэй за ўсё, гэта ініцыятыва будзе рэалізавана ў падзаконным акце. Яшчэ адной важнай прапановай у законапраект з’яўляецца замацаванне ў рамках дзяржаўнага сацзаказу паслугі сацыяльнай перадышкі для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars