Агляд падзей у раённай газеце за сакавік 1972 года

novaya_informaciya

КАБ ВАЖКI БЫЎ КОЛАС

    На яравых палетках раёна сёлета будуць працаваць каля 900 трактароў, больш чым 360 сеялак, 120 бульбасаджалак, каля 230 гноераскідальнікаў і 28 агрэгатаў для рассявання мінеральных угнаенняў.

У гаспадарках раёна ставяць мэту правесці сяўбу збожжавых за 5-6 дзён, пасадку бульбы – за 10 дзён.

Аб’ём работы прадстаіць вялікі. Толькі яравых збожжавых плануецца пасеяць 14390 гектараў, бульбы – звыш 5000, ільну – 3500, цукровых буракоў – каля 1100 гектараў.

Правядзенне сяўбы яравых культур у сціслыя тэрміны ўскладняецца тым, што азімыя вышлі з зімы пашкоджанымі на значнай плошчы. Патрабуецца перасеяць яравымі каля 2000 гектараў загінуўшых і амаль столькі ж зрэджаных азімых.

 

ЗАЛАТЫЯ РУКI

Многія ў Валожынскім міжкалгасбудзе працуюць з пачатку яго заснавання. Кожны душу ўкладвае ў работу.

Пяць вопытных рабочых удастоены ганаровага звання “Майстар залатыя рукі”. З павагай адносяцца будаўнікі да Дзмітрыя Іванавіча Таўгяня і Міхаіла Платонавіча Семянягі, Антона Антонавіча Букштыновіча, Міхаіла Мацвеевіча Зенькі і Віктара Станіслававіча Казакевіча. Яны не толькі выдатна валодаюць майстэрствам будаўніка, але і ахвотна перадаюць яго навічкам. М. М. Зенька і А. А. Букштыновіч – брыгадзіры брыгад камуністычнай працы.

 

СПРАВАМI I ДУШОЙ ПРЫГОЖЫЯ

    У вышывальным цэху Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі працуюць жанчыны з душой мастакоў.

Марыя Піліпаўна Койра, майстар цэха, усхвалявана расказвае:

– Побач са мной працуюць тыя, хто ў дні чорнай грознай навалы абараняў Радзіму, стаяў насмерць за кожную пядзю зямлі, ветэраны вытворчасці і наша юная змена. Працуем мы з адной думкай: каб кожны чалавек, набыўшы рэч, што выйшла з-пад нашых рук, мог застацца задаволеным. Заўжды перавыконваем план.

Вольга Мартынаўна Дулеба, ударніца камуністычнай працы, дапаўняе майстра:

– У гонар 50-годдзя з дня ўтварэння СССР узялі павышаныя індывідуальныя сацыялістычныя абавязацельствы. І ў нас няма такіх, каб не стрымалі слова свайго. “Лепшая вышывальшчыца”, “Лепшая швачка”, “Лепшая выразальшчыца” – такія званні прысуджаюцца самым дастойным. Пяць лепшых атрымалі ўжо грашовыя прэміі – Ванда Ждановіч, Камелія Галубовіч, Тэрэза Капуста і Рэгіна Дрозд. Але самых цёплых слоў заслугоўваюць нашы ўдзельніцы Вялікай Айчыннай…

Валянціна Данілаўна Смольнікава, прыемная блакітнавокая жанчына. Былая франтавічка, цяпер яна занята адной думай – як найтанчэй, прыгажэй падаць узор. І гэта ёй заўсёды ўдаецца. Паглядзіш на плён яе працы – і радасць поўніць сэрца.

 

“МАЛОЧНЫ” РУБЕЛЬ

    Закупцы лішкаў малака ад насельніцтва ўдзяляюць вялікую ўвагу ў калгасе “1 Мая”.

Сярод жыхароў вёсак праведзена растлумачальная работа. Вызначаны пастаянныя прыёмшчыкі малака.

За два месяцы ў насельніцтва куплена 11 тон 524 кілаграмы малака.

Актыўна ўдзельнічаюць у продажы малака ад уласных кароў Іван Якаўлевіч Ганько, Міхаіл Адамавіч Акотчык, Іван Піліпавіч Лукашанец, Мікалай Фаміч Рагель, Міхаіл Іванавіч Занямонец, Нікадзім Андрэевіч Макоска, Леанід Уладзіміравіч Ганько. Кожны з іх прадаў па 140-220 кілаграмаў малака.

Прадаюць малако таксама рабочыя і служачыя. Напрыклад, настаўнік Сакаўшчынскай СШ Канстанцін Канстанцінавіч Гушча прадаў 180 кілаграмаў малака. А начальнік Сакаўшчынскага аддзялення сувязі Станіслаў Антонавіч Мацаль – 150.

 

У IМЯ ЖЫЦЦЯ

    Семдзесят чалавек папоўнілі рады донараў у калгасе “Радзіма”.

У гэтым заслуга старшыні калгаса Дзмітрыя Якаўлевіча Васьковіча, старшыні Узбалацкага сельвыканкама Івана Іванавіча Грыбоўскага і іншых актывістаў таварыства Чырвонага Крыжа, якія правялі адпаведную растлумачальную работу сярод насельніцтва. У Дзень донара быў вызначаны транспарт для падвозу людзей на мясцовы медпункт.

У імя жыцця чалавека, для выратавання хворых, для сваіх сваякоў, сяброў, таварышаў, знаёмых і незнаёмых людзей здалі кроў і актыўныя донары бухгалтар калгаса Ніна Вікенцьеўна Рамановіч, механік Міхаіл Міхайлавіч Рынкевіч і касір Лілія Васільеўна Мучынская.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Лепшым камбайнерам раёна па праве лічыцца Яўгеній Дзям’янавіч Лоўчы з калгаса “17 верасня”. У мінулым годзе на сваім камбайне СК-4 за 16 рабочых дзён ён намалаціў 365 тон зерня. А ў другім годзе дзявятай пяцігодкі Я. Д. Лоўчы ўзяў абавязацельства не ўпусціць першынство.

Пачаліся экзамены ў школе-магазіне пры райспажыўсаюзе. 25 былых выпускнікоў школ раёна на працягу шасці месяцаў вывучалі асновы таваразнаўства прамысловых і харчовых тавараў, аргтэхніку і іншыя спецыяльныя дысцыпліны. Новы атрад работнікаў прылаўка атрымае накіраванне на гандлёвыя прадпрыемствы раёна.

Папоўнілася сям’я механізатараў калгаса імя Леніна. Пяць маладых юнакоў, адбыўшы службу ў радах Савецкай Арміі, вярнуліся ў родны калгас. Іван Шакун, Уладзімір Мучынскі, Іван Карабан, Мікалай Косік і Іван Мучынскі цяпер старанна рамантуюць свае трактары, каб узорна, ва ўсеўзбраенні сустрэць веснавую сяўбу.

Урачыстая рэгістрацыя шлюбу Валянціны Канстанцінаўны Мошкі і Пятра Іванавіча Сташкевіча адбылася ў Забрэжскім сельсавеце.

Сярод працаўнікоў жывёлагадоўлі калгаса імя Суворава добра вядома імя даяркі Яніны Уладзіміраўны Макарэвіч, якая шчыруе на Паморшчынскай малочнатаварнай ферме. У мінулым годзе яна надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 3221 кілаграму малака, заняла першае месца па раёне. У гонар 50-годдзя ўтварэння СССР даярка ўзяла павышаныя абавязацельствы.

У Івянцы па вуліцы 17 верасня пачалася кладка першага паверха новага 18-кватэрнага будынка. Працуюць на гэтым аб’екце перадавыя комплексныя брыгады мясцовага міжкалгасбуда, якія ўзначальваюць вопытныя спецыялісты-будаўнікі І. А. Паплаўскі і І. П. Більдзюк.

Працоўнымі справамі рыхтуецца адзначыць Усесаюзны камуністычны суботнік калектыў Валожынскага лясгаса. Будуць закладзены новыя лясныя плантацыі. Так, па ўсіх васьмі лясніцтвах плануецца пасадзіць звыш 20 гектараў лесакультур.

У індывідуальным спаборніцтве даярак саўгаса “Ракаўскі” поспехаў пастаянна дабіваецца Ніна Антонаўна Русецкая з жывёлагадоўчай фермы вёскі Зарэчча. За студзень і люты яна атрымала ад кожнай з 21 замацаванай за ёй каровы па 527 кілаграмаў малака. Пераможцам уручаюцца пераходныя чырвоныя вымпелы. Па выніках за месяц прысуджаецца прэмія.

Івана Іосіфавіча Бярнацкага добра ведаюць у саўгасе “Багданаўскі”, дзе ён працуе слесарам у саўгаснай майстэрні. Яго паважаюць як умелага спецыяліста і душэўнага чалавека. І. І. Бярнацкі прыкладае ўсе намаганні для таго, каб тэхніка была надзейна адрамантавана.

Дзякуючы намаганням жывёлаводаў, амаль на два тыдні раней тэрміну выкананы квартальны план продажу мяса дзяржаве. Замест 2377 тон прададзена 2389. Да канца квартала калгасы і саўгасы раёна прададуць яшчэ не менш за 200 тон ялавічыны, свініны  птушынага мяса.

 

НА КАНЦЭРТ – ДА ШКОЛЬНIКАЎ

    Добрая мастацкая самадзейнасць арганізавана ў Каменскай васьмігадовай школе.

Выступаюць школьнікі не толькі ў навучальнай установе. Ведаюць юных удзельнікаў мастацкай самадзейнасці ў Каменскім сельскім клубе, у вёсках Далідавічы, Пятрылавічы, куды неаднаразова выязджалі школьнікі з канцэртамі.

З вялікай радасцю заўсёды сустракаюць жыхары названых вёсак выканаўцаў рускіх народных песень В. Ждановіч, К. Шыкуць, Аню і Ларысу Паталей, М. Роман, баяніста А. Загавалка і іншых, мастацкае чытанне М. Жарко.

 

МОЦНАЯ ДРУЖБА – ЗАЛОГ ПОСПЕХУ

У мэблевым цэху Івянецкага прамкамбіната працуюць з апярэджаннем графіка.

Толькі за мінулы месяц сталяры зрабілі 200 сталоў, 270 буфетаў, 350 гімнастычных мосцікаў. Усяго пры плане 49 тысяч выпушчана прадукцыі на 52 тысячы 300 рублёў.

Шмат розных патрэбных рэчаў выйшла з-пад рук сталяроў Адама Адамавіча Дзеніса, Станіслава Францавіча Капусты, Іосіфа Ігнацьевіча Матусевіча. На прадпрыемстве іх іншы раз называюць “неразлучнай тройкай”. Моцная дружба існуе паміж гэтымі немаладымі ўжо людзьмі. Лёс звёў іх пасля вайны. Два палякі і беларус – яны амаль у адзін час прыйшлі на прадпрыемства.

– У гэтым маленькім калектыве, – гаворыць майстар І. М. Базыленка, – надзвычай развіта ўзаемавыручка, дысцыплінаванасць. Дружба моцная. Яна – залог поспехаў сталяроў. Усе трое з’яўляюцца ўдарнікамі камуністычнай працы.

 

ТОН ЗАДАЮЦЬ ТРАКТАРЫСТЫ

У калгасе імя Суворава на вывазцы арганікі наперадзе ідзе брыгада, якую ўзначальвае Аляксандр Давыдавіч Рубацкі. Пры плане 30 тон на гектар яе нарыхтавана па 36 тон.

Усяго па калгасе запланавана ўнесці пад яравы клін 28710 тон арганікі, або па 24 тоны на гектар. На палеткі вывезена 18 тон угнаенняў, 2000 тон кампостаў нарыхтавана каля ферм. Штодзённа на вывазцы ўгнаенняў заняты 4 гусенічныя і 3 калёсныя трактары, 6 самазвалаў і бартавых аўтамашын.

Тэмп і настрой у рабоце задаюць трактарысты члены КПСС Міхаіл Андрэевіч Тур і Іван Іванавіч Іода. Яны вывезлі на палеткі адпаведна 780 і 810 тон угнаенняў. Стараецца не адстаць і Георгій Трафімавіч Кадырка. На яго рахунку 750 тон.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars