У 10 заказніках краіны, у тым ліку ў “Налібоцкім”, з’явіліся новыя інфармацыйныя стэнды.
На маляўнічых шчытах размешчаны звесткі пра рэдкіх птушак, якіх можна назваць “візітнай карткай” заказнікаў, у простай форме пададзены важныя правілы паводзін на прыродзе, указаны тэлефон службы, куды трэба звяртацца, калі заўважаны парушэнні закона ці штосьці падазронае ў заказніку.
Стэнды ўстаноўлены ў рамках праекта ПРААН-ГЭФ “Распрацоўка інтэграваных падыходаў да ўпраўлення водна-балотнымі ўгоддзямі з улікам прынцыпу мнагамэтавага ландшафтнага планавання з мэтай атрымання шматбаковых экалагічных выгод”, частку якога выконвае грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
“Ахова птушак Бацькаўшчыны” даўно працуе над развіццём сеткі “Захавальнікаў” на Тэрыторыях, важных для птушак. У апошні час гэта праца атрымала новы віток развіцця: дзякуючы падтрымцы праекта ПРААН-ГЭФ 10 цэнных прыродных тэрыторый маюць свае групы Захавальнікаў – людзей, якія жывуць побач з ахоўнай прыроднай тэрыторыяй і дапамагаюць “прыглядаць” за яе станам, а таксама паведамляюць пра парушэнні і праблемы заказніка.
Іх праца прынесла нямала перамог. Удалося папярэдзіць ці спыніць на пачатковай стадыі стыхійныя звалкі, незаконныя высечкі і будаўніцтва. АПБ навучае Захавальнікаў весці ўлік рэдкіх відаў: чорных буслоў, качак і гусей, кулікоў.
На тэрыторыі ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” дзейнічаюць ужо больш за 10 Захавальнікаў. У іх бліжэйшых планах, апроч устаноўкі інфармацыйных стэндаў, – экскурсіі і лекцыі для школьнікаў, экалагічныя суботнікі і іншыя акцыі па ахове біяразнастайнасці пушчы і прылеглых тэрыторый.
Тыя, хто жадае далучыцца да сеткі Захавальнікаў, могуць звяртацца да каардынатара Аляксандра Белага: (+375-29) 6137085, a.biely68@gmail.com.
Да друку падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ