У раёнкі голас звонкі…

Общество

У раёнкі голас звонкі і яна па-ранейшаму займае пачэснае першае месца ў спісе выданняў, якія чытачы хочуць бачыць на дамашніх сталах. Гэта пацвердзіла апытанне, праведзенае ў апошнія дні падпісной кампаніі на гарадскіх вуліцах.

Яніна Іванаўна ШЫШКІНА, жыхарка Валожына:

– Раённая газета была ў сям’і пастаянна, памятаю яе з маленства. Натуральна, што і ў дарослым жыцці роднае выданне разам са мной. Падабаецца ўсё – ад лёгкіх замалёвак да сур’ёзных рэпартажаў. Шмат разоў сама была гераіняй старонак “Працоўнай славы”, не “адставаў” у гэтым плане і муж. Тыя газеты (а некаторым больш за 20 гадоў!) захоўваем дома як сямейныя рэліквіі. Карыстаюся шматлікімі рэцэптамі, якія дорыць раёнка, вока радуе насычаны колер, высокая якасць друку. Выдатна, што рэдакцыя клапоціцца пра свой прадукт!

Рэніслаў САВІЦКІ

Рэніслаў Часлававіч САВІЦКІ, работнік воінскай часці 30695:

– “Працоўную славу” выпісваю многія гады, падабаюцца яе інфармацыйнасць, удалае спалучэнне вернасці традыцыям і новых дызайнерскіх рашэнняў. Памятаю, не паспеў аднойчы выпісаць – купляў кожны нумар. Люблю пачытаць пра наш край, яго гісторыю, паглядзець колішнія здымкі і параўнаць даўнейшую Валожыншчыну з сённяшняй. Раённая газета для мяне па-ранейшаму крыніца апошніх навін. Лічу адным з несумненных плюсаў газеты “Дошку аб’яў”: не трэба ехаць далёка за пакупкай, часцей усё неабходнае знойдзеш на месцы, у раёне.

Надзея СТАСЯЛОВІЧ

Надзея Аляксандраўна СТАСЯЛОВІЧ, маладая мама з Валожына:

– Да нараджэння малодшага сыночка выпісвала раённую газету, цяпер – купляю. Кожны нумар, бо без “Працоўнай славы” быццам адарваная ад апошніх навін, сярод якіх могуць быць і вельмі важныя. Акрамя таго, амаль у кожным нумары прачытаеш пра некага знаёмага, больш пра яго даведаешся. Істотна змянілася якасць выдання, гэта тычыцца і друку, і зместу. Бачна, журналісты мэтанакіравана павышаюць творчы ўзровень, і гэта дае вынік. Цяпер “Працоўная слава” калі і саступае ў чым рэспубліканскай прэсе, то нязначна.

Вацлаў ХАРУК

Вацлаў Аляксандравіч ХАРУК, пенсіянер з райцэнтра:

– Калі працаваў доўгі час на адказных пасадах, раённая газета ў справах была першым дарадцам і памочнікам. За 34 гады звычка выпісаць яе стала такой жа натуральнай, як папіць чаю з марозу. Парадавала, што мясцовае выданне пайшло ў свабодны продаж. Апошнім часам палічыў мэтазгодным не падпісвацца, а купляць “Працоўную славу”. Чытаю ад пачатку да канца – для мяне няма нецікавых тэм. Заўсёды адсочваю новыя творы раённых аўтараў у “Літаратурнай старонцы”, сам не аднойчы друкаваўся там.

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий