Каб не дапусцiць пажараў…

Закон и порядок

    Аб’яўлены пажаранебяспечны перыяд. Забараняецца спальванне сухой травы, смецця, парубачных рэшткаў, развядзенне кастроў, у тым ліку ў лясах і на тарфяніках.

Звычайна кожнай вясной на працяглы перыяд устанаўліваецца сухое надвор’е. Гэта найбольш пажаранебяспечны сезон. Пачынаючы наводзіць парадак, людзі паляць сухую траву і смецце, а агонь нярэдка перакідваецца на пабудовы, бывае, гінуць і людзі.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае службовым асобам і жыхарам раёна аб недапушчальнасці выпальвання сельскагаспадарчых рэшткаў на палях, сухой расліннасці і смецця на прысядзібных участках.

Да вінаватых будуць прымяняцца самыя жорсткія меры. За такія правапарушэнні прадугледжваецца адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь.

Правілы пажарнай бяспекі катэгарычна забараняюць выпальваць сухую траву і пажніўныя рэшткі, разводзіць кастры, прымяняць факелы і іншыя крыніцы адкрытага агню на тэрыторыях, якія прылягаюць да жылых пабудоў, гаражоў, стаянак.

Распальваць вошнішчы (у тым ліку з выкарыстаннем мангалаў) магчыма толькі для прыгатавання ежы пры захоўванні наступных патрабаванняў:

— ля разводзімага кастра павінен быць вогнетушыцель ці ёмістасць з вадой на 10 літраў;

— ля агню, раскладзенага на грунце, трэба мець штыкавую лапату і абвалаванае вогнішча з вышынёй бардзюра не менш за 0,05 м;

— за межамі агню па акружнасці расчышчаецца мінералізаваная паласа шырынёй 0,25 м.

Нельга распальваць кастры (нават мангалы) пры хуткасці ветру 1,8 м/с і больш на тарфяных грунтах, у месцах з сухой расліннасцю, пад кронамі дрэў, навесамі.

Мінімальная адлегласць ад краю вогнішча да канструкцый пабудоў павінна складаць не менш за 10 метраў.

Будзьце ўважлівымі і асцярожнымі з агнём. Устрымайцеся ад наведвання лясоў без асаблівай неабходнасці, не дазваляйце гэта рабіць і дзецям. Не распальвайце кастры, не кідайце непатушаныя акуркі. Асабліва небяспечна ў гэты час выпальваць сухую траву і смецце паблізу лясоў і пабудоў.

Валожынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях



Добавить комментарий