2,2 мільёна еўра на развіццё мясцовых ініцыятыў у Беларусі

2,2-мільёна-еўра-на-развіццё-мясцовых-ініцыятыў-у-Беларусі

    Больш за 47 тысяч еўра – такую фінансавую падтрымку атрымае Валожыншчына ад Еўрапейскага Саюза. Міжнародны бюджэт паспрыяе сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашага раёна.

 

“Раскруціць” бёрдвотчынг (назіранне за птушкамі) на Сакаўшчынскім вадасховішчы, абсталяваць апі-домік для сну на вуллях пры сялянска-фермерскай гаспадарцы, адкрыць міні-пякарню – гэтыя ідэі жыхароў Валожынскага раёна перамаглі ў Конкурсе мясцовых ініцыятыў праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Праект рэалізуецца Праграмай развіцця ААН і фінансуецца ЕС. Нацыянальнай выконваючай арганізацыяй выступае Міністэрства эканомікі Беларусі.

    Вынікі Конкурсу абвясцілі на мінулым тыдні на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры ў Мінску.

Падчас прэс-канферэнцыі падпісалі першы дагавор з адным з пераможцаў Конкурсу. На цырымонію запрасілі прадстаўніка ініцыятывы “Птушка ў аб’ектыве” Валожынскага раёна. Дакумент урачыста змацавалі пячаткамі Закары Тэйлар і старшыня Валожынскага сельвыканкама Дзмітрый Карачун.

    У аснове рэалізацыі праекта ЕС-ПРААН – тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё. Толькі выявіўшы ўнікальныя асаблівасці і праблемы тэрыторыі, можна падыходзіць да планавання і кіравання яе развіццём. Працэс комплексны: узаемадзейнічаюць усе – і дзяржава, і бізнес, і групы грамадзян. ТАР-падыход аб’ядноўвае і ўсе даступныя рэсурсы – прыродныя, эканамічныя, сацыяльныя. У выніку якасць жыцця людзей паляпшаецца на аснове мабілізацыі іх уласнага патэнцыялу.

На гэтым акцэнтавалі ўвагу эксперты – пасол, глава дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, намеснік Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар, а таксама нацыянальны каардынатар праекта, начальнік аддзела міжнароднай тэхнічнай дапамогі Міністэрства эканомікі Беларусі Іван Бельчык.

 

    На конкурс былі пададзены 352 заяўкі. Да ўдзелу ўключылі 298 з іх. У фінал выйшлі 126 мясцовых ініцыятыў. На іх рэалізацыю Еўрапейскі Саюз выдзеліць 2,2 мільёна еўра. Праект ахапіў тэрыторыі 30 пілотных раёнаў краіны (па 5 у кожнай вобласці).

 

На Валожыншчыне тры ініцыятывы-пераможцы

 

Спажывецкі кааператыў па развіцці аграэкатурызму “Валожынскія гасцінцы” выступіў з заяўкай “Развіццё інфраструктуры зялёнага маршруту «Валожынскія гасцінцы»”.

У вёсцы Малая Люцінка з’явіцца міні-пякарня: кандытарскімі і хлебабулачнымі вырабамі будуць частаваць турыстаў. Тут жа адкрыюць экамузей традыцыйнай выпечкі і мясцовых раслінных водараў “Аптэчка прыемная”.

Пры аграсядзібе “Налібоцкія васількі” ў вёсцы Белакорац створаць “Экамузей коннага транспарту”.

Турыстычная паслуга “Сон на вуллях” з’явіцца ў сялянска-фермерскай гаспадарцы “Мядовая каралева”.

Пашырыць свае тэхналагічныя магчымасці майстэрня мастацкага шкла “Іслач” у аграгарадку Ракаў. Тут наладзяць выпуск сувенірнай прадукцыі са шкла з лагатыпамі “зялёнага” турыстычнага маршруту “Валожынскія гасцінцы”.

Валожынскі сельвыканкам выйграў конкурс з заяўкай “Птушка ў аб’ектыве”.

Партнёры ініцыятывы – аграэкасядзіба “За масточкам” у вёсцы Замасцяны, Сакаўшчынскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, а таксама аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На беразе Сакаўшчынскага вадасховішча з’явіцца безбар’ерная пляцоўка для назірання за вадаплаўнымі і каляводнымі птушкамі. Тут можна ўбачыць і пачуць лебедзя-клікуна, белую чаплю, бугая і шызую чайку, зімародка. Вясной у пойму злятаюцца гусі і качкі, восенню займальна назіраць за адлётам лебедзяў і шэрых жураўлёў. Для экатурыстаў, прафесійных арнітолагаў і аматараў закупяць біноклі. Абсталююць прычал для лодак.

Кожнай з гэтых дзвюх мясцовых ініцыятыў ЕС прадаставіць больш за 12 тысяч еўра.

Ініцыятыва “Бяспека дзяцей. Інавацыйныя метады навучання бяспецы жыццядзейнасці”, якая належыць Мінскаму абласному ўпраўленню Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прафінансуецца ў памеры больш за 22 тысячы еўра. На тэрыторыі Валожынскага раёна з’явіцца адукацыйна-забаўляльны міні-цэнтр бяспекі, дзе школьнікаў будуць навучаць навыкам паводзін у экстрэмальных сітуацыях. Закупяць навучальныя трэнажоры “Паводзіны на лёдзе”, “Навыкі работы з вогнетушыцелем”, “Адпрацоўка навыкаў выкліку выратавальных службаў па тэлефоне” і “Пакой памылак”. Напрацаваны вопыт міні-цэнтра распаўсюдзяць сярод іншых раёнаў вобласці.

 

    Больш за ўсё фіналістаў Конкурсу ЕС-ПРААН у Магілёўскай вобласці – 28 ідэй, у Віцебскай – 23, па 22 пераможцы на Брэстчыне і Гомельшчыне, 18 – на Гродзеншчыне. Ад Міншчыны ў фінал прайшлі 13 мясцовых ініцыятыў.

 

78% удзельнікаў – некамерцыйныя арганізацыі, пасялковыя і сельскія, астатнія 22% – выканкамы і Саветы дэпутатаў.

 

Заяўкі фіналістаў размеркаваліся па сямі прыярытэтах

 

На першым месцы – далучэнне насельніцтва да здаровага ладу жыцця (25% мясцовых ініцыятыў).

У верхніх радках трымаюцца ініцыятывы па развіцці турыстычнага патэнцыялу і захаванні культурна-гістарычных аб’ектаў, а таксама па развіцці сацыяльных паслуг для насельніцтва і сацыяльная інтэграцыя.

На сярэдніх пазіцыях – тэматыка эканамічнага развіцця раёнаў і павышэнне занятасці насельніцтва, а таксама развіццё сістэмы дадатковай адукацыі для ўсіх катэгорый насельніцтва.

Ідэі па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі і бяспекі для здароўя насельніцтва прадстаўлены ў 5%, ініцыятыў па развіцці інфраструктуры і добраўпарадкаванні тэрыторыі толькі 3%.

Ініцыятывы іншых раёнаў рэспублікі не менш крэатыўныя за валожынскія.

Напрыклад, палёты на паветраным шары стануць звыклымі ў прыгарадзе Полацка – тут створаць парк забаў і паветраплавання, адкрыюць курсы па аэранаўтыцы. У Бярозаўскім раёне Брэстчыны моладзь навучаць праграмаваць і канструяваць робатаў. “Музей хлеба” з’явіцца ў Чачэрскім раёне Гомельшчыны, арганізуюць тут і майстар-класы па выпечцы традыцыйных відаў хлеба. Турніры па футгольфе (спаборніцтвы на палях для гольфа з футбольным мячом) будуць праводзіць на Браслаўшчыне. “Доўгая карова” – такая назва ініцыятывы Ляхавіцкага раёна Брэстчыны. На яе рэалізацыю ЕС вылучыў 25 тысяч еўра. Плануецца набыць маладняк племянных малочных кароў і на бязвыплатнай аснове перадаць яго жыхарам вёсак мясцовага сельсавета, якія мараць арганізаваць сваю сямейную ферму. Маладняк дагадуюць, атрымаюць прыплод і першую цялушку з яго перададуць іншаму асабістаму падворку на такіх жа ўмовах. Гэта дасць штуршок развіццю дробнага прадпрымальніцтва і эфектыўнай самазанятасці на вёсцы.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

2,2-мільёна-еўра-на-развіццё-мясцовых-ініцыятыў-у-Беларусі

Старшыня Валожынскага сельвыканкама Д. Карачун (першы злева).

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars