Сумесны праект

Сумесны праект

У аддзяленні дзённага знаходжання маладых інвалідаў ТЦСАН прайшоў  трэнінг “Асновы планавання мясцовых павестак інваліднасці”.

Двухдзённае мерапрыемства праведзена пад эгідай Беларускага Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Вядучымі трэнінгу выступілі польскія спецыялісты фонду ТУС Пётр Тодыс і Малгаржата Перацятковіч, што пазнаёмілі ўдзельнікаў з методыкай стратэгічнага планавання работы па сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

13 снежня 2016 года Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. Амаль адразу з удзелам польскіх калег быў запушчаны праект “Павестка 50” (столькі артыкулаў у Канвенцыі). У праекце з беларускага боку задзейнічаны 5 раёнаў – Шчучынскі, Лепельскі, Столінскі, Бабруйскі і Валожынскі. У жніўні мінулага года Алена Старасценка – загадчык аддзела матэрыяльна-бытавых адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Ларыса Шчарбачэвіч – загадчык аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў ТЦСАН па запрашэнні Міністэрства сацыяльнай абароны Польшчы змаглі азнаёміцца з арганізацыяй падобнай работы ў суседняй краіне.

“Офіс па правах людзей з інваліднасцю выступае за інклюзіўнае грамадства, у жыцці якога можа прымаць паўнапраўны ўдзел кожны чалавек, незалежна ад стану яго здароўя. На дадзеным этапе наша задача: вызначыцца з праблемамі, што існуюць у кожнай мясцовасці, правільна сфармуляваць мэты і намеціць шляхі іх дасягнення. А таксама з дапамогай больш вопытных калег-суседзяў узяць на ўзбраенне лепшыя замежныя практыкі па праблеме”, – так абазначыў сэнс праведенага мерапрыемства Міхаіл Міцкевіч – намеснік дырэктара Офіса. Дарэчы, пасля таго, як стратэгічны план будзе складзены і ўзгоднены з мясцовай уладай, на яго рэалізацыю Еўрапейскай камісіяй будуць выдаткаваны фінансавыя сродкі ў выглядзе міні-грантаў.

Каб работа не была фармальнай, у склад каманды, што прыняла ўдзел у трэнінгу, былі ўключаны прадстаўнікі грамадскіх арганізацый – Міхаіл Невядомскі (раённае прадстаўніцтва Беларускага таварыства інвалідаў па зроку), Віктар Субач (раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў), маці інваліда 1-й групы Юлія Палазнік. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі зацікаўленых службаў.

Ініцыятыўная група ў выніку абазначыла тры галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца інваліды і іх бацькі: адсутнасць даступнасці пешаходнай інфраструктуры і гандлёвых кропак, медыцынскіх устаноў; немагчымасць рэалізаваць свае здольнасці праз работу і тым самым палепшыць сваё матэрыяльнае становішча; недастатковасць інфармаванасці здаровага насельніцтва, у тым ліку кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў, аб праблемах людзей з інваліднасцю, безыніцыятыўнасць саміх інвалідаў.

Работа па стварэнні стратэгічнага плана працягваецца і ў бліжэйшы час будзе завершана.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars