Маладосць акрыляе

Общество

 Як сцвярджае лозунг, кадры вырашаюць усё. Асабліва калі работнік валодае такімі каштоўнымі якасцямі, як энергічнасць, мэтанакіраванасць і крэатыўнасць, уласцівыя прадстаўнікам маладога пакалення. Таму невыпадкова сёння ў нашу рэдакцыйную гасцёўню мы запрасілі маладзёжнага лідэра раёна, першага сакратара раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Наталлю ШЧАРБАЧЭВІЧ.
– Якімі якасцямі павінен валодаць у наш час малады чалавек, каб стаць лідэрам маладзёжнага руху?
– Упэўненасцю ў правільнасці таго, што робіць, што гэта патрэбна іншым, уменнем знаходзіць агульную мову з людзьмі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу і ўменнем зацікавіць. Не абысціся і без самакрытычнасці, пачуцця гумару, абаяння.
— У школе ты была пай-дзяўчынкай, узорнай выдатніцай?
— Пай-дзяўчынкай ніколі не была. Заўсёды адрознівалася празмернай эмацыянальнасцю, імпульсіўнасцю, актыўнасцю. У дзяцінстве бацькі і знаёмыя называлі ваўчком. Гуляла пераважна з хлопчыкамі, хадзіла з разбітымі каленямі. Былі выпадкі, калі прыходзіла дадому ў парваным адзенні. Яшчэ і брата ўцягвала ў розныя гісторыі. У школе таксама была актыўнай, заўсёды ў цэнтры ўвагі. Наш класны кіраўнік Наталля Юр’еўна Кандзер – чалавек вельмі таленавіты і творчы – захапляла нас цікавымі ідэямі. Яе сцэнарыі мы заўсёды ўспрымалі на ўра. Памятаю тэатральную пастаноўку да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, з якой гастралявалі і на масласырзаводзе, і ў “Налібоцкай пушчы”.
— Як я зразумела, ты з малых гадоў была актывісткай – “драмгурток, гурток па фота, а яшчэ спяваць ахвота…”?
— Так, гэта ўсё пра мяне. І спявала, і танцавала, і ў спектаклях удзельнічала. Займалася ў музычнай школе, хацелася нават стварыць музычны гурт, як у французскім серыяле “Элен і рабяты”. У час вучобы ў педуніверсітэце разам з сябрамі арганізавалі студэнцкі тэатр. Побач з інтэрнатам знаходзіўся клуб “Медыум”, які сваімі рукамі прывялі ў належны стан і ў якім пазней рабілі прэм’еру.
— Наталля, неаднаразова бачыла, як ты, эфектная, упэўненая ў сабе, ідзеш на працу. Колькі хвілін табе патрэбна, каб сабрацца раніцай?
— Хвілін 40, не больш. Наогул, у мяне вельмі хуткі тэмп жыцця. Апранаюся, раблю макіяж, затым кубачак гарбаты – і на працу. Усё ўпрытык, але паспяваю. Знешні ж выгляд часцей за ўсё залежыць ад настрою, а не ад колькасці патрачаных на яго хвілін.
– Як лічыш, ці лёгка сёння жыць маладым?
– Калі дарослае жыццё толькі пачынаецца, заўсёды цяжка, бо не хапае вопыту. Але жыць сёння цікава, бо перад моладдзю адкрыты ўсе дарогі, ёсць шмат магчымасцей, толькі выкарыстоўвай. Дзяржава прапануе шэраг праграм, накіраваных на падтрымку маладых людзей, аднак сёння мала зацікаўленых, актывістаў. Пагаджуся, што ў дарослых ёсць вялікі жыццёвы вопыт, аднак у маладых – свежыя ідэі, нестандартныя спосабы вырашэння праблем.
– Валожын будучага, як ён, на тваю думку, павінен выглядаць?
– Хацелася б, каб горад памаладзеў, стаў цэнтрам маладзёжнай культуры, каб былі свая маладзёжная газета або часопіс, радыё, а можа нават і тэлеканал. Мару, каб у будучым з’явілася сучасная спартыўная школа, басейн.
— Якое пытанне цябе найбольш раздражняе або можа застаць неспадзеўкі?
— Напрыклад, калі пытаюць “Што ты будзеш рабіць заўтра ці ў выхадныя?”. Я ніколі нічога загадзя не планую і нават не ведаю, што будзе заўтра. Таму вельмі злуюся, калі пра гэта пытаюць. Магу прыгадаць вядомую прытчу, калі чалавек пабудаваў планы, але не прынёс іх да Бога ўзгадніць, таму нічога не збылося. А застаць неспадзеўкі мяне, наогул, вельмі складана. Я, як кажуць, за словам у кішэню не лезу і магу годна выйсці з любой сітуацыі.
— Ці ёсць у цябе куміры?
— Ёсць, і вельмі шмат. Гэта сусветна вядомыя і знакамітыя жанчыны – мадэльеры, актрысы, спявачкі, тэлевядучыя. Заўсёды захаплялася Како Шанэль, мару паглядзець фільм, які нядаўна пра яе знялі. Падабаюцца Сафі Марсо, Анджаліна Джалі, Б’ёнс, Ціна Кандэлакі і інш. Сачу за тым, як яны апранаюцца, як паводзяць сябе ў розных сітуацыях, што гавораць…
— У цябе шмат сяброў? Што больш за ўсё ў іх цэніш?
— Знаёмых шмат. А вось сапраўдныя сяброўкі толькі чатыры. Усе яны вельмі розныя па характару, тэмпераменту, захапленнях. Нават рознага ўзросту. Аднак мы ўдала дапаўняем адна адну, напэўна, таму і сябруем. У іх найперш цаню шчырасць, надзейнасць, весялосць і выдатнае пачуццё гумару.
— Ты верыш у містыку?
— Цікаўлюся, але не веру. Хутчэй успрымаю як забаву. Лічу, што сучаснаму чалавеку не варта засяроджваць на гэтым асаблівую ўвагу. Не чытаю гараскопы, ніколі не звярталася да гадалак. Гэта зноў жа адпавядае майму характару – не хачу ведаць пра будучае, жыву хутчэй сённяшнім днём. Зрэдку чытаю тлумачэнні сноў, аднак не адношуся да іх сур’ёзна і хутка забываю. Мае бацькі – веруючыя людзі. Амаль кожны тыдзень наведваем царкву, святкуем усе рэлігійныя святы. Дякуючы бабулі і дзядулю, якія і зараз жывуць у вёсцы Саланая, збіраемся ўсёй вялікай сям’ёй і ладзім святы па-ранейшаму, прытрымліваючыся народных звычаяў.
— Ці можаш назваць свае станоўчыя і адмоўныя рысы характару?
— Да станоўчых хутчэй аднесла б невычэрпны аптымізм, уменне ўсміхацца ў любой сітуацыі, дарыць людзям радасць. Добра ўмею ўгаворваць, пераконваць, што заўсёды дапамагае і ў жыцці, і ў рабоце.
Да адмоўных – празмерную даверлівасць і запальчывасць, але хутка адыходжу і пераключаюся на нешта іншае. Я чалавек не злапамятны, не магу доўга насіць камень за пазухай. Перашкаджае ў рабоце і хуткая стамляльнасць. Але добры адпачынак у коле сяброў і блізкіх дапамагае ўзнавіць сілы.
— Ты добра разбіраешся ў людзях?
— Так. Аднак ніколі не выбірала сабе сяброў, знаёмых, калег. Яны самі мяне знаходзяць – напэўна, адчуваюць блізкасць у нечым, падабенства. Калі не адразу, то ў працэсе працы або зносін магу “раскусіць” чалавека. Інтуіцыя ніколі не падводзіла.
— Сёння на табе прыгожая чорная сукенка. А які колер у адзенні самы любімы?
— Колер адзення залежыць ад настрою, хоць бываюць выпадкі, калі, наадварот, адзенне ўзнімае настрой. Як і кожная дзяўчына, люблю прыгожа апранацца. Усё рыхтую звечара, падбіраю абутак, сумачку. Многія касцюмы і сукенкі прыдумваю і мадэлірую сама, а знаёмая швачка ўвасабляе іх у жыццё. У магазінах і на базары не купіш эксклюзіўныя рэчы. Не люблю ўпрыгажэнні, а вось гадзіннікам, пальчаткам надаю вялікую ўвагу. Абсалютна згодна з выразам, што сустракаюць па адзенні. Любімыя колеры: чорны – стыльны і элегантны і ружовы – жыццярадасны, жыццесцвярджальны. Элегантнасць надаюць постаці жанчыны і высокія абцасы. Модныя ідэі пераймаю ў часопісах і Інтэрнеце.
— У колькі гадоў пачала карыстацца касметыкай? Памадзе і духам якой фірмы аддаеш перавагу?
— Шмат фарбавацца стала ў гадоў васемнаццаць, калі паехала вучыцца ў Мінск. Адразу адчула самастойнасць, незалежнасць ад бацькоў. У гэтым узросце амаль ва ўсіх юнакоў і дзяўчат абвостранае пачуццё самавыражэння, жаданне спадабацца, быць непадобнымі на іншых. Я таксама вельмі шмат эксперыментавала над сабой. Убачу ў часопісе або на кім-небудзь арыгінальную стрыжку ці незвычайны колер валасоў, адразу ж бягу ў салон, каб зрабіць і сабе такія ж. Сёння юнацкая безразважнасць адышла на другі план. Лічу, што ёсць свой стыль, густ. Падабаецца быць элегантнай, вытанчанай. Аддаю перавагу дэкаратыўнай касметыцы і парфуму фірмы “Мэры Кэй”.
— Маеш захапленні, любімы занятак? Як адпачываеш?
— Хоць вольнага часу і не хапае, заўсёды магу знайсці хвілінку на сустрэчу з сяброўкамі, пасядзець за кубачкам гарбаты або кавы, патанцаваць на дыскатэцы. Два разы ў тыдзень раблю прабежкі, гэта і здароўе ўмацоўвае, і выдатная магчымасць пабыць сам-насам з сабой і з прыродай, прывесці ў парадак думкі. Мама і бабуля навучылі рукадзеллю, аднак на ўсё не хапае часу і цярпення. Калекцыянірую прыгожыя фотаздымкі.
— Ты азартны чалавек?
— І азартны, і экстрэмальны. Доўга не ўзважваю, хутка прымаю рашэнне і – уперад. Нават пачуццё страху не перашкаджае.
— Зараз модна быць прыхільнікам японскай або кітайскай кухні. Якой ядзе ты аддаеш перавагу?
— Вельмі люблю сушы, аднак на першым месцы ўсё роўна стравы беларускай кухні: дранікі са смятанай, ды і наогул бульба ў любым выглядзе, салёныя агуркі, малочныя прадукты. Ніколі не адмоўлюся ад марожанага, шакаладу, пірожных. А вось гатаваць сама, хоць і ўмею, не люблю.
— Якую музыку слухае маладзёжны лідэр, якія тэлеперадачы глядзіць?
— Толькі сучасную: поп, рок, рэп. Заўсёды пад рукой дыскі гурта “Парк Горкага”. З беларускіх высока цаню творчасць Пятра Ялфімава. Падабаецца ўсё: голас, знешнасць, манера выканання. Была на яго канцэрце ў Палацы Рэспублікі. Каб атрымаць аўтограф і новы альбом Ялфімава, удалося трапіць на ток-шоу “Выбар” з яго ўдзелам. Тэлевізар жа гляджу рэдка. Перавагу аддаю маладзёжным праграмам і серыялам. З задавальненнем гляджу перадачы пра жыццё і творчасць кінаакцёраў, “Смак”, “Ядзім дома”.
— Што ў жыцці цябе можа вельмі засмуціць, давесці да слёз?
— Здрадніцтва, хваробы блізкіх.
— Можа прыгадаеш самую неразумную трату грошай?
— Калі ў студэнцкія гады на ўсю стыпендыю купіла салодкія прысмакі.
– Наталля, ты ствараеш уражанне чалавека-свята. А якія святы любіш сама?
— Ражаство Хрыстова, дзень Пятра і Паўла 12 ліпеня, бо мой бацька Павел Аляксандравіч. З павагай стаўлюся да дзяржаўных дат, напрыклад, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня, бо свята маёй краіны – і маё свята. У гэтыя дні я заўсёды на працы.
— Наступіў новы, 2010 год. Што чакаеш ад яго?
— Нічога асаблівага не загадвала, але чакаю новых прыемных сустрэч, знаёмстваў. Спадзяюся, што год будзе насычаны шматлікімі цікавымі мерапрыемствамі і паездкамі. І наогул, кожны новы год павінен быць лепшым, чым папярэдні.
— Дзякуй за размову!

Гутарыла Святлана СУХАДОЛЕЦ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий