Штогод старажытны каталіцкі храм у Валожыне ў сакавіку адзначае Дзень Святога Юзафа – абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Нядаўна ў касцёле адбылося ўрачыстае набажэнства.
Вернікі не толькі мясцовай, але і суседніх парафій палічылі сваім духоўным абавязкам прыняць удзел у Святой імшы. Нагода была больш чым значная. Бо ўпершыню за апошнія дзесяцігоддзі на Валожыншчыну завітаў прадстаўнік Папы Рымскага ў Ватыкане – Апостальскі Нунцый у Беларусі.
Яго шчыра віталі ксёндз-доктар касцёла Святога Юзафа Гэнрык Акалатовіч, настаяцелі каталіцкіх храмаў нашага раёна, прадстаўнікі духавенства Віцебскай, Гродзенскай і іншых дыяцэзій. Юныя парафіяне з Валожына спецыяльна да душпастырскага візіту Апостальскага Нунцыя Арцыбіскупа Габара Пінтэра падрыхтавалі віншавальную імпрэзу.
Прадстаўнік Папы Рымскага на Беларусі правёў у валожынскім каталіцкім храме святочнае набажэнства, прычым літургія гучала на бездакорнай беларускай мове.
Супольнай шчырай малітвай вернікі ўслаўлялі Бога, адвечныя хрысціянскія каштоўнасці.
Завяршылася святочная імша благаславеннем люду вернага і асвячэннем ужо пятага па ліку алтара ў валожынскім храме, на гэты раз у гонар Святой Агаты.
Ірына ПАШКЕВІЧ,
фота аўтара