Вясёлка жыцця па-ранейшаму грае над вёскай

Вясёлка-жыцця-па-ранейшаму-грае-над-вёскай-3

    Кібуці, што ў 7 кіламетрах ад Валожына, – сёння ціхая, негаманкая, нібы перасохлы ад часу слабы ручаёк, вёсачка. А на дне гэтага сімвалічнага ручайка ляжыць шмат плоскіх валуноў, вялікіх і дробных каменьчыкаў – брукаванка на вуліцы добра захавалася да гэтага часу…

У лічаных хатах цяпер тут сустрэнеш карэнных жыхароў. Людзі паўміралі, перасяліліся на могілкі, хто пад Капусціна, а хто пад Дубіну. На шаляванках па-ранейшаму засталіся невялікія таблічкі з парадкавымі нумарамі сядзіб. Больш за сорак дамоў некалі зіхацелі ў гэтай вёсцы ўсімі колерамі вясёлкі жыцця. Па трое-чацвёра чалавек, як правіла, было ў кожнай сям’і. А зараз тут пастаянна жывуць толькі 17 кібуцян. Многіх старых забралі да сябе дзеці.

…Землі ў гэтай вёсцы спрадвеку не надта ўрадлівыя. Цяжкай цаной здабывалі сяляне свой хлеб надзённы. Кажуць, што назва вёскі паходзіць ад яўрэйскага «кібуцы». Кібуцы ў Ізраілі – гэта сельскагаспадарчыя камуны, якія характарызуюцца роўнасцю ўсіх яе членаў у працы, там дзейнічаюць прынцыпы сумеснага карыстання і валодання маёмасцю і ўсімі вытворчымі сродкамі.

Яўрэям у далёкія часы выдзяляліся землі не з лепшых. Невыпадкова, што характэрнай для валожынскіх Кібуцяў была і “пустынная праблема” – вялікі недахоп вады. Жыватворны прыродны дар прыходзілася здабываць са значнай глыбіні. Усёй грамадой некалі капалі ў Кібуцях студню, а моцныя цэментавыя колцы апускалі ўніз пад пільным кантролем мясцовага майстра. Калі заставалася некалькі тыдняў да завяршэння распачатай працы, нечакана майстар зламаў нагу. Узвядзенне калодзежа застопарылася. Але з цягам часу мясцовыя мужчыны ўсё ж вырашылі скончыць пачатае. У калодзеж, які ўжо “заглынуў” каля сарака масіўных колцаў, асцярожна апусцілі яшчэ дзве-тры такія канструкцыі. Але вопыту і спрыту, як у таго майстра, у мужчын, на жаль, не было. Таму да стабільнай і шчодрай плыні артэзіянскай сцюдзёнай вады яны так і не дакапаліся. За суткі студня радавала толькі некалькімі вёдрамі жыватворнай вільгаці. На працягу ночы назапашваўся ў яе ўлонні надзвычай скупы рэзерв. Таму ля многіх хат спецыяльна абсталёўвалі сажалкі, дзе зберагалі расталую ад снягоў ваду, радаваліся і дажджам, якія папаўнялі штучны вадаём. Гэту ваду выкарыстоўвалі для гаспадарчых мэтаў, а для прыгатавання ежы насілі на каромыслах вёдры аж з суседняй вёскі, дастаўлялі і бочкамі.

Тая студня і сёння стаіць у Кібуцях, закрытая металічнай сеткай, нібы зацягнутая густым павуціннем імклівага часу. Пакуты вяскоўцаў скончыліся, як толькі ў названы населены пункт правялі цэнтралізаваны водаправод. Такая выгода, згадзіцеся, аналагічная прыроднаму газу ў сельскай мясцовасці!

Амаль пустая цяпер вёска ажывае толькі ў дачны сезон. Як сведкі далёкага мінулага, растуць паўз вуліцы магутныя вячыстыя дрэвы, многія з адрэзанымі верхавінамі, каб не пашкодзілі лініі электраперадач. Ад некаторых дрэў засталіся толькі ствалы ды разлапістыя пні з аголенымі пакручастымі каранямі. Уся гэта жывая дэкарацыя прыроды ўспрымаецца шчымліва-настальгічна, яна нагадвае зусім не тэатральную драму жыцця, якое трымаецца на сваіх апошніх вітках…

На адным з падмуркаў драўлянага дома я запрымеціла старанна напісаную дату “1943 г.”. Няцяжка здагадацца, што лічбы сімвалізуюць пачатак новабудоўлі. Здзіўляешся аптымізму людзей, якія нават у злавесную вайну, нягледзячы ні на што, будаваліся, стваралі сем’і, нараджалі дзяцей. Дарэчы, мая актыўная субяседніца Антаніна Вашкевіч (пасля замужжа Пятровіч) нарадзілася на свет у 1943 годзе. Прычым сям’я тады прычакала двойню: дачку і сына Міхаіла. Першынец Стасік, на жаль, памёр яшчэ да вайны. Таму, калі ў сям’і з’явілася двойня, хлопчыка, згодна з народнай прыкметай (каб абмінуў дзіця цяжкі рок), спецыяльна назвалі ў гонар бацькі. Пражыў Міхаіл і сапраўды адносна доўгі век. Дарослага лёс яго закінуў у Расію. Там служыў у арміі, там застаўся і пасля звальнення ў запас. Міхаіл памёр, пахаваны ў Архангельскай вобласці.

…Я з вялікім задавальненнем у цёплы сакавіцкі дзень прайшлася па гэтай вёсачцы. Маўклівымі вачамі пазіралі на мяне вокны. Старыя пакінутыя хаты міжволі навявалі зразумелы сум. Будынак, дзе цяпер жыве Н. І. Пуркалік, напрыклад, узводзілі аж у далёкім 1920 годзе. Разам з тым неяк фанабэрыста, фарсіста глядзеліся сядзібы, якія старанна аднавілі клапатлівыя дачнікі. Сучасныя будаўнічыя матэрыялы, яркія фарбы, разнастайныя элементы дэкору ператварылі тыя хаціны з “папялушак” у “прынцэс”.

Старыя будынкі, узведзеныя ў асноўным пасля вайны, набылі іншае найменне – фазэнда. А хаты продкаў, у якіх цяпер жывуць іх састарэлыя ўжо дзеці, называюць бацькоўскімі гнёздамі.

Дадому вярнулася з Мінска на 8-м дзясятку і Антаніна Міхайлаўна Вашкевіч. У мінулым яна скончыла прэстыжны факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэта. А сялянская закваска ў душы засталася да гэтага часу. Таму, відаць, і трымае гэта гараджанка карову, апрацоўвае вясной ладны надзел зямлі, дзе вырошчвае агародніну, бульбу. Усю фізічную нагрузку самой, вядома, не асіліць, таму наймае памочнікаў. “Добра накармі і няскупа заплаці, дык ахвотнікаў дапамагчы знойдзецца, хоць адбаўляй!” – зазначае Антаніна.

Чатыры каровы трымаюць і Марыя Уладзіміраўна Самахвастоўская з мужам Юрыем. Малако з уласнага падворка спажывае і пенсіянерка Надзея Іванаўна Пуркалік. У астатніх вяскоўцаў цяпер пераважна толькі куры ды качкі.

“Крылатае царства” даглядаюць Уладзімір Уладзіміравіч Гомель і яго жонка Антаніна Васільеўна (на здымку). Ім ужо па 75 гадоў. Працавалі на ферме, нялёгка прыходзілася, бо ў сям’і гадаваліся трое сыноў, трымалі вялікую падсобную гаспадарку. Летась у жніўні адзначылі паўвека сумеснага жыцця. Маюць сем унукаў і адну праўнучку.

Большасць жыхароў Кібуцяў даўно на заслужаным адпачынку. Працаздольны ўзрост мае прадавец сельмага ў Брыльках Алена Міхайлаўна Лужынская, загадчыца фермы ў ААТ “Агра-Дубінское” Галіна Марцінаўна Дудко, на масласырзаводзе па-ранейшаму працягвае працаваць Марыя Міхайлаўна Астаповіч.

…Дзякуючы Антаніне Міхайлаўне Вашкевіч, мы робім невялікі экскурс у гісторыю Кібуцяў.

 

Ахвярай фашысцкага тэрору стаў Пракопчык Антон Сцяпанавіч. Ён быў расстраляны фашыстамі ў 1942 годзе, пахаваны на могілках у Дубіне.

 

Загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах:

Пракопчык Уладзімір Мацвеевіч, загінуў 24.11.1944, пахаваны ў в. Кродзіскі, Латвія.

Пракопчык Фёдар Андрэевіч, нарадзіўся ў 1918 годзе. Радавы, прапаў без вестак у красавіку 1945-га.

Пракопчык Міхаіл Аляксандравіч, памёр ад ран 22 студзеня 1945 года, пахаваны ў в. Фрэнчы, Латвія.

Рамановіч Уладзімір Фёдаравіч, прапаў без вестак 24 лістапада 1944 года.

Пракопчык Аляксей Андрэевіч, нарадзіўся ў 1912 годзе. Радавы, прапаў без вестак у красавіку 1945-га.

 

Антаніна Міхайлаўна паведамляе, што старэйшыя аднавяскоўцы ў асноўным працавалі ў сельскай гаспадарцы. А іх дзеці, скончыўшы школу, перабраліся ў Валожын і Мінск. Некаторыя з моладзі аселі ў далёкіх краях. Паехалі працаваць на цаліну па камсамольскіх пуцёўках. Некаторых лёс закінуў у Карэлію, дзе займаліся лесараспрацоўкамі. Некаторыя юнакі, служачы ў арміі на прасторах былога Савецкага Саюза, знайшлі сабе другія палавінкі за тысячы кіламетраў ад роднага дому, стварылі там уласныя сем’і.

Вышэйшую адукацыю атрымалі нямногія. У іх ліку і наша субяседніца А. Вашкевіч. Скончыў універсітэт і Часлаў Таўгень, які жыве ў сталіцы і займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Вёска Кібуці мела і сваіх старажылаў. Ды і цяпер рэкорд па доўгажыхарству ўстанавіла  Нюша Салагуб, на яе вяку ўжо 97 гадоў. Цяпер старая кабета кватаруе ва ўнучкі Аксаны ў Валожыне.

З мясцовых умельцаў, рамеснікаў мая суразмоўца прыпомніла здольную ткачыху Сцепаніду Іванаўну Сакалоўскую. Яе рукатворны промысел – прыгожыя посцілкі, ручнікі і іншыя даматканыя вырабы.

Вобразна кажучы, паміж молатам і кавадлам у сваім жыцці апынуўся і Ігнась Паўлавіч Таўгень. Ён быў на вайне. А потым лёс закінуў яго аж у далёкую Амерыку. На чужыне прабыў гадоў з дзесяць. А потым нечакана для вяскоўцаў прыехаў у родныя Кібуці. Не сказаць, каб гэты “амерыканец” стаў прадметам зайздрасці сярод бедных вясковых жыхароў, бо вярнуўся ён з-за акіяна без грошай, без дарагіх пажыткаў, а прывёз з сабой толькі некалькі чамаданаў рыштунку, так патрэбнага ў кавальскай справе. Шмат гадоў потым працаваў здольны на ўсе рукі дзядзька Ігнась кавалём у мясцовым калгасе. Майстрам быў адмысловым!

Вёска Кібуці была ўмоўна падзелена на дзве часткі: Гараўцы і Лагаўцы. Але і ў заможнасці таксама мелася выразная мяжа: лагаўцы ўсё ж жылі крыху багацей.

…Наперакор неўтаймоўнай старасці, імкліваму часу і сёння цягнуцца ўгару старыя дрэвы. Вясной наліваюцца пупышкі, гатовыя вось-вось выпырснуць першымі зялёнымі лісточкамі. Рубцамі-маршчынамі пабіта тоўстая кара на ствалах магутных прысад. Сокі роднай зямлі па-ранейшаму сілкуюць гэтыя дрэвы. Яны – маўклівая памяць мінулага, яны – адзіныя вартавыя хуткаплыннай гісторыі, якая аказалася такой недаравальна кароткай. Няма таго, што раньш было…

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

Вясёлка-жыцця-па-ранейшаму-грае-над-вёскай-1

Вясёлка-жыцця-па-ранейшаму-грае-над-вёскай-2

Вясёлка-жыцця-па-ранейшаму-грае-над-вёскай-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars