Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

    У школах рэспублікі пачаліся вясеннія канікулы. У 12 установах адукацыі нашага раёна з 27 сакавіка па 1 красавіка ўключна працуюць лагеры з дзённым знаходжаннем, якія наведваюць 220 вучняў.

Больш за ўсё дзяцей прыходзіць у лагеры, якія арганізаваны на базе Івянецкай СШ, СШ № 1 райцэнтра, Ракаўскай СШ і гімназіі № 1 г. Валожына. Усе змены – тэматычныя. Прыярытэты ў запланаваных мерапрыемствах аддадзены здароваму ладу жыцця і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. На бягучую аздараўленчую кампанію выдаткаваны 5 тысяч 16 рублёў, у дзень на адно дзіця – 3 рублі 80 капеек.

    У дні канікулаў з раніцы да вечара адкрыты дзверы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў Валожыне. Сюды запрашаюць не толькі школьнікаў, якія займаюцца ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах, але і ўсіх, каму не хочацца сумаваць у адзіночку дома, а таксама дзяцей, якія прыехалі на адпачынак да дзядуляў і бабуль.

Праграма кожнага канікулярнага дня вельмі разнастайная. Майстар-класы правядуць усе педагогі дадатковай адукацыі. Можна будзе навучыцца вырабляць розныя вырабы з паперы, з фоамірану, ляпіць казачных персанажаў і рабіць падзелкі з саломкі, зрабіць Велікодную паштоўку сваімі рукамі. Пройдуць гульня-квэст “Падарожжа ў Вялікабрытанію” і конкурсна-гульнявая праграма “Угадай мелодыю”, інтэлектуальная гульня па здаровым ладзе жыцця, гульні на свежым паветры і спаборніцтвы па піянерболе “Вясёлы мяч”. Жадаючыя змогуць прыняць удзел у спаборніцтвах па фігурным ваджэнні веласіпеда. Удзельнікі лялечнага міні-тэатра “Светлячок” падрыхтавалі прадстаўленне “Ах, гэтыя казкі…” Увогуле, кожны зможа знайсці сабе ў дні канікулаў занятак па душы і навучыцца штосьці рабіць сваімі рукамі.

 

    На бягучы тыдзень перагледзелі графік работы работнікі кінатэатра “Юнацтва”, які будзе працаваць нават у выхадныя дні – панядзелак і аўторак. Дзіцячыя кінасеансы запланаваны на 11, 14 і 16 гадзін.

Канікулярная афіша прапануе фільмы ў фармаце 3D: “Смурфікі: закінутая вёска”, “Прыгажуня і страшыдла” і іншыя навінкі. Па просьбах юных гледачоў паўторна будзе дэманстравацца мультфільм “Маана”.

 

    Новыя формы работы з наведвальнікамі шукае Івянецкі музей традыцыйнай культуры. Зараз яны працуюць над стварэннем традыцыйнага на Беларусі тэатра “Батлейка” і рыхтуюць першы спектакль.

У яго аснову пакладзена легенда пра Івянец. Для тэатральнай пастаноўкі гатовы лялькі, вырабленыя таленавітым мясцовым разьбяром па дрэве Мікалаем Задрэйкам. Адзенне для лялечных персанажаў пашылі супрацоўніцы музея Яніна Капуста і Таццяна Задрэйка. Ажыўляе вобразы Алег Раманоўскі. Прэм’еру рыхтуюць да Міжнароднага дня музеяў. А пасля супрацоўнікі музея мяркуюць выязджаць са спектаклямі ў школы раёна.

 

    На працягу трох дзён у сталічным Палацы спорту праходзіла VI выстава-продаж “Маё вяселле”, у якой другі год запар прымала ўдзел “Дэкор-студыя Святланы Бубневіч” з Валожына.

Сёлета на выставу з’ехаліся 74 удзельнікі з розных рэгіёнаў рэспублікі, якія маюць дачыненне да арганізацыі, правядзення, аздаблення вяселляў: прадстаўлялі свае вырабы дэкаратары, фатографы і вядучыя, вясельныя салоны, пекары, ювеліры і гэтак далей. Наша зямлячка падчас выставы заключыла два дагаворы на афармленне вясельных залаў, раздала каля 300 маляўнічых буклетаў і візітак. Першым жыхарам Валожына, якія пажадалі наведаць выставу, Святлана ўручыла 10 бясплатных уваходных білетаў. Гэта былі тры дні іскрамётнага вяселля: шоу стылістаў і прычосак, розныя розыгрышы і конкурсы, выступленні эстрадных груп і музыкантаў, парадыстаў і гумарыстаў, прэзентацыя творчых майстэрняў.

 

    Гульнёва-абрадавую праграму “Гуканне вясны” падрыхтавалі работнікі Ракаўскага цэнтра народнай творчасці.

Абкаталі яе перад дзецьмі з драматычнага гуртка “Магрэціны жаронцы”, які наведваюць вучні 5 “В” класа мясцовай школы. Дзеці разам з кіраўніком рабілі з паперы птушак, а затым дзеянне перамясцілася на прыроду, дзе ўсе разам загукалі вясну. У другі раз у абрадавай праграме прымалі ўдзел дзеці, што наведваюць гурток “Чыжыкі” (мастацкія кіраўнікі Таццяна Суравец і Максім Яшчанка), разам з бацькамі. Да іх далучыліся ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Рошчына”, якія частавалі ўсіх печывам у выглядзе птушак. У мінулую суботу з абрадавай праграмай пазнаёмілі вучняў Яршэвіцкай сярэдняй школы, іх удзельнікі аб’яднання “Рошчына” таксама частавалі выпечкай. Загукаюць вясну і разам з выхаванцамі дзіцячага садка “Буслік”, што ў вёсцы Паморшчына. Трэба адзначыць: ракаўскія культработнікі – частыя госці ў гэтай дашкольнай установе, з маленства далучаюць выхаванцаў да родных вытокаў.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars