Па жыцці з музыкай

Па жыцці з музыкай

    На першы погляд выкладчык па класе акардэона Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Раманаўна ІОДА падасца субяседніку чалавекам сціплым, сарамлівым.

    Аднак варта пагутарыць з ёй падрабязней – і раскрываецца шырокая, шчырая душа спецыяліста, яе шырокія пазнанні не толькі ў гісторыі і сучасных напрамках музыкі, але і ў многіх іншых сферах жыцця.

“Вучыцца і вучыць” – вось прынцып, які дапамагае граматна выбудоўваць стратэгію супрацоўніцтва паміж маладым майстрам і яе юнымі паслядоўнікамі.

Цяга да музыкі прачнулася ў Вольгі рана. Дзяўчынку захаплялі і вывераныя ноты класікі, і віртуозныя матывы мадэрну. Цікавасць толькі “падагрэла” паступленне ў музычную школу па класе акардэона, пасля заканчэння якога дзяўчына канчаткова вырашыла звязаць лёс з цяперашняй творчай прафесіяй. Неабходнымі навыкамі з В. Р. Іода шчодра дзяліліся выкладчыкі Маладзечанскага музычнага каледжа. У Вольгі шмат прыемных успамінаў, звязаных з гэтай установай адукацыі. Тут яна асвоіла ігру на балалайцы і ўвайшла ў склад аркестра рускіх народных інструментаў, з якім штогод гастраліравала ў Германіі. А пасля дзяўчына стала студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Будаваць кар’еру Вольга пачала з трэцяга курса, супрацоўнічаючы з Ракаўскай ДШМ. Студэнтку ў калектыве сустрэлі “з агеньчыкам”, акружылі цяплом… Пасля выпуску з ВНУ па размеркаванні прыйшла сюды на працу на пастаяннай аснове. Сярод навучэнцаў, якія спасцігаюць пад яе кіраўніцтвам асновы музыкі, – і юны ракаўчанін Максім Кухта (на здымку): у час фатаграфавання ён рыхтаваўся перад здачай тэхнічнага заліку.

Апошнім часам яна захапілася… бальнымі і народнымі танцамі. У адным са сталічных танцавальных клубаў разам з сябрамі выхаднымі такім чынам бавіць час з карысцю для душы і цела.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars